Усе навіны

Крэйг Вудкрафт: «Вялікі дзякуй за сумесную працу гульцам, трэнерам, супрацоўнікам клуба, зборнай і ФХБ. Пакідаю свае пасады ў клубе і зборнай з чыстай душой і спакойным сэрцам»

10 красавіка 2023, 19:01

Крэйг Вудкрафт пракаментаваў свой сыход з пастоў галоўнага трэнера мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі.

«Я ўпершыню прыехаў у Беларусь па хакейных справах 17 год таму. З таго часу краіна стала блізкая майму сэрцу. Я рады, што стаў часткай сістэмы развіцця хакея ў Беларусі. Я рабіў і буду рабіць усё, што мае сілы, каб дапамагаць беларускаму хакею рухацца наперад.

Апошнія чатыры гады былі асабліва цікавымі. Здараліся ўзлёты і падзенні, але калі падвесці вынікі – мы правялі змену пакаленняў у «Дынама» і зборнай, падрыхтавалі не толькі новых беларускіх гульцоў, але і новых трэнераў, персанал да працы на высокім узроўні. За апошнія тры гады 29 новых беларускіх гульцоў дэбютавалі ў складзе «Дынама», многія з іх ужо ўвайшлі і яшчэ ўвойдуць у бліжэйшы час у склад нацыянальнай зборнай Беларусі, топавых клубаў КХЛ і клубаў НХЛ. Пры гэтым мы рэгулярна выходзілі ў плей-оф КХЛ, апярэджваючы супастаўныя па бюджэце і магчымасцях каманды КХЛ, выйгралі Кубак Першага канала з маладой зборнай Беларусі.

Я пакідаю свае пасады ў клубе і зборнай з чыстай душой і спакойным сэрцам – я рабіў усё, што ў маіх сілах. Трэнеры, якія прыйдуць пасля мяне, атрымаюць добрую спадчыну. Думаю, мне гэта ўдалося.

Я ўдзячны ўсім кіраўнікам, з якімі мне давялося працаваць у «Дынама» і зборнай за ўсе гады маёй прысутнасці ў хакеі Беларусі. Дзякуй за давер і падтрымку!

Вялікі дзякуй за сумесную працу ўсім калегам: ігракам, трэнерам, супрацоўнікам клуба, зборнай і Федэрацыі хакея Беларусі.

Дзякуй журналістам і каментатарам за тое, што заўсёды трымаеце ў тонусе.

І вядома, асаблівая падзяка балельшчыкам – вы найлепшыя!

Шчыра спадзяюся, што сёння я кажу «Да спаткання», а не «Бывайце».

Да новых сустрэч!», – цытуе Вудкрафта прэс-служба «Дынама».

Сезон 2022/23 для Вудкрафта стаў чацвёртым запар і пятым у цэлым як галоўнага трэнера «зуброў». Усяго канадзец правёў ля руля каманды 303 матчы, што з'яўляецца рэкордам клуба. За час яго працы «Дынама» чатыры разы выходзіла ў плэй-оф, прычым тройчы запар, але кожны раз спынялася на першым раундзе.

Канадскі спецыяліст узначаліў зборную Беларусі ў чэрвені 2021 года. Пад кіраўніцтвам Вудкрафта нацыянальная каманда не змагла кваліфікавацца на Алімпійскія гульні 2022 года саступіўшы ў адборы Польшчы (0:1) і Славакіі (1:2). У снежні 2022 года зборная выйграла кубак Першага канала ў фінале абыграўшы Расію (5:4 па булітах).