Усе навіны

22 гады калоніі далі экс-барцу зборнай Беларусі Аўрамцаву, якi нібыта падпаліў апаратуру для цягнікоў, каб перашкодзіць вайне Расіі ва Украіне

10 лютага 2023, 19:48

Рэжымны суд па Магілёўскай вобласці даў па 22 гады калоніі былому барцу зборнай Беларусі Уладзіміру Аўрамцаву і экс-міліцыянеру Дзмітрыю Клімаву.

Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі абвінавачвалі Аўрамцава і Клімава ў тым, што 28 сакавіка яны нібыта падпалілі пад Асіповічамі апаратуру чыгункі для забеспячэння руху цягнікоў, што рэжым расцаніў, сярод іншага, як здраду яму. Як паведамлялі незалежныя крыніцы, «рэйкавыя партызаны» спрабавалі парушыць лагістыку расiйскай акупацыйнай армii, якая з 24 лютага працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Аднак дакладна невядома, ці здзейснiлі гэтыя людзі тое, за што іх судзіў рэжым.

Разам з Аўрамцавым і Клімавым рэжымны суд таксама судзіў Яўгена Мінкевіча, які мае фізкультурную адукацыю, аднак не пабудаваў кар'еру ў спорце. Мінкевіча абвінавачвалі ў тым, што ён ведаў пра план Аўрамцава і Клімава, але не данёс на іх рэжыму. Мінкевічу далі 1,5 гады калоніі, аднак вызвалілі ў зале суда з-за знаходжання ў СІЗА і прымянення амністыі.

Нагадаем, усе трое жылі ў Бабруйску і былі затрыманыя сілавікамі Лукашэнкi у ноч на 30 сакавіка. Тэлеграм-канал «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» паведамляў, што мужчыны не аказвалі супраціву, аднак былі мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы.

Абрамцаў працаваў настаўнікам фізкультуры ў школе №35 Бабруйска. Таксама ён быў інструктарам у трэнажорнай зале. У склад зборнай Беларусі па грэка-рымскай барацьбе ён уваходзіў у пачатку 2010-х гадоў, таксама тройчы быў чэмпіёнам Беларусі ў гэтым відзе, удзельнічаў у чэмпіянатах свету і Еўропы сярод кадэтаў. 21 лютага 2022 года Аўрамцаў стаў чэмпіёнам Беларусі па грэплінгу ў вагавой катэгорыі да 92 кілаграмаў.