Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Хакеіст «Лакаматыва» ударыў ляжачага суперніка, а потым паказаў «факі» заўзятарам у Магілёве. Давялося выбачацца, але атрымалася своеасабліва

Хакеіст «Лакаматыва» ударыў ляжачага суперніка, а потым паказаў «факі» заўзятарам у Магілёве. Давялося выбачацца, але атрымалася своеасабліва

За свае паводзіны ў Уладзіслава Баркоўскага матч-штраф.

Аўтар — Alex Zagorski
15 лютага 2023, 17:28
Хакеіст «Лакаматыва» ударыў ляжачага суперніка, а потым паказаў «факі» заўзятарам у Магілёве. Давялося выбачацца, але атрымалася своеасабліва

14 лютага заўзятары гульні экстралігі паміж «Магілёвам» і «Лакаматывам» ледзьве не пабачылі карму ў дзеянні. Справа ў тым, што абаронца гасцявой каманды Уладзіслаў Баркоўскі на роўным месцы атрымаў спачатку дысцыплінарны, а потым і ўвогуле матч-штраф, пасля чаго «Лакаматыў» быў блізкі да таго, каб згубіць 100%-ю перамогу.

Напрыканцы трэцяга перыяду, калі аршанская каманда вяла з лікам 4:1, Баркоўскі распачаў бойку з гульцом «Магілёва» Аляксандрам Козінавым. Хуткай перамогі над супернікам яму падалося мала, таму ён ударыў ужо ляжачага Козінава, але і тут не спыніўся – калі ехаў на лаву штрафнікоў паказаў непрыстойны жэст магілёўскай публіцы.

У выніку за свае дзеянні абаронца «Лакаматыва» атрымаў дысцыплінарныя 20 хвілін і матч-штраф. Пасля гэтага «Магілёў» закінуў двойчы: спачатку адзначыўся «пацярпелы» Аляксандр Козінаў, яшчэ адной шайбай за восем секунд да канца матчу адзначыўся Глеб Быліна. Але гэтага не хапіла – перамога 4:3 за аршанцамі.

Пра гэткае выдаленне свайго гульца на пасляматчавай канферэнцыі выказаўся галоўны трэнер «Лакаматыва» Ігар Жылінскі:

– За гэта ён, канешне, будзе пакараны і федэрацыяй, падвёў каманду адназначна. Гэта не ёсць добра, але гэта ўжо адбылося. На жаль, нічога не вярнуць і ён сам гэта зараз выдатна разумее. Таму неяк так. Будзем выходзіць са становішча, у нас ёсць каму гуляць у абароне. Знойдзем выйсце.

Таксама выбачыўся за паводзіны і сам Уладзіслаў Баркоўскі, але зрабіў гэта своеасабліва:

– Хацелася б, найперш, папрасіць прабачэння за свой эмацыйны жэст у бок трыбун, гэта было зроблена на эмоцыях. Мы не робаты, а звычайныя людзі і бывае, што часам эмоцыі перавешваюць. Тым больш іх цяжэй кантраляваць, калі ідзе такое жудаснае стаўленне трыбун у бок каманды, – цытуе Баркоўскага Telegram-канал Selivon.

Пасля перамогі «Лакаматыў» займае шостае месца ў табліцы і працягвае змагацца за плэй-оф. «Магілёў» жа ідзе на апошнім радку.

Іншыя пасты блога

Усе пасты