Усе навіны

Юрый Чух: «Манашак у «Ліду» запрашаць не будзем. Бо нават з імі ў мінулым сезоне сталі другімі знізу»

5 верасня, 09:17

Галоўны трэнер «Ліды» Юрый Чух падзяліўся меркаваннем пра гульню з «Віцебскам» (2:3).

– «Віцебск» – добрая каманда. Што тут казаць... Не скажу, што яна паказала сёння нешта звышнатуральнае, іграла проста, але вельмі правільна. Гэтага якраз і не хапае нашым хлопцам. Вельмі доўга выходзілі з зоны, ізноў прывозілі самі сабе. Моладзь... Толькі праз практыку, праз такія матчы да іх і прыйдзе ўпэўненасць.

Добра, што хлопцы не сталі дайграваць матч без барацьбы. Перавялі яго ў тое рэчышча, дзе былі яшчэ шанцы зачапіцца. Ёсць прэтэнзіі да нападаючых, якія ў роўных саставах не ствараюць моманты, а павінны. З іншага боку, мы сабралі хлопцаў, якія ў сваіх ранейшых камандах былі нават не на другіх ролях, а на трэціх. Таму такое становішча спраў – нармальнае. Проста хлопцы павінны паверыць у сябе і рабіць сваю працу.

– Ільяс Гафіулін паказвае тую гульню, якую вы ад яго чакаеце?

– Так, паказвае. Да яго асаблівых прэтэнзій няма, хаця сёння мог троечку і не прапускаць. Але Ільяс – гэта той хакеіст, на якога ў дадзены момант мы больш за ўсё спадзяемся. Бо менавіта добрая гульня брамніка дае шанец на перамогу ў любым матчы. Ён ужо даказаў, што можа, таму пытанняў да яго няма.

– Вышэй вы згадалі моладзь. Гэта значыць дасведчанымі выканаўцамі вы задаволены?

– Канешне не. Мы нават планавалі ўзмацніцца, але чамусьці нейкая паўза доўжыцца ў гэтым пытанні. Усе, хто ёсць, прыехалі на матчы, у ратацыі практычна няма нікога. Сем абаронцаў, трынаццаць нападаючых – усё. Хацелася б яшчэ ўзмацніцца хакеістамі, якія маглі б уплываць на вынік.

– Пажартаваць можна?

– Вядома.

– Каманда прыкладзе ўсе намаганні, каб не запрашаць манашак?

– У гэтым сезоне дакладна запрашаць не будзем. Бо нават з імі ў мінулым чэмпіянаце сталі другімі знізу, – сказаў Чух.

Нагадаем, у мінулым сезоне пасля няўдалага адрэзка галоўны трэнер «Ліды» задумваўся запрасіць у каманду манашак: «Мы ўжо столькі матчаў выйгрышных аддалі. Мы лічылі, што павінны быць не на тым месцы ў табліцы, дзе знаходзімся зараз. Ужо і бацюшку запрасілі. Не ведаю, можа, нам трэба манашак паклікаць? Ужо не ведаем, што зрабіць, як узбадзёрыць хлопцаў».