Усе навіны

Павел Шурмей: «У РВАР нам казалі, што прэстыж дзяржавы залежыць ад колькасці ядзерных боегаловак і колькасці залатых медалёў АГ»

22 ліпеня, 12:01

Удзельнік дзвюх Алімпіяд, былы вясляр і баец палка Каліноўскага, які ваюе за Украіну, Павел Шурмей расказаў, чаму спорт не можа быць па-за палітыкай.

– Ці можа быць спорт без палітыкі?

– Я думаю, што вайна – гэта працяг палітыкі. Так і спорт – гэта палітыка. Калі я вучыўся ў рэспубліканскам вучылішчы алімпійскага рэзерву, адзін з выкладчыкаў казаў гэтыя словы, магчыма, прыналежаць Кэнэдзі, што прэстыж дзяржавы залежыць ад двух рэчаў: колькасці ядзерных боегаловак і колькасці залатых алімпійскіх медаляў.

Я ніколі больш не сустракаў гэтых слоў, але сапраўды тое, што нам гэта казалі. Нас вучылі гэтаму. І гэта насамрэч так. І калі кажуць, што спорт па-за палітыкай – не. Спорт – гэта палітыка.

Чаму ў Беларусі Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе? Бо ўсе людзі, якія маюць сваё меркаванне, не могуць яго выказаць. Яны думаюць так: Так, мне не падабаецца ўлада. Трэба нешта інакш рабіць. Але што я магу зрабіць? Што ад мяне залежыць? Калі б усе гэтыя людзі выйшлі і свае думкі выказалі, то такога, як зараз у Беларусі ці ў Расіі не было б. З-за гэтага такія людзі як Пуцін і Лукашэнка ва ўладзе.

– Калі вы зможаце вярнуцца ў Беларусь?

Мы вернемся ў Беларусь, калі дапаможам перамагчы Украіне расійскую агрэсію Пуціна, і праз гэта ляжыць наш шлях дадому, – сказаў Шурмей.