Усе навіны

Томас Бах: «Гісторыя пакажа, хто зрабіў больш для свету – той, хто спрабаваў камунікаваць, ці хто спрабаваў ізаляваць і падзяляць»

12 лютага 2023, 20:00

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах падзяліўся думкамі пра магчымае вяртанне расіян і беларусаў на міжнародныя спаборніцтвы.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

– Ці разумееце вы зваротную рэакцыю, якую мае заходні свет у адносінах да гэтай пазіцыі?

– Рэакцыя заходняга свету? Пачакайце. Мы бачылі некаторыя заявы ад краінаў Балтыі ды іншых, яны выказалі сваю занепакоенасць. На жаль, яны не ўздымалі пытанне правоў чалавека – прынамсі, да сённяшняга дня не маем на гэта адказу. Але нам трэба сур'ёзна разгледзець гэтыя пытанні.

У рэшце рэшт гэта не прэрагатыва ўрадаў вырашаць, хто і ў якіх відах спорту можа спаборнічаць, інакш гэта стане канцом міжнароднага спорту, чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў у тым выглядзе, у якім мы да гэтага прывыклі.

Разгледзім гэтыя пытанні, паспрабуем знайсці рашэнне і справядлівасць як місію спорту. Бо місія спорту – аб'ядноўваць, не падзяляць і не станавіцца перадумовай для вялікіх канфрантацый і эскалацый. Наша місія – мір.

– Вы не лічыце, што зараз знаходзіцеся па «іншы бок» гісторыі?

– Гісторыя пакажа, хто зрабіў больш для свету: той, хто спрабаваў трымацца пэўных ліній і камунікаваць або спрабаваў ізаляваць і падзяляць.

У нас быў станоўчы вопыт у алімпійскім руху, можаце ўспомніць, як гэта было з Паўночнай і Паўднёвай Карэямі, што мы зрабілі з Ізраілем і Палестынай, ці ў выпадку з Косава, ці многімі іншымі канфліктамі. Наша роля – аб'ядноўваць людзей, – сказаў Бах.