Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Слуцк» сядзіць без грошай і плана развіцця, але вінаваты не Кавальчук, а іншы рэжымны чынуша – вось чаго ён дамагаецца

«Слуцк» сядзіць без грошай і плана развіцця, але вінаваты не Кавальчук, а іншы рэжымны чынуша – вось чаго ён дамагаецца

Бізнес-навучанне.

Аўтар — bytribuna com
17 красавіка, 17:30
«Слуцк» сядзіць без грошай і плана развіцця, але вінаваты не Кавальчук, а іншы рэжымны чынуша – вось чаго ён дамагаецца

На днях стала вядома, што гульцы «Слуцку» вось ужо тры месяцы не атрымліваюць заробак. Зрэшты, асаблівага здзіўлення гэтая навіна не выклікала – пра тое, што каманда перажывае сурʼёзныя фінансавыя цяжкасці, а футбалісты і трэнеры працуюць без грошай, паведамлялася і ў канцы мінулага года.

Але кіраўніцтва клуба рабіла намаганні, каб у новы сезон увайсці без даўгоў – не атрымалася. Больш за тое, сітуацыя стала яшчэ горшай. Даведаліся падрабязнасці таго, што адбываецца ў «Слуцку».

Як стартавалі ў сезоне-2024

Па выніках чатырох тураў «Слуцк» – адна з найгоршых каманд чэмпіянату. У калектыва Аляксандра Гурыновіча няма ніводнай перамогі – і ўсяго адна нічыя (у першым туры з «Гомелем» 1:1). Ну а далей – толькі паразы: ад «Тарпеда-БелАЗ» і «Дняпра» па 0:1, ад «Віцебску» – 0:2. Як вынік 14-е месца ў табліцы. Мог «Слуцк» быць і ніжэй, аднак «Мінск» мае горшую розніцу мячоў (2:7), а «Шахцёр», які замыкае табліцу, на сёння мае мінус 16 пунктаў за мінулыя махінацыі.

У 5-м туры «Слуцк» прыме «Іслач» з 13-га месца ў табліцы. Падрыхтоўка да гульні праходзіць у не самай спрыяльнай атмасферы – футбалісты працуюць, не атрымліваючы грошай, і пакуль зусім незразумела, як фінансавыя праблемы можна вырашыць.

Няма плана развіцця, затое ёсць праблемы з губернатарам

«Трыбуна» распавядала пра жыццё «Слуцка», калі той рыхтаваўся да сезона-2024: пра пазыкі перад футбалістамі, пра план развіцця, які псеўдаміністэрства спорту не падпісала на 2023 год, што не дазволіла разлічваць на дапамогу галоўнага фундатара – мясцовага цукровага завода. Каб хоць неяк выжыць, «Слуцк» выпрасіў пазыку ў АБФФ, і ўсё роўна на новы сезон прыйшлося зрэзаць заробкі і знізіць прэміяльныя ў два разы.

З таго часу сітуацыя не палепшылася. Гульцы сапраўды ўжо тры месяцы не атрымліваюць заробак. Па нашых звестках, сёлета ні футбалісты, ні трэнеры не атрымалі ад клуба ні капейкі. Больш за тое, ёсць у камандзе гульцы, якія ўсё яшчэ чакаюць кампенсацыі даўгоў за сезон-2023 (гаворка пра частку заробку за снежань, адпускныя і прэміяльныя за некалькі месяцаў). Кіраўнікі не могуць адказаць, калі клуб разлічыцца па абавязанням.

Даўгі вісяць не толькі перад гульцамі. «Слуцк» вінаваты розным структурам за харчаванне каманды, а гарадскім уладам – за арэнду стадыёна. Ёсць даўгі і па ўтрыманні ДзЮСШ. І часткова гэта хвасты яшчэ з мінулага сезона.

Сітуацыя зʼяўляецца цяжкай і таму, што, паводле нашых звестак, «Слуцку» да гэтага часу не зацвердзілі план развіцця на 2024 год. Без яго нельга разлічваць на цукровы завод, падтрымка якога была асновай у фармаванні бюджэту. У гэтым годзе ў «Слуцка» ён планаваўся на мінімальным узроўні.

Тут цікавая прычына, чаму план развіцця «Слуцка» не зацвярджаецца лукашэнкаўскімі чынушамі. У мінулым годзе так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук не падпісваў дакумент праз тое, што ў клубе былі гульцы з «чорнага спісу». У аналагічным становішчы знаходзіліся і некаторыя іншыя ўдзельнікі Д1. Аднак што замінае падпісаць план развіцця цяпер, калі частка «чарнаспісачных» сышла, а 34-гадовы галкіпер Ілля Бранавец у студзені атрымаў «амністыю» ад таго ж рэжымнага Мінспорта і сёння мае права працаваць у белфутболе?

Як аказалася, гэтым разам фінансаванне «Слуцка» падвісла не праз Кавальчука, а з падачы рэжымнага губернатара па Мінскай вобласці Аляксандра Турчына. Па нашай інфармацыі, менавіта гэты чынуша стаў ініцыятарам таго, каб «Слуцку» не падпісвалі план развіцця. Чаму? Нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, дакладнага адказу не даюць, аднак намякаюць на тое, што рэжымны губернатар у пэўны момант выказаў незадаволенасць тым, што «Слуцк» многія гады жыве ў асноўным за кошт дзяржаўных сродкаў – большая доля бюджэту фармавалася з паступленняў з цукровага завода, а таксама ад уладаў раёна. А сам зарабляць клуб нібыта не імкнецца. Турчын даў зразумець «Слуцку», што настаў час «злазіць» з бюджэтнай іголкі, вучыцца зарабляць, а адзіным стымулам для гэтага, на думку чынушы, зʼяўляецца адсутнасць плана развіцця. З боку Турчына стаіць умова: мінімум 50 працэнтаў бюджэту клуб мусіць сфармаваць сваімі высілкамі – тады можна будзе разлічваць і на рэжымную падтрымку. Гэтае патрабаванне цяпер агульнае для ўсіх клубаў вобласці – нядаўна яго абвясцілі публічна.

Дырэктар «Слуцка» Віталь Бунас, паводле нашых звестак, большую частку працоўнага часу праводзіць у Мінску, сустракаючыся з чыноўнікамі і патэнцыйнымі спонсарамі ў надзеі адшукаць крыніцы фінансавання, каб закрыць даўгі. Пазыку федэрацыі таксама трэба аддаваць.

Наколькі нам вядома, у гэтым сезоне каманда ўжо сустракалася з кіраўніцтвам «Слуцка», але нейкай абнадзейлівай інфармацыі не атрымала. Прагучалі толькі тлумачэнні, што цяжкая сітуацыя склалася праз адсутнасць плана развіцця. Калі ён будзе падпісаны, калі зʼявяцца грошы – сказаць пра гэта ніхто не можа. Футбалістаў чарговы раз папрасілі пацярпець. Тады ж былі агучаныя і задачы на сезон: ісці ад матча да матча, не думаць пра табліцу і верыць у лепшае.

Пакуль жа футбалісты пазычаюць адзін у аднаго і выкарыстоўваюць свае назапашванні. Легіянеры і прыезджыя не маюць праблем з жыллём, бо заселеныя ў адзін з інтэрнатаў Слуцка, арэнду якога гасіць клуб.

У пачатку года мы пісалі, што ў сезоне максімальныя заробкі ў клубе будуць на ўзроўні трох тысяч рублёў. Аднак «Слуцк», нават маючы фінансавыя праблемы, некаторым гульцам прапісаў і крыху большыя сумы. Напрыклад, каля 3,5 тысяч рублёў мусяць атрымліваць беларус Сяргей Пушнякоў (пакуль аўтар адзінага гола случчакоў) і расіянін Мікіта Мельнікаў. Крыху вышэй за тры тысячы заробак і ў казахстанца Аралхана Аміртаева. Большая частка гульцоў павінна атрымліваць ад 1200 да 2 тысяч рублёў. Што тычыцца прэміяльных, то яны, як мы і пісалі, знізіліся ўтрая – да 500 рублёў за перамогу. Але выплачваць іх няма ні сродкаў, ні нагодаў.

Былы дырэктар «Слуцку», адседзеўшы за хабар, зноў побач з клубам

Таксама нам стала вядома, што былы дырэктар «Слуцку» Алег Каранеўскі ў нейкай ступені зноў побач з клубам. Функцыянер зʼяўляецца адным з заснавальнікаў футбольнага праекта, амаль 20 гадоў кіраваў «Слуцкам» і прайшоў з ім шлях ад чэмпіянату вобласці да вышэйшай лігі. Аднак у верасні 2017-га быў затрыманы ў Мінску пры атрыманні хабару ў памеры паўтары тысячы долараў. Гэтыя грошы даваў дырэктар адной з фірмаў за тое, каб Каранеўскі паспрыяў перамозе ў тэндэры клуба. У лютым 2018-га функцыянер атрымаў чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забарону займаць кіроўныя пасады на пяць гадоў.

Адсядзеў Каранеўскі тры гады з чатырох і выйшаў у лютым 2021-га па амністыі. А ўжо 11 сакавіка таго ж года апынуўся ў «Слуцку». Функцыянера заўважылі на сустрэчы клубных босаў і прадстаўнікоў лукашэнкаўскай міліцыі з заўзятарамі, якая праходзіла ў будынку слуцкага стадыёна. Пасля Каранеўскі не раз быў заўважаны на хатніх матчах случчакоў і нават віншаваў гульцоў.

Тады ж «Трыбуна» пісала, што Каранеўскі, паводле звестак крыніц, працуе ў клубе – сочыць за полем на стадыёне. Хаця факт афіцыйнага працаўладкавання бацькі ў «Слуцку» адмаўляў яго сын Уладзіслаў.

Нашыя крыніцы, набліжаныя да «Слуцка», расказваюць, што экс-дырэктар клуба па-ранейшаму сочыць за станам газона на «Гарадскім», яго часта бачаць на трактары, на якім ён «рассякае па полі».

Іншыя пасты блога

Усе пасты