Усе навіны

Экс-вясляр Шурмей з нагоды Дня Волі: «Ніхто, акрамя нас, не прынясе нам свабоду»

25 сакавіка 2023, 23:00

Экс-вясляр і ўдзельнік дзвюх Алімпіяд Павел Шурмей прыняў удзел у відэазвароце Палка Каліноўскага з нагоды Дня Волі, які адзначаецца 25 сакавіка.

– Добра, што мы здолелі пранесці праз ужо больш за 100 гадоў гэты дзень, калі ў Беларусі з“явілася магчымасць нешта змяніць у сваім лёсе і стаць насамрэч незалежнай краінай.

Я пайшоў на вайну не для таго, каб адпомсціць Лукашэнку, а каб дапамагчы Украіне і праз гэта дапамагчы нам у Беларусі атрымаць перамогу і прыйсці да нармальнага жыцця. Яшчэ ў 94-м годзе мне не хапіла аднаго месяца, каб прыняць удзел у галасаванні, але ўжо тады я быў супраць яго.

Нармальны чалавек і сапраўдны ваяр адчувае страх. Напрыклад, асабіста для мяне было вельмі цяжка, калі мы яшчэ ў канцы красавіка мінулага года на поўдні Украіны апынуліся ў чыстым полі без акопаў пад мінамётным абстрэлам, потым пад абстрэлам БМП. Мы паўзлі, беглі, ляжалі ніцма, каб вораг вырашыў, што мы забітыя. На жаль, у нас было некалькі параненых, але мы ўсе засталіся жывыя і выканалі наказ. Сапраўдны ваяр умее працаваць з гэтым страхам, умее выкарыстоўваць гэты страх і не дае страху панаваць над сабой.

У гэты дзень я жадаю ўзгадаць нашых загінуўшых пабрацімаў, нашых камандзіраў Пашу Волата, Ваню Брэста. Яны далі нам гэты досвед, яны вялі нас у гэтай барацьбе. Яны зрабілі нас такімі, якія мы зараз ёсць.

Таксама хачу ўзгадаць кулямётчыка з майго падраздзялення, вельмі шчырага добрага хлопца, які заўжды прыходзіў усім на дапамогу і загінуў як сапраўдны ваяр, дапамагаючы параненаму пабраціму. На жаль, пакуль мы не можам назваць яго імя з прычын бяспекі. Але маю надзею, што ў хуткім часе прыйдзе той момант, калі мы ўзгадаем усіх нашых загінуўшых.

Я раю беларусам помніць, што ніхто, акрамя нас, не прынясе нам свабоду. Ніхто, акрамя нас, не здолее змяніць гэты рэжым, які пануе ў Беларусі. І каб мы ўсе і тут ва Украіне, і за мяжой Украіны, у Беларусі, рыхтаваліся да гэтага, – сказаў Шурмей.