Усе навіны

Лучніца Казлоўская: «Падаецца так, што любыя перамогі – гэта нібыта выйгрыш самой краіны, а не канкрэтнага чалавека»

18 лютага 2023, 08:41

Экс-лучніца зборнай Беларусі Карына Казлоўская выказалася пра магчымасць допуску беларускіх спартсменаў да Алімпіяды.

«Я пастараюся адабрацца на Алімпіяду ад Польшчы, бо адабрацца ад Беларусі ў мяне магчымасці няма. Буду ўдзельнічаць у гэтым годзе ў чэмпіянаце свету, і там будуць разыгрывацца ліцэнзіі, спадзяюся выйграць адну.

Пакуль ідзе вайна, было б неяк зусім не па-чалавечы дапускаць на Алімпіяду ўсіх беларусаў і расіян. Але можна было б стварыць каманду бежанцаў і даць выступіць тым атлетам, якія актыўна выступалі супраць вайны ці рэжыму Лукашэнкі, калі мы кажам пра беларусаў. Проста мы не можам дакладна сказаць, што спорт у нас па-за палітыкай, бо беларускія спартсмены актыўна выкарыстоўваюцца ў прапагандзе, занадта моцна яны там завязаныя. Падаецца так, што любыя перамогі, узнагароды, медалі – гэта нібыта выйгрыш самой краіны, а не канкрэтнага чалавека.

Калі казаць пра актыўных прыхільнікаў рэжыму, то іх нельга пускаць на міжнародныя старты, бо гэта будзе зусім несправядліва. Там мусяць быць тыя, хто актыўна выражае сваю грамадзянскую пазіцыю, паказвае, што ён супраць вайны, магчыма, што ён дапамагае і суперажывае людзям.

Я іх добра разумею, бо была ў падобнай сітуацыі, але зрабіла выбар і мне давялося з’язджаць. Кожны вырашае сам за сябе, чаго ён хоча.

Хочацца, каб на Гульні трапілі людзі, дастойныя таго, каб прадстаўляць Беларусь. Калі МАК проста так дапусціць расіян і беларусаў, ён адвернецца ад усіх тых спартсменаў, якія трапілі пад санкцыі і рэпрэсіі, якія не заслужылі такога стаўлення да сябе. Калі мы з’ехалі з Беларусі, не кожны здолеў працягнуць сваю кар’еру і далей развівацца ў спартовай сферы, давялося пачынаць усё жыццё нанава.

Таму, калі МАК іх дапусціць, гэта будзе вельмі непрыгожы крок у дачыненні да нас. Мы, вольныя спартсмены, пісалі шмат лістоў і зваротаў туды, я таксама туды пісала, і не было ніводнага адказу. Думаю, МАК проста не цалкам разумее, што адбываецца ва Украіне, і хоча хутчэй закрыць», – сказала Казлоўская.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.