Усе навіны

Міністр спорту Польшчы прапанаваў стварыць зборную «бежанцаў» для спартсменаў-дысідэнтаў з Беларусі і Расіі

10 лютага 2023, 20:22

Міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук прапанаваў Міжнароднаму Алімпійскаму камітэту (МАК) стварыць зборную «бежанцаў», у якую б увайшлі атлеты з Беларусі і Расіі апазіцыйна настроеныя да Лукашэнкі і Пуціна.

«Я звяртаю ўвагу на тое, што нейтральнасць расійскага спорту з'яўляецца фікцыяй, што ў Расіі няма інстытутаў, незалежных ад аўтарытарнай ці таталітарнай улады, што расійскі алімпійскі камітэт дакладна не з'яўляецца такім незалежным інстытутам.

Мы прапанавалі, каб пазбегнуць абвінавачанняў у тым, што мы кіруемся нацыянальнасцю, што адбываецца якая-небудзь дыскрымінацыя з-за наяўнага пашпарта, стварыць зборную бежанцаў.

Не нейтральную зборную, а зборную бежанцаў, у якой маглі б выступаць расіяне і беларусы, якія з'яўляюцца дысідэнтамі ў дачыненні да адпаведна рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.

Я лічу, што гэта можа быць цікавай асновай для перамоваў з Міжнародным алімпійскім камітэтам і дазволіць МАК захаваць твар у гэтай сітуацыі», – сказаў Бартнічук.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.