Усе навіны

План развіцця «Слуцка» не ўхвалены з падачы рэжымнага губернатара па Мінскай вобласці. Ён хоча, каб клуб больш зарабляў сам

17 красавіка, 18:12

Як стала вядома «Трыбуне» «Слуцку» да гэтага часу не зацвердзілі план развіцця на 2024 год. Без яго нельга разлічваць на цукровы завод, падтрымка якога была асновай у фармаванні бюджэту.

У мінулым годзе міністр спорту Лукашэнкі Сяргей Кавальчук таксама не падпісваў дакумент праз тое, што ў клубе былі гульцы з «чорнага спісу».

У гэтым годзе фінансаванне «Слуцка» затрымліваецца не праз Кавальчука, а з падачы рэжымнага губернатара па Мінскай вобласці Аляксандра Турчына. Па нашай інфармацыі чыноўнік стаў ініцыятарам таго, каб «Слуцку» не падпісвалі план развіцця. Турчын даў зразумець «Слуцку», што настаў час «злазіць» з бюджэтнай іголкі, вучыцца зарабляць, а адзіным стымулам для гэтага, на яго думку, зʼяўляецца адсутнасць плана развіцця. З боку Турчына стаіць умова: мінімум 50 працэнтаў бюджэту клуб мусіць сфармаваць сваімі высілкамі – тады можна будзе разлічваць і на рэжымную падтрымку.