Усе навіны

Уладальніка «Кайрата» Баранбаева датэрмінова выпусцілі з калоніі

23 кастрычніка, 17:35

У Казахстане выпусцілі з калоніі бізнесмена Кайрата Баранбаева – уладальніка футбольнага клуба «Кайрат» і экс-уладальніка McDonald's у Беларусі. Да гэтага ён добраахвотна перадаў дзяржаве шэраг актываў, пасля чаго суд задаволіў яго хадайніцтва і замяніў частку пакарання на абмежаванне волі пад кантролем.

Пры замене пакарання суд улічыў наступныя акалічнасці: асуджаны адбыў устаноўленую законам трэцюю частку тэрміну пакарання (два гады чатыры месяцы пяць дзён); цалкам кампенсаваў прычыненую дзяржаве шкоду, актыўна супрацоўнічаў са следствам і раскаяўся ў зробленым; у перыяд знаходжання пад вартай характарызаваўся станоўча.

З сакавіка 2022-га Баранбаеў знаходзіўся пад арыштам у Казахстане па падазрэнні ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў у асабліва буйным памеры і легалізацыі злачынных даходаў. У сакавіку гэтага года яго прысудзілі да васьмі гадоў зняволення.