Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/«Дынама» Вудкрафта выдала месячную серыю параз – нядрэнная спроба, але трэнерскія антырэкорды ўсё ж засталіся ў 2019-м (як жа там бязлiтасна білі мінчан)

«Дынама» Вудкрафта выдала месячную серыю параз – нядрэнная спроба, але трэнерскія антырэкорды ўсё ж засталіся ў 2019-м (як жа там бязлiтасна білі мінчан)

Але часам былі і пераможныя палосы.

Аўтар — bytribuna com
12 студзеня 2023, 11:00
«Дынама» Вудкрафта выдала месячную серыю параз – нядрэнная спроба, але трэнерскія антырэкорды ўсё ж засталіся ў 2019-м (як жа там бязлiтасна білі мінчан)

Снежань-2022 стаў для хакейнага мінскага «Дынама» месяцам параз – пасля перамогі 2 снежня над «Сочы» беларускі клуб прайграў 8 разоў запар. Потым наступіў 2023-i, які стартаваў з перамог над «Амурам» і «Адміралам», – але наступствы застаюцца: цяпер «Дынама» (атрымаўшы да таго ж 2:6 ад «Куньлуня») адстае на тры ачкі ад зоны плэй-оф, у якую ўваходзіла да серыі.

Зрэшты, нават калі б год пачаўся інакш, наўрад ці гэта пачало б пагражаць пазіцыям канадскага трэнера каманды Крэйга Вудкрафта. Пры ім былі серыі без перамог і даўжэйшыя – але гэта ніяк не ўплывала на давер да трэнера. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што і выйгрышныя адрэзкі пры паўночнаамерыканцы ў каманды былі. Успамінаем самыя доўгія «чорныя» і «белыя» палосы «Дынама» Вудкрафта.

Паразы

12 матчаў, сезон-2019/20

Каму саступілі: «Адмірал» (2:3, АТ) (д), «Лакаматыў» (3:6) (г), «Барыс» (1:5) (г), «Сочы» (1:4) (г), «Поўначсталь» (3:4, Б) (д), ЦСКА (2:5) (д), «Лакаматыў» (2:3, АТ) (д), «Сочы» (3:5) (д), «Адмірал» (1:5) (г), «Амур» (3:4) (г), «Куньлунь» (1:2) (г), «Дынама» Рыга (0:2) (д).

Гэта быў самы правальны сезон у гісторыі выступленняў каманды ў КХЛ: усяго 14 перамог у 62 матчах і апошняе месца па ачках ва ўсёй лізе. Пасля выязной перамогі над «Авангардам» (2:1) 23 лістапада 2019 года «зубры» наступным разам перамаглі толькі 3 студзеня 2020-га – у Чарапаўцы «Поўначсталь» (3:2).

Паміж гэтымі матчамі «Дынама» саступіла 12 разоў, прычым палова матчаў гэтай серыі прайшла на «Мінск-Арэне». У сярэднім за гульню сталічны клуб прапускаў 4 шайбы. Серыя магла спыніцца на адзнаке ў дзевяць матчаў, але ў Хабараўску мінчане ўпусцілі перамогу, хаця вялi падчас сустрэчы з лікам 3:0.

Цытата. «Ці няма ў мяне адчування, што я ўжо нічым не магу дапамагчы калектыву? Не, у мяне няма такой думкі. Без сумневаў, гэта вельмі цяжка для каманды. Але вы ніколі не ўбачыце, як я ці трэнерскі штаб складзем рукі і перастанем працаваць», – казаў Вудкрафт пасля рэкорднай 12-й паразы запар.

11 матчаў, сезон-2019/20

Каму саступілі: «Ак Барс» (2:4) (д), «Дынама» Рыга (2:3) (г), «Ёкерыт» (2:3) (г), «Віцязь» (0:3) (г), «Тарпеда» (0:6) (д), «Барыс» (1:2, Б) (д), «Дынама» Рыга (1:2) (д), «Салават Юлаеў» (2:3, АТ) (д), «Трактар» (1:4) (г), «Металург» Мг (2:3, АТ) (г), «Салават Юлаеў» (1:9) (г).

У канцы 2019-га Вудкрафт з камандай білі свой жа антырэкорд – да таго не перамагалі з 6 кастрычніка па 3 лістапада (дзве серыі аддзяліла ўсяго 20 дзён). Тады каманда саступіла 11 разоў запар – такое ўжо было ў сезоне-2018/19, і тады правальны адрэзак каштаваў пасады канадскаму трэнеру Гордзі Дуайеру. Вудкрафт жа змог застацца ў руля каманды нават пасля двух такіх серый.

Асабліва балючымі ў кастрычніку сталі паразы ад «Тарпеда» дома з шасцю прапушчанымі шайбамі без адказу і ва Уфе, дзе дынамаўцы пацярпелі найбуйнейшую паразу ў гісторыі, на 9 шайб ад «Салавата Юлаева» адказаўшы толькі адной.

Цытата. «Кантракт Крэйга Вудкрафта заключаны на два сезоны, і гэта зроблена не выпадкова. Мы выбудоўваем доўгатэрміновую стратэгію развіцця «Дынама», якая прадугледжвае карпатлівую працу з маладымі беларускімі гульцамі з прыцэлам на чэмпіянат свету 2021 года», – казаў у лістападзе 2019-га тагачасны гендырэктар мiнчан Дзмiтрый Баскаў.

8 матчаў, сезон-2022/23

Каму саступілі: «Поўначсталь» (3:4) (г), СКА (3:5) (г), ЦСКА (1:5) (г), «Дынама» М (0:2) (д), «Поўначсталь» (0:4) (д), «Нафтахімік» (4:7) (г), «Тарпеда» (2:3) (г), «Спартак» (5:6, Б) (г).

Нядаўна скончаная серыя стала трэцяй па працягласці для клуба пры Вудкрафце. За гэтыя 8 матчаў «Дынама» прапусціла 36 шайб (4,5 у сярэднім за гульню), усухую прайграла абедзве сустрэчы дома і, як ужо згадвалася, выпала з зоны плэй-оф. Не дапамог нават экстранны сход пасля заканчэння матчу з «Нафтахімікам», з-за якога трэнер спазніўся на прэс-канферэнцыю на паўгадзіны – пасля каманда саступіла яшчэ двойчы.

У гэтым сезоне ў каманды ёсць яшчэ тры менш працяглыя серыі параз: двойчы па пяць сустрэч запар у кастрычніку і лістападзе, а таксама чатыры матчы запар у верасні.

Цытата. «У Вудкрафта дзейны кантракт, ён нармальна спраўляецца са сваімі абавязкамі. На дадзены момант пытанне па яго тэрміновай замене наогул не ўздымалася», – казаў цяперашні гендырэктар мінчан Сяргей Сушко наўпрост падчас серыі паражэнняў.

6 матчаў, сезон-2019/20

Каму саступілі: «Лакаматыў» (1:4) (г), «Аўтамабіліст» (4:6) (д), ЦСКА (1:4) (д), ЦСКА (1:8) (г), «Ак Барс» (4:5) (г), «Лакаматыў» (3:5) (д).

Сапраўды гістарычны сезон каманда завяршыла яшчэ адной серыяй параз: у перыяд з 13 па 25 лютага 2020-га каманда ўступіла шэсць разоў запар, прапусціўшы 32 шайбы. Асабліва пастараліся маскоўскія «армейцы», закінуўшы за дзве сустрэчы 12 разоў. Нядзіўна, што менавіта той сезон стаў найгоршым для «Дынама» у плане прапушчаных шайб: 232 за 62 матчы «рэгуляркі».

Цытата. «Крэйг Вудкрафт – гэта «ўбогая пародыя» на паспяховых і таленавітых прадстаўнікоў канадскай трэнерскай школы. Шчыра шкада, што гэты пасрэдны «спецыяліст» мае беспрэцэдэнтныя магчымасці і прывілеі ў нашай краіне», – напісаў у сваім Instagram былы спартыўны дырэктар «Дынама» Алег Іваноў пасля чарговай паразы каманды.

6 матчаў, сезон-2021/22

Каму саступілі: «Лакаматыў» (3:7) (д), «Поўначсталь» (3:4, Б) (д), ЦСКА (3:6) (д), «Сібір» (1:2 Б) (д ), «Барыс» (2:3, Б) (г), «Металург» Мг (4:5, Б) (г).

Закрываюць топ-5 самых працяглых серый паражэнняў Вудкрафта ў «Дынама» шэсць паражэнняў у лістападзе 2021 года. Спачатку каманда тройчы запар прайграла на «Мінск-Арэне», закідваючы пры гэтым сапернікам па тры шайбы, а затым яшчэ столькі ж разоў уступіла па булітах. Праўда, варта зрабіць скідку на тое, што ў той перыяд з-за траўм і хвароб (пандэмія не абыйшла) па-за гульнёй заставалася вялікая колькасць хакеістаў мінчан.

Цытата. «Цяпер проста трэба крыху пачакаць і пацярпець. Не можа быць вынік зроблены тут і зараз. Гэта дастаткова доўгая падрыхтоўка. Тут павінны разам зліцца ўсе складнікі поспеху», – апраўдваў няўдачы генеральны сакратар ФХБ Андрэй Башко.

Серыі перамог

Рэкорд даўжыні паспяховай серыі «Дынама» трымаецца ўжо восем гадоў: у сезоне-2014/15 дзевяць перамог запар атрымала каманда пад кіраўніцтвам Любаміра Покавіча.

Пры Вудкрафце ж лепшы паказчык складае сем паядынкаў, у гэтым жа розыгрышы КХЛ максімум – чатыры запар у лістападзе. Горш пры канадскім спецыялісты было толькі ў правальным сезоне-2019/20, калі мінчане змаглі выдаць паласу толькі з трох перамог.

7 матчаў, сезон-2021/22

Каго абыгралі: «Амур» (2:1) (д), «Нафтахімік» (3:1) (д), «Сочы» (7:3) (г), «Ак Барс» (4:3, АТ) (г), «Нафтахімік» (4:3, АТ) (г), «Тарпеда» (4:3) (г), «Куньлунь» (6:5, АТ) (д).

Рэкордная серыя пры Вудкрафце здарылася адносна нядаўна: у верасні-кастрычніку 2021-га каманда выйграла сем паядынкаў у шэраг. Камандзе дапамог не самы цяжкі графік: з «Амурам» і «Куньлунем» каманда гуляла ў Мінску, а з топаў трэба было згуляць толькі ў Казані з «Ак Барсам» (там перамаглі ў авертайме).

Той серыяй «зубры» змаглі падправіць сваё турнірнае становішча, што дапамагло ім пасля выйсці ў плэй-оф – там, праўда, з імі ў чатырох матчах першага раунда лёгка разабраўся СКА.

6 матчаў, сезон-2016/17 (двойчы)

Каго абыгралі ў верасні-2016: «Сібір» (5:4, АТ) (д), «Дынама» М (3:0) (г), «Ак Барс» (5:3) (г), «Лада» (3:2) (г), «Нафтахімік» (4:2) (г), «Лакаматыў» (2:0) (д).

Каго абыгралі ў снежні-2016: «Слован» (4:1) (д), «Медзвяшчак» (6:2) (д), «Металург» Нк (2:0) (г), «Сібір» (3:1) (г), «Авангард» (1:0) (г), СКА (5:4) (д).

Першы сезон канадца ў клубе да гэтага часу застаецца самым паспяховым для клуба ў гісторыі: каманда фінішавала пятай на Захадзе, аформіўшы за рэгулярны чэмпіянат 37 перамог у 60 матчах (праўда, не змагла нічога супрацьпаставіць у плэй-оф «Лакаматыву»). Больш за тое, «Дынама» выдала адразу чатыры серыі з 5+ перамогамі запар. У верасні і снежні каманда выдала па шэсць матчаў запар без параз, толькі адзін з іх скончыўшы не ў асноўны час.

Нельга не адзначыць, што каманда за гэты час абыграла не адзін топ-клуб КХЛ: маскоўскае «Дынама», «Ак Барс», «Лакаматыў», «Авангард», СКА па выніку гулялі ў паўфіналах канферэнцый Кубка Гагарына ў тым сезоне.

6 матчаў, сезон-2020/21

Каго абыгралі: «Спартак» (4:3, АТ) (г), «Віцязь» (4:2) (г), «Сібір» (5:4) (д), «Аўтамабіліст» (4:3) (г), «Трактар» (3:2 Б) (г), «Поўначсталь» (4:1) (г).

Пазамiнулы сезон мінскае «Дынама» пачало ўдарна: у 10 стартавых матчах перамагло 8 разоў, у тым ліку выдаўшы ў верасні серыю з шасці вікторый. Дадатковай вагі гэтым перамогам надае, што пяць з шасці матчаў каманда правяла на выездзе.

Гэта дапамагло дынамаўцам заскочыць у топ-4 Захаду, але доўга яны там не пратрымаліся: пяць параз запар у кастрычніку адкінулі іх да больш звыклых месцаў на мяжы зоны плэй-оф – па выніку фінішавалі ў «рэгулярцы» сёмымі, а ў першым раўндзе Кубка Гагарына хутка саступілі СКА (1-4).

Іншыя пасты блога

Усе пасты