Tribuna/Тэніс/Блогі/Тэнісісты масава скардзяцца на праблемы са здароўем пасля турніру ў Мадрыдзе. Сабаленка кажа, што правяла ў ложку 4 дні

Тэнісісты масава скардзяцца на праблемы са здароўем пасля турніру ў Мадрыдзе. Сабаленка кажа, што правяла ў ложку 4 дні

«Можа, у Мадрыдзе быў вірус».

Аўтар — Pam-pam
11 траўня, 14:59
Тэнісісты масава скардзяцца на праблемы са здароўем пасля турніру ў Мадрыдзе. Сабаленка кажа, што правяла ў ложку 4 дні

У апошнія гады тэнісісты ўсё часцей узнімаюць тэму календара спаборніцтваў, які складзены настолькі шчыльна, што часта ў іх няма часу адпачыць і аднавіцца.

Ужо пасля фіналу турніру ў Мадрыдзе, які прайшоў у пачатку траўня яго трыўмфатар расіянін Андрэй Рублёў распавёў, што па ходзе спаборніцтваў у яго паднялася тэмпература і ён нават падумваў зняцца.

«Ці мог зняцца? Так. Але трэба аддаць належнае лекарам. Яны чараўнікі. Яны рабілі нейкія хітрыя рэчы, і нейкім чынам я змог гуляць. Ніколі ў жыцці не бачыў такога, яны найлепшыя ў туры. Так што, калі б вы ведалі, праз што мне прыйшлося прайсці за апошнія дзевяць дзён, вы б не падумалі, што я змагу выйграць гэты тытул», – сказаў Рублёў.

Ожэ-Альясім, супернік Рублёва па фінале, таксама быў не зусім здаровы, пасля таго як падхапіў нейкі кішачны вірус. «У мяне былі праблемы са страўнікам у сярэдзіне турніру. У нейкі момант я не быў упэўнены, ці змагу гуляць далей, і Меншык проста сышоў з дыстанцыі. Гэта дзіўна. Ня ведаю, можа, у Мадрыдзе быў вірус. Мне пашанцавала, што я не гуляў у чвэрцьфінале і паўфіналею. Я думаю, што гэта нешта фізічнае, маё цела стамілася змагацца з вірусам увесь тыдзень», – прыводзіць яго словы Punto de Break

Арына Сабаленка ў тым жа Мадрыдзе спынілася за крок ад тытула, прайграўшы фінал Ізе Свёнтэк. А ў Рыме ўжо прайшла другі круг, атрымаўшы валявую перамогу над Кэці Валынец, – 4:6, 6:3, 6:2. Па словах Сабаленкі, перад гэтай сустрэчай яна чатыры дні не ўставала з ложка. «Шчыра кажучы, для чалавека, які хварэў чатыры дні і не мог устаць з ложка, я думаю, што згуляла вельмі добра. У першым сэце я наогул не адчувала свайго тэніса, не адчувала рытму. Проста іншыя ўмовы. Таму ў другім сэце я сказала сабе: проста рабі ўсё магчымае, выкарыстоўваючы ўсе сілы, якія ёсць сёння», – цытуе Сабаленку прэс-служба WTA.

Але магчыма, вірус Сабаленка падхапіла ад новага бойфренда, з якім не хаваючыся моцна цалавалася ў сталіцы Іспаніі.

Алена Рыбакіна зноў-такі з-за хваробы ўвогуле пазбавілася магчымасці паспрабаваць абараніць тытул у Рыме. «Я расчараваная тым, што мне давядзецца адмовіцца ад удзелу ў турніры ў Рыме сёлета. На жаль, я не адчуваю сябе дастаткова добра, каб удзельнічаць у спаборніцтвах», – прыводзіць словы Алены прэс-служба турніру.

Акрамя таго, з-за хваробы ў Рыме не выступае чэшскі тэнісіст Томаш Махач. Таксама з «тысячніка» ў сталіцы Італіі знялася яго суайчынніца, чэмпіёнка «Ралан Гарос» 2021 года Барбара Крэйчыкава. Прычына зняцця Крэйчыкавай не называецца, але аб пашкоджанні гаворкі не было, так што можна меркаваць, што і яна хварэе.

Заўтра ў Рыме Сабаленка згуляе з 33-й ракеткай украінкай Даянай Ястрэмскай, якая ў 1/32 перайграла немку Лауру Зігемунд.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты