Усе навіны

Капітан «Тарпеда-БелАЗ» Прамудраў пра ЧБ-2023: «Мяч у вароты не ішоў. Можа, нас хто сурочыў?»

13 снежня, 11:29

Капітан «Тарпеда-БелАЗ» Кірыл Прэмудраў распавёў пра эмоцыі, перажытыя падчас «бронзавага» матчу 30-га тура вышэйшай лігі супраць мінскага «Дынама».

– Сустрэча адразу склалася для вас няўдала – ужо на 3-й хвіліне за знос Бахара быў прызначаны злашчасны пенальці. Як думаеш, калі б не ён – вынік матчу мог быць іншым?

– Цяжка прадказаць. Вядома, калі настройваешся на перамогу і раптам атрымліваеш хуткі гол – гэта шакуе. Хоць мы даволі хутка ачуліся. Калі адштурхоўвацца ад далейшых падзей, то сустрэча аб'ектыўна выглядала нічыйнай. «Дынама» забіла мяч і стала дзейнічаць ад абароны. Зразумела, што нам хацелася адыграцца, таму мы больш ціснулі. Шкада толькі, што распячатаць вароты Лапавухава не змаглі.

– У выніку ваша параза шчаслівым чынам пераўтварылася ў вікторыю...

– Так, пасля матчу перажыў дваякія адчуванні. Сумна, што не здолелі адыграцца. А зірнуў на лаўку – з яе на поле ўсе імчацца задаволеныя. Тады і зразумеў, што мы ўсё ж такі заваявалі бронзу. Вядома, адразу накрыла эйфарыя, нарынулі радасныя эмоцыі, віншаванні нашых адданых заўзятараў, якія прыехалі на «Дынама-Юні» падтрымаць каманду. Дзякуй ім вялікі, увесь сезон яны былі нашымі вернымі сябрамі і памочнікамі.

– Распячатаць чужыя вароты вам не атрымалася не толькі ў заключным туры. У цэлым у чэмпіянаце рэзультатыўнасць не ўразіла: з 33 галамі вы падзялілі восьмае месца з брэстчанамі. Чаму так?

– Калі б я ведаў... Цяжка знайсці прычыну. Нібы стваралі нямала момантаў па ходзе матчаў, а мяч у вароты не ішоў. Можа, нас хто сурочыў? Што ж, для трэнерскага штаба ёсць ежа для разважанняў – як дамагчыся, каб каманда забівала часцей, – распавёў Прэмудраў.