Усе навіны

Прадстаўнікоў Беларусі і Расіі не дапусцілі да ЧС па веславанні на байдарках і каноэ

3 ліпеня, 13:33

Весляроў з Беларусі і Расіі не дапусцілі да чэмпіянату свету ў Германіі праз немагчымасць забяспечыць бяспеку спартсменам, паведамляе ТАСС са спасылкай на галоўнага трэнера расійскай зборнай Аляксандра Кастаглода.

ЧС па веславанні на байдарках і каноэ пройдзе ў Дуйсбургу 23-27 жніўня. Яно з’яўляецца адборачным на Алімпіяду 2024 года.

У чэрвені выканкам Міжнароднай федэрацыі вяслярнага спорту прыняў рашэнне, што беларускія і расійскія весляры ў абмежаванай колькасці змогуць удзельнічаць у чэмпіянатах свету. Асноўная ўмова допуску — не падтрымліваць вайну Расіі ва Украіне ніякім спосабам. Аднак арганізатары спаборніцтваў у Германіі вырашылі інакш.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.