Tribuna/Хакей/Блогі/Пад алкаголем у белспорце тварылі лютае дзікунства: бойкі з «сілавікамі», машыны ў хлам, рызыка жыццём

Пад алкаголем у белспорце тварылі лютае дзікунства: бойкі з «сілавікамі», машыны ў хлам, рызыка жыццём

40 гадоў таму быў і выхад у акно.

Аўтар — bytribuna com
21 сакавіка, 11:57
1
Пад алкаголем у белспорце тварылі лютае дзікунства: бойкі з «сілавікамі», машыны ў хлам, рызыка жыццём

У ноч з 17 на 18 сакавіка ў прыгарадзе Маямі з балкона 23-га паверха дарагога гатэля выпаў і насмерць разбіўся Канстанцін Кальцоў – экс-хакеіст зборнай Беларусі, падпісант ліста за Лукашэнку і да апошніх дзён свайго жыцця бойфрэнд тэнісісткі Арыны Сабаленкі. Ніякіх прыкметаў гвалту не выяўлена, затое, па словах былой жонкі Кальцова Юліі Міхайлавай, знайшліся пустыя бутэлькі ад алкаголю. Таму Міхайлава лічыць, што Кальцоў у момант гібелі быў моцна пʼяным.

Пакуль няма афіцыйных вынікаў, якія пацвярджалі б гэтую гіпотэзу, але казаць пра тое, што алкаголь штурхае людзей на небяспечныя для сябе і для іншых учынкі, можна напэўна. Нават у беларускім спорце такое здаралася не раз.

Губілі карʼеры

Самы часты эфект ад алкаголю ў беларускім футболе. Генадзь Туміловіч, Васіль Баранаў, Арцём Мілеўскі, браты Макоўскія, Генадзь Блізнюк, Андрэй Хлебасолаў, Антон Сарока – усё гэта і так вядомыя гульцы па мерках Беларусі і суседніх краін, але чаго б яны маглі дабіцца, калі б менш пілі! Застаецца толькі шкадаваць і слухаць сумныя гісторыі, падборку якіх можна прачытаць па спасылцы ніжэй.

Ну а талент Аляксандра Пракапенкі, які аказаўся заліты алкаголем, – гэта асобная гісторыя.

Пагражалі трэнерам

Алкаголь прымушаў гульцоў забывацца на субардынацыю. Ёсць пара асабліва яркіх гісторый. Напрыклад, пра Баранава ў зборнай Беларусі часоў трэнавання Эдуарда Малафеева.

– Неяк рана сабралі ўсіх, а Васі няма. Малафееў зайшоў у пакой да Баранава – Вася спіць. Ясная справа, пасля ўчарашняга [выпітага]. Эдуард Васільевіч: «Вася, Вася, Вася, Вася! Прачынайся, каму кажу! Падʼём!». Не супакойваецца. Вася ў выніку расплюшчвае вочы і кажа адну фразу: «Мужык, ты наогул хто?» Паварочваецца на іншы бок і засынае. Карацей, адлічылі Васю, – распавядаў Уладзімір Макоўскі.

А восенню 2017-га са зборнай Беларусі ўжо Ігар Крывушэнка адчапіў Дзяніса Лапцева – хаця гаварылася, што яго заспелі ў рэстаране ў кампаніі яшчэ чатырох гульцоў каманды, але тады больш нікога не каралі. І толькі праз некалькі гадоў прыйшоў інсайд, што Крывушэнка асабіста заспеў Лапцева ў малаадэкватным стане і прапанаваў уставаць, на што футбаліст, не прызнаўшы трэнера, адказаў: «Калі я ўстану, ты ляжаш».

Білі машыны

Алкаголь пазбаўляў людзей з белспорту люксавых аўтар. У 2011-м «Бэнтлі» хакейнага трэнера Міхаіла Захарава ў Мінску ўрэзаўся ў «Лексус» і загарэўся. Неўзабаве асабіста Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за стырном быў сам Захараў, а агляд паказаў 1,03 праміле (прыкметнае перавышэнне дапушчальнага). Праўда, потым трэнер бажыўся, што «ў жыцці не садзіўся за руль пʼяным», а кіроўцам насамрэч была адна з трох яго спадарожніц у той паездцы. Аднак правоў усё роўна пазбавілі самога Захарава.

У 2013-м Мілеўскі ў Турцыі ўляцеў на «Ферары» ў адбойнік, нейкім цудам абышоўся наогул без траўмаў. Да таго футбаліст гуляў да трох ночы, а ўжо раніцай сеў за руль і не ўвайшоў у паварот. Рэакцыя гульца на аварыю была такой: «Паехаў дадому, узяў віскара і сядзеў адзін».

Шмат гісторый з транспартам і алкаголем было ў Туміловіча – угоны аўтобуса і тралейбуса ўнікальныя. Але былі і пабітыя машыны – адну гісторыю экс-варатар асвяжыў зусім нядаўна.

«Я перажываў некалькі разоў сітуацыі, калі разумееш: ####### [канец], Генік, даездзіўся. Брэст, Маскоўскі праспект, на «шасцёрцы» ўшасцёх– сямёра, [на пярэднім сядзенні] футбаліст з дзяўчынай на каленях. Я забыўся, што там рамонт дарогі, ляціш, не прытармажваеш. Вялікая гара пяску – неяк пераляцелі. Бетонная пліта – машына спыняецца. А дзяўчына ляціць далей. Ну, не моцна. З лабавым проста акуратна ўпала», – падзяліўся Туміловіч.

Былі небяспечныя для навакольных

На некаторых алкаголь наводзіў небывалую смеласць – маглі атакаваць нават «сілавікоў». Той жа Захараў прызнаваўся: «Маладымі нічога не баяліся, былі ўпэўненыя: ніколі ніводзін міліцыянт не забярэ нашага хакеіста без бою. Аднойчы майго сябра затрымалі, а ён хіба што перабраў крыху. Міліцыянеры маленькага росту былі – ну, я іх і адсунуў, Жэньку выпусціў і дзверы за сабой зачыніў. А на трасе мы вырашылі спадарожку злавіць – ну і спынілі на сваю галаву падмацаванне, якое тыя міліцыянты выклікалі».

Яшчэ адзін хакейны трэнер Дзмітрый Краўчанка за «кантакт» з «сілавіком» наогул атрымаў тэрмін – праўда, умоўны. У 2007-м тады коўч моладзевай зборнай Беларусі і «Гомеля-2» пайшоў з калегамі ў бар у Гомелі.

«Жахнулі» мы сурʼёзна. Па ходзе «пасядушак» мой калега зачапіўся з нейкім мужыком. Я заступіўся за таварыша, слова за слова – пачалася бойка. Работнікі ўстановы выклікалі міліцыю. Ударыў я супрацоўніка [«міліцыі»]. Толькі адзін раз стукнуў – зразумеў, што дапусціў велізарную памылку. Рукі адразу апусціў», – успамінаў Краўчанка, якога з цяжкасцю адвялі ад цяпер «народнага» артыкула аб «грубым парушэнні грамадскага парадку».

Аднак у канцы 2013-га Краўчанка, ужо трэнер «Нёмана», пасля гасцявой паразы зноў выпіў столькі, што страціў кантроль над сабой – двойчы агрэсіўна «наязджаў» на кіроўцаў клубнага аўтобуса. А па прыездзе ў Гродна коўч, як паведамляў «Прессбол», «пусціў у ход кулакі, бутэлькі і нават завостраныя прадметы невялікага памеру». Краўчанка адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю, але тут жа сышоў у адстаўку, якую патлумачыў «сямейнымі абставінамі».

Рызыкавалі ўласным жыццём

На валаску ад смерці ад алкаголю ў мінулым годзе апынуўся Мілеўскі – проста таму што вельмі шмат піў. Экс-футбаліст быў у коме і на доўгай рэабілітацыі, якая дапамагла выкараскацца.

Мінулай восенню мог загінуць у пʼяным стане Руслан Лісаковіч – гулец моладзевай зборнай Беларусі стаў задзірацца з прахожымі ў Партугаліі і атрымаў ад аднаго штуршок, праз які моцна стукнуўся галавой, што пагражала смяротным зыходам. Але малодшы з братоў абышоўся адносна лёгкай траўмай і ўжо вярнуўся на поле.

На жаль, так шанцавала не ўсім – ёсць прынамсі два выпадкі, калі беларускія спартсмены гінулі па выніках нецвярозых канфліктаў у барах праз наступствы няўдалых удараў.

Асобнай графой у пункт пра рызыку жыццём занясем Юрыя Пудышава. У легенды мінскага «Дынама» таксама было поўна алкагольных гісторый, але адна асабліва злавесная сёння: аднойчы ў 1984 годзе ў пʼяным стане футбалісту здалося, што за ім у рэстаран прыйшла жонка – і ён праз гэта адчуў раптам такую пагрозу, што ўзяў ды і скокнуў з акна. Балазе паверх быў усяго другі – так што Пудышаў толькі адбіў сабе пяткі, якія потым ратаваў кампрэсамі з мачой сваёй маленькай дачкі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты