💃Tribuna.com адкрывае вакансію Affiliate Manager
19 красавіка 2023, 13:57Вакансія
Усе навіны

Справа экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі Данілевіча перададзена для накіравання ў «суд»

10 студзеня 2023, 10:42

Падпарадкаваны рэжыму Лукашэнкі следчы камітэт паведаміў некаторыя дэталі аб справе ў дачыненні да палітвязня, экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі, спартовага адваката Аляксандра Данілевіча.

Сцвярджаецца, што Данілевіч «актыўна раіў і садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў да санкцый у дачыненні да юрыдычных і фізічных асоб у Беларусі», увядзення якіх патрабаваў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Асобна вылучаюць «падрыхтоўку лістоў і дакументаў» у адрас нарвежскай кампаніі Yara, якая, нягледзячы на заклікі спыніць супрацоўніцтва з рэжымнымі кампаніямі, працягвала закупляць прадукцыю «Беларуськалія». Таксама рэжымная структура прыпісвае Аляксандру спробу «палітызаваць спорт» і абвінавачвае ў «адкрытых зносінах з рэсурсамі», якія рознымі спосабамі спрабуе забараніць на тэрыторыі Беларусі.

У адрас Данілевіча ў выніку сфармулявалі абвінавачанні па ч. 3 арт. 361 (апісвае пакаранне за заклікі да санкцый у выглядзе да 12 гадоў пазбаўлення волі) і ч.1 арт. 361-4 (апісвае пакаранне за садзейнічанне «экстрэмісцкай дзейнасці» ў выглядзе да 6 гадоў пазбаўлення волі) КК. Справа перададзена для накіравання ў падпарадкаваны рэжыму Лукашэнкі суд.

Нагадаем, што Данілевіч быў затрыманы ў Беларусі 21 траўня 2022 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. Ён узначальваў Беларускую федэрацыю рэгбі з 2012 па 2016 гады. Як юрыст прыцягваўся ў якасці арбітра да разбору спраў у міжнародным Спартыўным арбітражным судзе. У 2020-м абараняў шэраг спартоўцаў, на якіх у Беларусі заводзілі адміністрацыйныя справы. У 2022-м падпісаў зварот беларускіх адвакатаў і юрыстаў супраць вайны ва Ўкраіне.