Tribuna/Хакей/Блогі/Ваўка ногі кормяць/«Дынама» Мінск выйшла ў плэй-оф, але выдала ганебны сезон: абставіны складваліся на карысць клуба (грошы, кавід, дэградацыя лігі), а мы назіраем вось гэта

«Дынама» Мінск выйшла ў плэй-оф, але выдала ганебны сезон: абставіны складваліся на карысць клуба (грошы, кавід, дэградацыя лігі), а мы назіраем вось гэта

Безнадзейная баскаўшчына.

Аўтар — Скай Волк
27 лютага 2023, 15:25
«Дынама» Мінск выйшла ў плэй-оф, але выдала ганебны сезон: абставіны складваліся на карысць клуба (грошы, кавід, дэградацыя лігі), а мы назіраем вось гэта

Мінскае «Дынама» выйшла ў плэй-оф. Ура? Не зусім. Калісьці мінскае «Дынама» было флагманам айчыннага спорту. Хтосьці і дагэтуль працягвае заўзець за клуб, хаця я ведаю шмат беларусаў, якія больш не сочаць за «зубрамі». На тое ёсць шмат прычынаў:

– Фактычны кіраўнік «Дынама» і белхакея Дзмітрый Баскаў – саўдзельнік забойства Рамана Бандарэнкі.

– Галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт з чальцамі трэнерскага штаба Паўлам Перапехіным і Андрэем Мезіным ціснулі на хакеістаў клуба, каб тыя падпісалі ліст за Лукашэнку. У выніку падпісалі амаль усе, а тыя, хто адмовіўся, селі на лаўку і ў хуткім часе сышлі з «Дынама». Калі шчыра, я не ведаю, чаму Баскаў не стаў шчасліва распавядаць пра гэтыя подпісы публічна – але подпісы збіралі.

– Клуб здзекаваўся з фінскага «Ёкерыта», які ў знак салідарнасці з беларускім народам не паляцеў на матч у Мінск.

Карацей, гэты пералік брыдоты можа быць даволі доўгім, але я спынюся тут, бо тэкст не пра гэта. І далей гаворка пойдзе выключна пра спорт – безадносна ўсяго таго, што ад імя «Дынама» нарабілі кіраўнікі клуба.

Дык вось, «Дынама» выйшла ў плэй-оф, але дасягнення ў гэтым няма. Узровень КХЛ значна ўпаў, і ўсе перамены адбыліся выключна на карысць «зуброў». І пачну я ў храналагічным парадку.

Пандэмія згуляла на карысць «Дынама»

Гісторыя больш пра адзін сезон (2020/21), але гэта важна, бо той сезон быў вырашальным для Вудкрафта. Калі б канадскі трэнер праваліў яго пачатак, ён бы паляцеў дадому яшчэ пасярод чэмпіяната. Але ўсё склалася ідэальна. Сезон выдаўся сапраўды бліскучым – гэткім адказам усім хэйтэрам Вудкрафта. Таму ў яго з’явіўся бясконцы крэдыт даверу.

Зараз трэба прыгадаць, як развіваліся падзеі з каранавірусам тым летам. У Беларусі, як вы памятаеце, каранавірус быў «псіхозам», які можна лячыць «трактарам, гарэлкай, козачкамі». І ўвогуле, вы бачыце гэты вірус, ён лётае тут каля лядовай пляцоўкі? Не лётае. Значыць, яго няма.

У Беларусі не было ніякіх кавідных абмежаванняў на афіцыйным узроўні. Безумоўна, клуб уводзіў свае – супрацоўнікі «Дынама» мусілі падыходзіць да гульцоў толькі ў масках, частка заняткаў магла праводзіцца анлайн. Але сутнасць у тым, што абмежаванняў на дзяржаўным узроўні не было – клуб мог рыхтавацца да сезона як заўгодна. І актыўна рыхтаваўся з чэрвеня, у той час як большасць клубаў КХЛ пачала перадсезонку толькі ў жніўні. Дарэчы, выдатныя ўмовы ў Беларусі для падрыхтоўкі заўважылі іншыя клубы КХЛ. Таму ў Мінску да сезона рыхтаваліся прынамсі «Трактар» і «Сібір».

Таму, напрыклад, «Дынама» лёгка разабралася з «Барысам» на старце – бо для казахаў гэта быў матч праз месяц пасля пачатку трэніровак (нават не на лёдзе). У пачатку сезона «Дынама» было ў найлепшай форме з усіх клубаў, дзякуючы чаму «зубры» выдалі цудоўны старт.

Пасля гэтага не было ціску ні на Вудкрафта, ні на гульцоў, бо «Дынама» займала адно з найвышэйшых месцаў.

Увосень 2020 Лукашэнку было не да хакея

Вы дакладна не здзівіцеся гэтаму пункту. Масавыя пратэсты, іх сілавыя разгоны, ціск з боку беларусаў і іншых краінаў – дыктатару, які так любіў соваць свой нос у клубныя справы, было не да хакея. Дзякуючы гэтаму селекцыянеры спакойна працавалі без «мудрых» парадаў.

У «Дынама» больш няма ніякіх лімітаў на легіянераў

Пастаянны галаўны боль кожнага трэнера да Вудкрафта – «формула» ліміту на легіянераў, якую клубу навязвала нават не КХЛ, а Лукашэнка. У 2020 годзе яму, як пісаў вышэй, было не да хакея. Плюс Баскаў правёў масавую пашпартызацыю, "беларусаваўшы" Парэ, Прынса, Тэйлара. Атрымаць запаветны пашпарт з БССРаўскім вянком мусіў нават Джо Мораў, які правёў другую палову сезона-2019/20 у «Дынама» – але летам раптоўна перайшоў у «Барыс».

Праз нейкі час гэтую колькасць легіянераў перасталі нават хаваць пашпартамі. У сезоне-2021/22 за «Дынама» згулялі 17 (!) замежнікаў – прыкладна столькі ж, колькі за перыяд 2014-2016.

Зараз клуб не мае абмежаванняў па колькасці легіянераў і, фактычна, гуляе ў асноўным імі.

У Паўночнай Амерыцы сезон быў на паўзе – таму ў 2020 прыехала найлепшая моладзь

Сезон у НХЛ і іншых амерыканскіх лігах доўга не пачынаўся. «Дынама» зрабіла даволі раптоўны, але круты ход канём – клуб прапанаваў больш-менш усім беларусам з паўночнамерыканскіх ліг далучыцца да «зуброў».

Гэта было выгодна ўсім: «Дынама» атрымлівала рэальнае ўзмацненне, гульцы – практыку, а канадскія і амерыканскія клубы перад пачаткам свайго сезона вярталі хакеістаў, якія не сядзелі дома паўгода, а гулялі ў хакей. У выніку «Дынама» ўзмацнілася не проста маладымі беларусамі, а Шаранговічам, Сушко, Калячонкам, Протасам – тымі, хто пасля вяртання ў Паўночную Амерыку загуляў у НХЛ.

Больш за ўсіх у плюсе застаўся Шаранговіч: за палову сезона ён настраляў 17+17 і вярнуўся ў НХЛ у якасці гульца, якому відавочна патрэбны шанс у першых звёнах. У той час як да камандзіроўкі ў «Дынама» Шаран гуляў у АХЛ за «Бінхэмптан», дзе амаль не набіраў ачкі, бо яго трымалі ў ботам-6.

А другім пераможцам аказаўся Вудкрафт, які ўвесь антырэкордны сезон-2019/20 казаў, што клуб шмат прайграе, каб даць практыку моладзі – і тады нібыта ў наступным сезоне моладзь стане зорнай і пачне цягнуць клуб угару. У наступным сезоне так і атрымалася: маладыя беларусы цягнулі клуб угару, а Крэйг задаволена паўтараў: «Я ж казаў».

Пра тое, што гэта былі зусім іншыя маладыя – якія прыехалі з Паўночнай Амерыкі, а не пакутавалі ў КХЛ – ён, вядома, не ўдакладняў.

З 2020 года дзейнічае столь заробкаў у КХЛ

Яшчэ адзін важны момант, які згуляў на карысць клуба – столь заробкаў, якая дэкларавалася і раней, але рэальна пачала працаваць толькі з сезона-2020/21. Топы КХЛ, якія дагэтуль раскідваліся грашыма налева і направа, былі вымушаныя эканоміць, каб уціснуць пад столь некалькі зорак – а не набываць іх на чатыры пяцёркі.

Гэта значыць, што ў КХЛ раптоўна аказаліся без кантрактаў некалькі дзясяткаў сапраўды вартых гульцоў. Якія былі гатовыя паменшыць апетыты, каб правесці выдатны сезон у клубе паслабей.

І тут «Дынама» добра спрацавала, падпісаўшы некалькіх легіянераў, якія ніколі ў жыцці не пагадзіліся б на тыя ж умовы яшчэ год таму. Акрамя таго Мінск – гэта не Чарапавец, не Магнітагорск і не Яраслаўль. Гэта цудоўны еўрапейскі горад, дзе прыемна жыць – і гэта заўсёды важны фактар для легіянераў, якія могуць нават зрабіць зніжку ў заробку, каб жыць менавіта ў Мінску.

У «Дынама» павялічыўся бюджэт. Баскаў рабуе бізнес, каб атрымаць грошы на клуб

Калі ў сезоне-2019/20 бюджэт складаў 9 мільёнаў долараў, з якіх на заробкі ішла толькі палова, то ўжо ў наступным ён павялічыўся на пару мільёнаў. Колькі бюджэт складае цяпер – сказаць цяжка. Але факт у тым, што «сенатар» Баскаў займаецца рэкетам, каб атрымаць грошы для клуба. Вельмі высокародна, што не ў сваю кішэню, вядома.

Так, мы ведаем, што экс-кіраўнік «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка заплаціў каля 10 мільёнаў долараў для таго, каб выйсці з турмы. Да гэтага 15 мільёнаў долараў плаціў кіраўнік сеткі гіпермаркетаў «Green» Генадзь Кірэйкаў - таксама Баскаву, які афармляе гэты рэкет як спонсарскую падтрымку «Дынама».

Гэтыя партнёры з’яўляюцца на сайце без гучных навінаў і паведамленняў у сацсетках, а клуб маўчыць, адкуль яны бяруцца. Можа ўсё ж хаця б крыху сорамна. Але гэта не дакладна.

Расійскае ўварванне ва Украіну пры падтрымцы Лукашэнкі

Тут усё зразумела. Узровень КХЛ-2020/21 ужо пачаў падаць, але пасля 24 лютага 2022 ён абваліўся. З лігі сышоў «Ёкерыт», што спрасціла «Дынама» жыццё ў барацьбе за топ-8. З лігі сышлі некаторыя топавыя гульцы – узровень клубаў упаў, у той час як узровень «Дынама» застаўся плюс-мінус на тым жа ўзроўні.

Але сезон у «Дынама» атрымаўся ганебным

Сур’ёзна. Заняць 8-е месца з 11 камандаў, дзве з якіх за плэй-оф і не збіраліся змагацца – гэта «ўзровень». Яшчэ большы ўзровень – што «Дынама» абыйшло толькі, прабачце, зусім дохлы «Спартак». Які тры разы за сезон змяняў трэнераў і гуляў невядома ў што.

Пры гэтым «Северсталь», дзе сапраўды гуляе моладзь і дзе няма такіх грошай, як у Мінску, ці «Віцязь», які ў сваім складзе мае другагатункавых па мерках КХЛ гульцоў – яны апынуліся вышэй за «Дынама». І гэта пры тым, што цяпер клуб мае вялікі бюджэт, неабмежаваную колькасць легіянераў і зручную столь заробкаў у КХЛ. Уся паказальнасць сітуацыіі ў тым, што апошнія гады «Дынама» знаходзіцца ў выдатных для сябе ўмовах, але так і не здолела здабыць штосьці большае, чым чарговае 7-е ці 8-е месца ў канферэнцыі. У нейкім сэнсе гэта паказальная вітрына лукашызма, бо нават у выдатных умовах клуб выдае ганебны сезон.

Кіраўніцтва клуба, напэўна, будзе казаць пра поспехі пасля чарговых 1-4 ад СКА. Маўляў, няважна, што прайгралі серыю, галоўнае, што маем ужо трэці выхад у плэй-оф запар. Цяпер беларускі хакей ух як зажыў! Але насамрэч выснова сумная – рэкорд стаў праявай слабасці КХЛ, якая няспынна дэградуе з 2020 года. Проста «Дынама» дэградуе крыху марудней, чым ліга.

Але гэта менавіта дэградацыя, а не развіццё.

Іншыя пасты блога

Усе пасты