Усе навіны

Цяжкаатлет Хадасевіч пра допуск да адбору на АГ з умовай не падтрымліваць вайну ва Украіне: «Правілы IWF усім нам не даспадобы»

27 траўня, 11:52

Беларускі цяжкаатлет Павел Хадасевіч падзяліўся меркаваннем пра допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе.

– У апошнія гады колькасць міжнародных стартаў для беларускіх спартсменаў скарацілася. Як гэта паўплывала на вас?

– Натуральна, усе мы былі не рады такім навінам. Тым не менш усё працягнулі трэніравацца і ўдасканальвацца, ведаючы, што наша федэрацыя цяжкай атлетыкі сумесна з [так званым] міністэрствам спорту і турызму шукаюць для нас альтэрнатыўныя магчымасці праяўляць сябе на спаборніцкім памосце.

– Ці хапае зараз стартаў для падтрымання формы і прафесійнага росту?

– Для параўнання: летась наяўнасць стартаў для нас была загадкай, а сёлета каляндар спаборніцтваў быў складзены загадзя і кожны з нас ужо ведае, да якіх спаборніцтваў ён рыхтуецца.

– Дарэчы, у адборы на АГ-2024 беларускія цяжкаатлеты прымуць удзел, праўда, у нейтральным статусе.

– Так, мы былі рады, што нас дапусцілі. Таму падрыхтоўка зараз ідзе поўным ходам.

Першым стартам для нас мусіць стаць кваліфікацыйны турнір, які пройдзе на Кубе.

Вядома, усім нам не даспадобы правілы, якія прапанавала міжнародная федэрацыя, але гэта не павінна перашкодзіць камандзе паказваць высокі вынік, – сказаў Хадасевіч.

Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі (IWF) раней аб'явіла, што для допуску на турніры спартсмены з Расіі і Беларусі павінны падпісаць дэкларацыю з абавязацельствам «не выказвацца ў падтрымку вайны». Спаборнічаць дапушчаныя спартсмены будуць у нейтральным статусе ў форме шэрага колеру.

Пры гэтым ад прадстаўнікоў Расіі падпісаных дэкларацый ва ўстаноўлены тэрмін не паступіла, таму расійскія грамадзяне не прымуць удзел у турніры ў Гаване.