Усе навіны

Мяховіч з «МУС» пра справу «Шахцёра»: «Непасрэдна працэсам кіравалі не грамадзяне Беларусі без пасад у клубе»

19 траўня 2023, 09:40

Намеснік начальніка аддзела ГУБАЗіК рэжыму Лукашэнкі Міхаіл Мяховіч распавёў, хто стаіць за подкупам каманд у справе «Шахцёра».

«Галоўная дзеючая асоба ў гэтай гісторыі – футбольны клуб «Шахцёр». Тут першапачаткова здзяйснялі стымуляванне іншых каманд для таго, каб тыя адбіралі ачкі ў прамых канкурэнтаў у дужанні за медалі. А перад апошнім турам мінулага чэмпіянату максімальна перастрахаваліся і здзейснілі подкуп удзельнікаў спаборніцтваў. У прыватнасці – гульца «Белшыны» Дзмітрыя Гомзы. Калі казаць аб стымуляванні, то фігуравалі сумы ў 10 тысяч долараў альбо 10 тысяч еўра. У подкупе – у два разы вышэй. Пасля таго як клубы дамаўляліся на стымуляванне і ўмовы былі выкананыя, на наступны ці праз некалькі дзён гроша падвозіліся на нейтральную тэрыторыю альбо ў раён офіса клуба.

Кіраўніцтва «Шахцёра» ўсё ведала і ўсё разумела, але непасрэдна працэсам кіравалі людзі, якія афіцыйных пасад у клубе не мелі і не з'яўляюцца грамадзянамі нашай краіны», – распавёў Мяховіч.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.