Усе навіны

Молаш пра паразу брэсцкаму «Дынама»: «Цалкам бяру на сябе віну за гэтую паразу»

7 жніўня, 08:19

Галоўны трэнер жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» Дзмітрый Молаш пракаментаваў дамашнюю паразу ад брэсцкага «Дынама» (1:2) у 17-м туры чэмпіянату Беларусі.

– Вынік будзе кароткі: цалкам бяру на сябе віну за гэтую паразу. Бо за некаторыя моманты ў гульні, фазы, мне як трэнеру сорамна. Таму тут больш казаць асабліва няма чаго.

– Вы да перапынку зрабілі ўжо тры замены. У гэтым быў выхаваўчы момант?

– А чаго выхаваўчы, калі такі лік? І запала, якім мы славіліся ў першым крузе, яго няма. Мы можам расказваць розныя гісторыі, чаму так. Але гэта не адказ для прафесійных футбалістаў і трэнераў. Можна было б зрабіць больш замен – напрыклад, пяць – зрабіў бы. Задача трэнера – калі нешта ідзе не так, уплываць. А не чакаць чагосьці. Як маглі, спрабавалі выратаваць гульню.

– Прамудраў сёння не выйшаў на замену. Яго паездка выматала больш за іншых?

– Ды я б не сказаў. Мы цудоўна разумеем, што ў нас ёсць больш узроставыя футбалісты. І гэтая паездка, як вы сказалі… У нас ёсць абойма футбалістаў, якім калі не даваць зараз гуляць – то навошта яны ўвогуле патрэбныя тады? Усе жадаюць гуляць, але шанец быў дадзены іншым гульцам. Нехта быў менш нагружаны, нехта больш. Што атрымалі, тое атрымалі.

– Ці была ў вас магчымасць перанесці сённяшнюю гульню?

– Так, але мы яе не разглядалі. Мы вырашылі гуляць. Мне падавалася, што гэта было правільна.

– Можна сказаць, што гэта вам каштавала сёння выніку?

– Не, я ж кажу: гэта вельмі проста – знайсці тлумачэнне. Не факт, што мы б выйгралі жалезна ў іншы дзень. Я ж гавару, што мне сорамна за некаторыя моманты ў гульні гэтай каманды. Меры будуць прынятыя, таму што ў якім бы стане б мы ні былі, нельга самім сябе «катаць».

– Шаўчэнка сёння выйшаў з капітанскай павязкай. Гэта вашае рашэнне?

– Так, маё. Бо капітана і віцэ-капітанаў не было ў складзе.

– Ці можна казаць, што сённяшняя параза пазбавіла вас шанцаў на чэмпіёнства?

– Паслухайце, калі ёсць хаця б тэарэтычны шанец, мы будзем за яго біцца. Трэба над гэтым працаваць, верыць, даставаць нешта з сябе, пазбаўляць сябе нечага. Таму ні ў якім разе… Мы нацэлены на самыя высокія месцы. А ў нас чэмпіянат дастаткова роўны. Кожная каманда здольная даставіць праблемы, – сказаў Молаш.