Усе навіны

Уладзіслаў Марозаў: «Галоўнае, каб мiнскае «Дынама» завяршыла ЧБ на вяршыні. А потым ужо паглядзім і ў асабістую статыстыку»

25 верасня, 18:17
1

Нападаючы мінскага «Дынама» Уладзіслаў Марозаў падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Шахцёрам».

У сёлетнім сезоне футбаліст забіў 13 мячоў і лідзіруе ў гонцы бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі.

– Да любога суперніка ставімся вельмі сур'ёзна. Таксама настройваліся і на «Шахцёр», які, нягледзячы на вядомыя абставіны, застаецца моцнай камандай. Матч сапраўды не атрымаўся для нас лёгкім. Да сярэдзіны першага тайма гульня праходзіла пераважна ў цэнтры поля. Затым мы адкрылі лiк і забралі ініцыятыву ў свае рукі.

Пасля таго як падвоілі перавагу перад самым перапынкам, у распранальні дамовіліся не змяншаць абароты, па-ранейшаму аказваць ціск – нельга было дапускаць ніякіх нервовых канцовак. У выніку павялічылі розніцу да буйной.

Мой гол? У тым эпізодзе імкнуўся прымаць мяч так, каб і брамнік не паспеў высунуцца і скараціць кут, і абаронца не перакрываў бы траекторыю. Цэліў у далёкі ніз – на шчасце, усё атрымалася ўдала.

Да таго на працягу чатырох паядынкаў не мог вызначыцца. Чаго хітраваць, наўрад ці хто з нападаючых спакойна рэагуе на падобную сітуацыю. Але я працягваў працаваць – і, думаю, заканамерна забіў.

Маё лідарства ў гонцы бамбардзіраў? Мусіць, кожнаму чалавеку жадаецца быць наперадзе іншых у сваім родзе дзейнасці. Зрэшты, у безумоўным прыярытэце – камандны вынік. Галоўнае, каб каманда завяршыла чэмпіянат на таблічнай вяршыні. Ну а там ужо паглядзім і ў асабістую статыстыку, – сказаў Марозаў.