Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбол/«Жальгірыс» перамог «Баварыю»: Эванс і Уланавас удвая набралі 50 ачкоў

«Жальгірыс» перамог «Баварыю»: Эванс і Уланавас удвая набралі 50 ачкоў

Блог — Баскетбол
Аўтар — Скай Волк
23 снежня 2022, 23:00
«Жальгірыс» перамог «Баварыю»: Эванс і Уланавас удвая набралі 50 ачкоў

На апошнюю ў гэтым годзе дамашнюю гульню ў Каўнас прыехала «Баварыя». Нямецкі віцэ-чэмпіён у мінулым сезоне дайшоў да чвэрцьфінала Еўралігі, дзе ў даволі ўпартым супрацьстаянні саступіў «Барселоне» (2:3). У гэтым сезоне немцы пра плэй-оф пакуль не думаюць: у каманды толькі 5 перамог у 14 матчах. Затое «Жальгірыс», праваліўшы мінулы сезон, у гэтым сваіх заўзятараў радуе – і сапраўды мае добры шанец на першы за некалькі гадоў чвэрцьфінал. Але загадваць яшчэ далёка.

«Жальгірыс» выйшаў на пляцоўку без Лякавічуса, а «Баварыя» прыехала ў Каўнас без Лучыча, Обста і Шышко. Эванс пачаў матч з трохачковага кідка. Наступным свае +3 закінуў добра вядомы каўнаскім заўзятарам Гіфі – у мінулым сезоне ён якраз гуляў у Каўнасе. Другі кідок Эванса ў кошык зноў прынёс тры ачкі «Жальгірысу», але «Баварыя выйшла наперад»: на гэта сваей трошкай адказаў Уолдэн. Пры 8:12 Максвіціс узяў тайм-аўт, што прынесла свае вынікі.

Трохачковыя Эванса і Шмітса зрабілі лік 19:15. А калі «Баварыя» зноў падкралася на адно ачко, Улановас чарговым трохачковым давёў лік да 22:18, а пасля паспяховага штрафнога кідка Буткявічуса закінуў яшчэ адзін – 26:18. На гэта немцы паспелі адказаць сваім трохачковым – і з лікам 26:21 каманды пайшлі на першы перапынак.

«Баварыя» моцна пачала другую чвэрць, зарабіўшы 7 балаў, прычым апошнія два – здзеклівым слэм-данкам Рубіта (26:28). Максвіціс зноў узяў тайм-аўт. І гэта зноў спрацоўвае – Эванс выводзіць каўнасцаў наперад (33:28), а за нім справу ў свае рукі ўзяў Біруціс, які двойчы за паўхвіліны закінуў у кошык немцаў (37:30). Пасля тайм-аўта немцы зайгралі хутчэй, але гэта не ўратавала іх ад чарговых двух ачкоў Біруціса, а пасля яшчэ і ад двух ягоных паспяховых штрафных кідкоў. На перапынак каманды пайшлі з лікам 44:35.

Трэцью чвэрць «Баварыя» пачала з трохачковага ад Рубіта. У нейкі момант падавалася, што вось-вось і немцы змогуць перахапіць ініцыятыву (46:42), але Эванс і Улановас зноў вярнулі адрыў +9 ад суперніка, а пасля тайм-аўта «Баварыі» капітан зноў закінуў трохачковы (56:44). Апошнюю хвіліну «Баварыя» валодала мячом, але ўсё, на што здолела нямецкая каманда, гэта захаваць адрыў +12, адгуляўшы на апошніх секундах два ачкі. На перапынак каманды сышлі з лікам 60:48.

Немцы нібыта пачалі скарачаць адрыў, але «Жальгірыс» зноў вярнуў парытэт, а пасля Браздзейкіс давёў да +14 да 6 хвілін да канца. Адгуляць такое было складана, хаця «Баварыя» працягвала змагацца. А заўзятары завяліся і вельмі гучна падтрымлівалі любімую каманду, скандуючы «Жаль-гі-рыс!» падчас атак зялёных ці выдавая магутны свіст падчас атак белых.

За 4:18 да канца гульні арбітр выдаліў галоўнага трэнера «Баварыі» Трынк’еры за ягоныя паводзіны – арэна радасна прыняла гэтую падзею, а капітан Улановас паспяхова выканаў два штрафныя кідкі і давёў лік да 69:54. Фактычна з гэтага моманта ўся арэна ўжо святкавала непазбежную перамогу, хаця «Баварыя», безумоўна, спрабавала змагацца. Цягам апошняй хвіліны немцы здолелі скараціць адрыў да +8, але гэтага ўжо не хапіла, каб зачапіцца хаця б за авертайм.

Немцы працягваюць валіцца па сезоне, а вось «Жальгірыс» зноў здабыў перамогу пры 15 тысячах гледачоў – з другога дамашняга матча ў каўнасцаў солд-аўт за солд-аўтам.

Выдатны перфоманс выдаў Кінан Эванс – у амерыканца ажно 32 ачкі (4 падборы і 4 перадачы) з 5 рэалізаванымі трохачковымі. Эванс, які паймаў кураж, гэта моцная сіла – і пра гэта лепш за ўсё памятаюць нямецкія каманды. Не толькі «Баварыя», але яшчэ і «Альба», якую Эванс таксама разнёс пяццю трохачковымі.

Трэба адзначыць і Улановаса – капітан набраў 18 ачкоў (7 падбораў і 1 перадача), знаходзячыся на пляцоўцы амаль 32 хвіліны. Фактычна ён з Эвансам і апынуўся галоўнымі лакаматывамі перамогі – трэці па колькасці ачкоў Шмітс здабыў толькі 6.

Дзякуючы гэтай перамозе «Жальгірыс» выйшаў на 9 месца, саступаючы «Макабі» і «Анадалу Эфес» толькі за кошт дадатковых паказчыкаў. Усё самае цікавае ў гонцы за плэй-оф яшчэ наперадзе, але калі «Жальгірыс» і далей будзе без праблем разбірацца з сераднякамі, усё будзе добра – бо фаварытаў разносіць каўнасцы ўмеюць.

Фота: Жальгірыс Каўнас

Іншыя пасты блога

Усе пасты