Tribuna/Хакей/Блогі/Хакейны клуб у Жлобіне святкуе перамогі песняй каўказцаў, якія маркоцяцца без дзеўчын і едуць на дыскатэку

Хакейны клуб у Жлобіне святкуе перамогі песняй каўказцаў, якія маркоцяцца без дзеўчын і едуць на дыскатэку

Лірычна і драматычна.

Аўтар — Pam-pam
2 красавіка, 15:01
Хакейны клуб у Жлобіне святкуе перамогі песняй каўказцаў, якія маркоцяцца без дзеўчын і едуць на дыскатэку

Мінскае «Дынама» ў гэтым сезоне вызначылася не толькі чарговым, ужо восьмым запар вылетам з першай стадыі плэй-оф, але яшчэ і вельмі дзіўнымі тэматычнымі матчамі з запрашэннем заўзятых лукашыстаў. А бліжэй да канца сезона каманда займела і свой уласны пераможны трэк – ім стала кампазіцыя «Седая ночь» у выкананні савецкай групы «Ласкавы май». Песню ўключалі на арэне пасля хатніх перамог, ёю ж закрывалі сезон. Праўда, на ўрачыстай цырымоніі з гульцоў рот адкрываў толькі капітан каманды Андрэй Стась.

Ды і галоўны трэнер каманды Дзмітрый Квартальнаў на пытанне, ці падабаецца яму «Седая ночь», адказаў, што не спявае яе, хоць і адзначыў, што калі пяе ўся арэна, то ў яго «мурашкі па скуры».

Адшукалі сабе святочную кампазіцыю і ў хакейным Жлобіне. Праўда, мясцовы «Металург» абраў сабе больш сучасны трэк – пасля пераможных гульняў на хатняй арэне ўключае песню «На дыскатэцы».

Кампазіцыю была выпушчаная ў 2013 годзе. Выконваюць яе расійскія музыканты Мурат Тхагалегаў (нарадзіўся ў Кабардына-Балкарыі) і Султан Ураган (Дагестан). Музыкі таксама знялі кліп, у якім паказваюць савецкае дзяцінства і юнацтва хлопцаў у ауле. Па сюжэце відэа, «першыя прыгажуны на вёсцы» па-ціхаму бяруць у бацькі машыну «Перамогу», каб з'ехаць у суседняе сяло на танцы ў дом культуры да сімпатычных дзяўчын. Прыпеў пачынаецца словамі: «Едзем у суседняе сяло на дыскатэку».

А па дарозе хлопцы-рабацягі крадуць з поля калгасную кукурузу, падлашчваюцца да мясцовых прыгажунь і са сваёй фанатэкай урываюцца на танцпляц сельскага дома культуры.

З моманту публікацыі ў ютуб відэа сумарна сабрала амаль 400 мільёнаў праглядаў, а сам трэк да гэтага часу карыстаецца папулярнасцю на каўказскіх вяселлях, карпаратывах і іншых святах.

Апроч пераможнага трэка на арэне ў Жлобіне можна пачуць і іншую музыку. Напрыклад, пасля гола расіяніна Арцёма Анціпава ў вароты «Гомеля» гукарэжысёр уключыў «Калінку».

У паўфінальнай серыі плей-оф чэмпіянату Беларусі «Металург» вядзе ў «Гомеля» 3-1. Пяты матч адбудзецца 3 сакавіка ў Гомелі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты