Усе навіны

Трэнер жаночай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Сізянок: «Пастаўлена задача: заваяваць мінімум адзін медаль на АГ-2024»

17 красавіка, 13:07

Старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Валерый Сізянок падвёў вынікі алімпійскай кваліфікацыі і расказаў пра задачы на АГ-2024.

– Задачу спартсмены выканалі: Сюзана Валадзько і Жэня Ціханцоў са сваімі вынікамі трапілі ў дзесятку найлепшых у свеце.

– Сюзана казала, што ў першую чаргу змагалася не з канкурэнтамі, а з сабой. Над псіхалогіяй яшчэ трэба папрацаваць?

– Канешне. Пакуль мала досведу міжнародных спаборніцтваў. Мы шмат часу прапусцілі: нашы юніёры не маглі ўдзельнічаць, толькі была магчымасць на чэмпіянаце Расіі. Хаця кажуць, што памост аднолькавы, але атмасфера заўсёды розная.

– Тры ліцэнзіі на Алімпіяду – гэта шмат ці мала?

– У прынцыпе, гэта добра: і не шмат, і не мала. Але тым не менш гэта вялікая радасць, што спартсмены могуць сябе паказваць і праявілі сябе вельмі годна.

– На Алімпіядзе ў зборнай якая задача пастаўлена? Якая колькасць медалёў?

– Нам ад [так званага] міністэрства пастаўлена задача: заваяваць мінімум адзін медаль. Але мы з усімі спартоўцамі будзем імкнуцца заваяваць максімальную колькасць медаляў. Усё залежыць толькі ад спартоўцаў.

– На яшчэ адну ліцэнзію зможам разлічваць?

– Не, гэта быў апошні этап у нашай кваліфікацыі, таму максімальна мы ўжо ліцэнзіі заваявалі, – распавёў Сізянок.

Па падліках Tribuna.com, беларусы ўзялі 19 ліцэнзій на АГ-2024: раней паступілі сем у барацьбе, па тры ў плаванні i цяжкай атлетыцы, дзве ў прыжках на батуце, а таксама па адной у акадэмічным веславанні, веласпорце, тхэквандо і стральбе. Акрамя таго, чакаюць рашэння МАК беларускія лёгкаатлеты з выкананым нарматывам, а ў шэрагу відаў з удзелам беларускіх спартсменаў кваліфікацыя на АГ працягваецца.