Усе навіны

Польшча збірае кааліцыю з 36 краін супраць допуску беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў

27 красавіка 2023, 15:40

Міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук расказаў пра фарміраванне кааліцыі супраць допуску беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў.

«Ці будзе Польшча байкатаваць спаборніцтвы? З гэтай нагоды нічога не змянілася. Мы знаходзімся ў працэсе фармавання наступнай пазіцыі кааліцыі з 36 краін.

15 мая ў нас Рада ЕЗ па спорце, дзе мы таксама плануем прыняць выразную дэкларацыю супраць вяртання расіян і беларусаў на міжнародную арэну», – сказаў Бартнічук.

Міністр таксама пацвердзіў, што беларусаў і расіян не будзе на Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у Польшчы з 21 чэрвеня да 2 ліпеня.

«У нас ёсць поўная падтрымка Еўрапейскага алімпійскага камітэта, які з'яўляецца нашым галоўным партнёрам у арганізацыі гэтага мерапрыемства. Абсалютна ніводны ўдзельнік з Расіі і Беларусі не выступіць на Еўрапейскіх гульнях», – сказаў Бартнічук.

У той жа час, ён не выключыў магчымасці допуску некаторых спартсменаў, умовай допуску якіх будзе дакладная заява па асуджэнні расійскай агрэсіі супраць Украіны і ўчыненых там расіянамі злачынстваў.