Усе навіны

Украінскі вясляр Чэбан прадаў тры алімпійскія медалі дзеля дапамогі ўкраінскаму войску

17 снежня 2022, 11:18

Двухразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках і каноэ Юрый Чэбан прадаў два залатыя і адзін бронзавы медалі з гульняў, каб дапамагчы Узброеным сілам Украіны.

«Аўкцыён ужо прайшоў. Скончыўся ён не так, як планавалася, але даволі нядрэнна. Мы спрабавалі прыцягнуць увагу праз амерыканскія медыі, пра нас пісалі The Washington Post, TMZ Sport.

Зарабілі больш за 100 тысяч долараў, і гэта толькі пачатак. Мы чакалі крыху больш, таму што размаўлялі з арганізатарамі гэтага аўкцыёну, якія далі нам папярэднюю адзнаку па гэтых медалях. Сказалі, што цана павінна быць вышэйшай. Мы не арыентаваліся на гэтую цану, але хацелі сабраць як мага больш.

Сапраўды шкада было аддаваць, але я ўпэўнены, што гэтыя медалі павінны прынесці больш, чым проста ляжаць на паліцы і пыліцца. У нейкі момант краіна мне дала добрыя магчымасці, і я хачу адплаціць тым жа», — распавёў Чэбан.

Чэбан выйграў золата Алімпіяд у Рыа і Лондане на дыстанцыі 200 метраў у веславанні на каноэ і бронзу ў Пекіне на дыстанцыі 500 метраў.

Нагадаем, з 24 лютага Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.