Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбол/«Жальгірыс» знішчае «Фенербахчэ», але губляе лідара

«Жальгірыс» знішчае «Фенербахчэ», але губляе лідара

Блог — Баскетбол
Аўтар — Скай Волк
6 студзеня 2023, 03:14
«Жальгірыс» знішчае «Фенербахчэ», але губляе лідара

5 студзеня ў Каўнас прыехаў турэцкі «Фенербахчэ». Каманда Дзімітрыса Ітудзіса прыехала ў Літву, займаючы пятае месца (10-6). Пасля выдатнага старту з пяці перамог запар туркі крыху спусціліся ўніз – не ў апошнюю чаргу праз дзейнічаючую серыю з чатырох параз запар. У Каўнасе за туркаў праз траўмы не змаглі згуляць Біберавіч, Бьеліца і Джакіры. У «Жальгірыса» страты таксама сур’ёзныя: Кавано і Калньеціс. На жаль, падчас гэтага матчу літоўцы атрымалі яшчэ адну цяжкую страту, але пра гэта – у канцы тэкста.

Такім чынам, каўнасцы, якія перад гэтай гульнёй займалі 9 радок (8-8), гулялі супраць непасрэднага суперніка за зону плэй-оф – і тым цікавей для заўзятараў. Якія, як і ва ўсіх мінулых хатніх гульнях, акрамя першай, зноў раскупілі ўсе квіткі.

«Фенербахчэ» пачаў матч з трохачковага, але праз дзве хвіліны літоўцы ўжо вялі 8:5. Адэтанкунба скараціў адрыў данкам, але ненадоўга. Пры 10:8 Шмітс змагаўся пад кошыкам ледзьве не 10 секунд, але здолеў закінуць мяч як трэба. На трохачковы «Фенербахчэ» Браздзейкіс адказаў сваімі трыма і зрабіў лік 17:13, а пасля кароткай камбінацыі з удзелам Буткявічуса і Шмітса Біруціс дадаў яшчэ 2 ачкі.

Ітудзіс адразу узяў тайм-аўт, каб выратаваць сітуацыю і крыху збіць кураж літоўскай каманды. Гэта спрацавала і Мотлі закінуў двухачковы. Пасля хвіліны «арэляў» мяч дайшоў да Улановаса, які за 30 секунд да канца закінуў двухачковы. Мяч перайшоў да «Фенербахчэ», але Біруціс не дазволіў закінуць Мотлі ў адказ і змахнуў мяч пасля кідка. Першую чвэрць скончылі з лікам 21:15.

У пачатку другой чвэрці «Фенербахчэ» хутка закінуў, але літоўцы на гэта адказалі двумя атакамі з +2, прычым у другой Улановас адпрацаваў пад шчытом, а пасля падправіў мяч, які не хацеў трапляць у кошык. «Фенербахчэ» на гэта адказаў двухачковым ад Эдвардса, а праз дзве хвіліны давёў лік да 25:23. Тут тайм-аўт узяў ужо Максвіціс, каб скарэктаваць гульню сваёй каманды. І Дзімша апраўдаў давер трэнера, які яго выпусціў, закінуўшы трохачковы. Эдвардс амаль адразу закінуў у адказ (28:25). Падчас атакі літоўцаў Браздзейкіс кідаў у кошык: не трапляе, падбірае мяч, зноў кідае, зноў не трапляе – але партнёра выратоўвае Біруціс, які падскочыў і адправіў мяч у кошык выдатным данкам. Каманды абмяняліся хуткімі атакамі (закінулі Лякавічус і Мотлі), пасля чаго Лякавічус дадаў яшчэ два – і Ітудзіс узяў тайм-аўт (34:28).

Ягоная каманда пачала цікавую камбінацыю, у канцы якой Махмутаглу кідаў на тры ачкі, але Шмітс здолеў так падскочыць, што змяніў траэкторыю палёта мяча, а Буткявічус падабраў яго – і пасля хуткай атакі Шмітс падышоў да кошыка, каб кідаць штрафныя. Закінуў, што характэрна, абодва. А вось Пьер з «Фенербахчэ» не толькі не закінуў ніводнага, але яшчэ і дазволіў Буткявічусу забраць мяч – і гэта дазволіла Лякавічусу зноў закінуць двухачковы. За хвіліну да канца чвэрці ўся арэна ўскочыла і закрычала – гэта Уланавас згубіў мяч, але Буткявічус паспеў яго падабраць і з нязручнай пазіцыі за 0.7 да канца атакі трапна закінуць трохачковы.

За 19,6 секунд да сканчэння чвэрці Шмітс сфаліў, каб захаваць дастаткова часу для атакі сваёй каманды. Разлік быў выдатным: Штрафныя кідаў Бірсан – і не закінуў аніводнага. Праўда, на падборы мяч дастаўся «Фенербахчэ». Туркі ўсё ж не здолелі закінуць яшчэ, але і літоўцам гэтага зрабіць не дазволілі, таму па выніках двух чвэрцяў на табло гарэў камфортны для «Жальгірыса» лік 41:30.

Пачатак трэцяй чвэрці – цалкам за «Жальгірысам» і Максвіцісам. Спачатку Браздзейкіс закінуў +2, пасля Біруціс пад шчытом абышоў усіх супернікаў і закінуў свае +2. Наступная атака «Жальгірыса» цягнулася амаль хвіліну, бо пасля кожнага кідка ў шчыт літоўцы падбіралі мяч. І скончылася атака выдатным трохачковым ад Дзімшы, пасля чаго «Жальгірыс» дадаў яшчэ двухачковы і давёў лік да 50:30.

Непрыемны для «Фенербахчэ» пачатак чвэрці размачыў Мотлі, які закінуў адзін штрафны. На гэта Дзімша наўпрост закінуў яшчэ адзін трохачковы (53:31). Ітудзіс узяў тайм-аўт, бо глядзець на гэта фанатам турэцкай каманды, напэўна, балюча. І ўсё роўна атака ў туркаў не атрымалася. Затое Дзімша ў адказ зноў закінуў трохачковы.

Падчас наступнай атакі «Фенербахчэ» арэна выдала такі гучны свіст, што вушкі заклала ў кожнага гульца. Уілбекін усё ж закінуў, але праз 10 секунд Біруціс узнавіў адрыў у +25, а пасля дадаў яшчэ адзін бал са штрафнога (59:33). У гэты момант на экране паказалі занадта задумлівага Ітудзіса, які, падаеццца, не ведаў што рабіць. Сітуацыю крыху падправіў Пьер, які закінуў трохачковы для «Фенербахчэ». А вось Дзімша, якому зноў далі кінуць трохачковы, на гэты раз парадаваў заўзятараў яшчэ больш цікавым кідком, пасля якога мяч намертва захрас паміж кошыкам і шчытом. Мяч у выніку ўводзілі ў цэнтры пляцоўкі як спрэчны.

Браздзейкіс дадаў +2, а вось мяч пасля кідка Букера нібыта задумаўся, але ў выніку ў кошык не патрапіў. Таму амерыканец кідаў два штрафных кідка – і закінуў толькі адзін. Мяч атрымалі літоўцы. Дзімшы на пляцоўцы ўжо не было, таму Браздзейкіс сціпла закінуў чарговыя +2. Пасля трох чвэрцяў лік быў 67:40 на карысць «Жальгірыса», прычым у трэцяй чвэрці «Фенербахчэ» набраў толькі 10 ачкоў («Жальгірыс» – 26).

Апошняя чвэрць выглядала простай фармальнасцю, бо адгуляць адрыў у +27 яшчэ ні ў каго не атрымлівалася ў Еўралізе. Тым больш, што па выніках 30 хвілін «Фенербахчэ» не выглядаў камандой, здольнай на гэта. І хоць туркі хутка набралі 4 ачкі, Лякавічус адным трохачковым амаль нівеліраваў усе іх намаганні. На наступныя турэцкія +4 «Жальгірыс» адказаў двухачковымі Улановаса і Гедрайціса. Так чвэрць і працягвалася. Усе 10 хвілін «Жальгірыс» трымаў адрыў вышэй за 20, нават блізка не падпускаючы туркаў да магчымага камбэку.

Матч скончыўся перамогай «Жальгірыса» з лікам 86:66. Туркі атрымліваюць пятую паразу запар, а літоўцы працягваюць гонку за плэй-оф, прычым паслядоўна перамагаюць непасрэдных канкурэнтаў.

У адсутнасць Кавано саліраваў Браздзейкіс, які правёў на пляцоўцы 28:28 і набраў 17 ачкоў. У Дзімшы таксама 17 – чатыры ягоных трохачковых сур’ёзна падкасілі «Фенербахчэ» і не далі туркам падабрацца да роўнага ліку.

Але гэтая перамога, хоць яна і была ўпэўненай, далася каўнасцам вельмі дорага. Ужо на першай хвіліне Кінан Эванс, адзін з лідараў каманды, атрымаў цяжкую траўму і прапусціць 6-8 месяцаў. Цяпер Максвіцісу і ўсяму спартоваму аддзелу давядзецца ламаць галаву, як замяніць легіянера – а зрабіць гэта будзе вельмі складана.

Фота: Жальгірыс Каўнас

Іншыя пасты блога

Усе пасты