Усе навіны

Трэнер «Ліды» Чух: «Выдаем дрэнны матч, а прыязджаем у Гомель, і хлопцы б'юцца, проста ў кроў»

28 студзеня 2023, 19:41

Галоўны трэнер «Ліды» Юрый Чух пракаментаваў перамогу над «Гомелем» (4:1).

– Мабыць, мы нязручны супернік для «Гомеля», нам атрымоўваюцца матчы супраць яго. Наша каманда – то дождж, то снег, то золь. Незразумела, выдаем дрэнны матч, а прыязджаем у Гомель, і хлопцы б'юцца, проста ў кроў.

Шанцы на плэй-ін у нас яшчэ застаюцца, мы будзем біцца да канца. А хлопцам дзякуй за перамогу. Сёння на лёдзе была каманда, гульня непараўнальная з двума папярэднімі ў нашым выкананні. Шкада, што страцілі пункты ў Магілёве, яны б нам цяпер вельмі спатрэбіліся.

– Перад самай гульнёй замянілі Паслаўскага. Што здарылася?

– У першай жа змене ў Жлобіне ён атрымаў удар у галаву. Не ўбачылі, напэўна. У хлопца страсенне. У яго сёння дзень нараджэння, планавалі выпусціць на лёд, але на раскочванні адчуў, што моцна кружыцца галава. Таму прыйшлося яго хуценька памяняць, – сказаў Чух.