Усе навіны

Краўчанка пра 4:1 з «Лакаматывам»: «Гатавіліся гуляць на перамогу. Не важна, які быў бы апанент – «Металург» бы ўсё роўна яго абыграў»

23 лютага 2023, 14:57

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка пракаментаваў перамогу над «Лакаматывам» з лікам 4:1.

– За вынік не перажывалі, але ўсё ж зашмат было страт, асабліва ў другім перыядзе, з-за чаго гульня перамяшчалася ў нашу зону. Самі стваралі ціск на нашыя вароты і на абарону. Перад трэцім перыядам папрасілі памяняць сітуацыю, хлопцы гэта выканалі. Атрымалася ўпэўненая добрая гульня. На працягу ўсяго матча нядрэнна працавалі на шайбе, блакіравалі атакі саперніка. Кантралявалі гульню.

Вялікі дзякуй заўзятарам, што адгукнуліся, прыйшлі падтрымаць. Важна на такіх адрэзках сезона адчуваць іх за спінай, бачыць перад сабой. Думаю, найлепшай падзякай для людзей стала перамога каманды. Наперадзе яшчэ адна хатняя гульня – чакаем гледачоў і на ёй!

– Вы бачылі, што вашыя хакеісты цалкам разумеюць, наколькі важны гэты матч?

– Ведаеце, мы не гаварылі з камандай аб звышважнасці гэтай гульні, каб не напружваць рабят, не напальваць абстаноўку. Мы не ў той сітуацыі, каб нешта лічыць, нейкія варыянты. Проста рыхтаваліся гуляць на перамогу. Не важна, які быў бы апанент – мы б усё роўна яго абгулялі.

– Як пазбегнуць недаацэнкі ў заключным матчы? Усё ж такі «Магілёў», апошні тур, каманда-аўтсайдар, а ачкі «Металургу» браць трэба. Як не запісаць сябе ва ўдзельнікі плэй-оф загадзя?

– Вось вы задавалі пытанне, а я дулю трымаў :) Апошні матч заўсёды складаны. Але калі ўжо патрапіў у такую сітуацыю і жадаеш пайсці вышэй, трэба з гэтымі эмоцыямі спраўляцца спакойна. Вось і паглядзім, справімся мы ці не.

– Пасля няўдалага матчу ў Наваполацку «Металург» атрымаў тры перамогі запар. Што змянілася?

– Ды кардынальна нічога. Ужо казаў раней, што мы ў кожным прайграным матчы маглі з тым жа поспехам і перамагаць. Цяпер усе лініі працуюць максімальна, на мяжы. Пачало больш атрымлівацца тое, што не атрымлівалася раней, – сказаў Краўчанка.