Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/«Нёман» не выклаў фота фанатаў з матчу, дзе іх працягнулі «вязаць», – на наступным не відаць ранейшых твараў, затое прыкметна паболела людзей без атрыбутыкі

«Нёман» не выклаў фота фанатаў з матчу, дзе іх працягнулі «вязаць», – на наступным не відаць ранейшых твараў, затое прыкметна паболела людзей без атрыбутыкі

Тыя, хто застаўся на волі, не бачаць падстаў не хадзіць на гульні.

Аўтар — bytribuna com
16 сакавіка 2023, 16:28
«Нёман» не выклаў фота фанатаў з матчу, дзе іх працягнулі «вязаць», – на наступным не відаць ранейшых твараў, затое прыкметна паболела людзей без атрыбутыкі

Навіна тыдня ў беларускім хакеі, на жаль, звязаная з чарговымі рэпрэсіямі з боку рэжыму. На гэты раз яны закранулі фанатаў хакейнага «Нёмана» - перад пачаткам першага, чвэрцьфінальнага раунда плэй-оф Экстралігі. Наогул са жніўня 2020-га фан-сектар гродзенскага клуба байкатаваў матчы - але ў верасні 2022-га было абвешчана пра вяртанне. Па інфармацыі «Трыбуны», актыўныя фанаты тады не толькі пагадзіліся вярнуцца, але і пры пасрэдніцтве клуба заключылі дамоўленасць з лукашэнкаўскімі сілавікамі - сектар не дапускае ніякіх ідэалагічных адхіленняў, а ўзамен іх не чапаюць.

Але фанаты забыліся, што рэжым сумленна не гуляў ніколі – дастаткова ўзгадаць, якую колькасць дзейных хакеістаў заяўлялі ў нібыта аматарскую каманду Лукашэнкі на ягоныя турніры. Цяпер каля двух дзясяткаў заўсёднікаў сектара адбываюць «суткі» ў ізалятары і чакаюць далейшага лёсу - выпусцяць іх ці не.

23 лютага фанаты яшчэ былі на волі, а ў Гродне праходзіў матч "Нёмана" супраць "Ліды" (4:2). Фан-сектар на ім выглядаў так.

25 лютага рэгулярны сезон завяршаўся матчам супраць «Дынама-Маладзечна» (3:2 ПБ). Дужыя маладыя людзі былі на месцы.

Пасля першага матчу плэй-оф супраць «Хіміка» (4:3 2 ОТ) 11 сакавіка, напярэдадні якога «павязалі» лідара фан-сектара Сяргея Емяльянава і некаторых яго паплечнікаў, клуб не выклаў ніводнага фота трыбун. Па інфармацыі нашай крыніцы ў хакейных колах, затрымалі некаторых з тых, хто дайшоў на сектар. У каментарах адзначылі рэзкае памяншэнне сектара - фанатаў паспрабавалі абараніць, але вельмі неканкрэтна.

Некаторыя адказы на пытанні пра сектар аказаліся своеасаблівымі. Напрыклад, мяркуючы па профілі, адзін з фанатаў, якога не забралі «сілавікі», не ўбачыў у затрыманнях нагоды прапускаць матчы - ні намёку на салідарнасць.

А прэс-сакратар клуба Віталь Гарбацюк, гэтак жа неканкрэтна прызнаўшы праблемы з сектарам, увогуле назваў «задачай» для заўзятараў замяніць тых, хто «сышоў», - лёс асобных асоб супрацоўніка «Нёмана» відавочна не ўсхваляваў. Больш за тое, ён знайшоў у сітуацыі і нешта вясёлае - пра гэта кажуць цэлых чатыры «смайлы»-дужкі ў канцы.

На другім матчы плэй-оф 13 сакавіка на сектары не было шэрагу асоб, знаёмых па фатаграфіях былых гульняў. Затое з'явіліся некаторыя асобы, якіх не назіралі раней. Ды і ўвогуле стала візуальна прыкметна больш людзей без якой-небудзь атрыбутыкі – паводле інфармацыі нашай крыніцы, сектар «дапоўнілі» прадстаўнікамі мясцовага БРСМ.

А на чарговае пытанне пра знікненне шэрагу фанатаў яшчэ адзін з тых, каго затрыманні на сектары абышлі бокам, зрабіў выгляд, што не зразумеў пытання - сектар жа кімсьці запоўнены.

Увогуле, персанальныя праблемы суседзяў па сектары мала хвалююць тых, хто на ім застаўся - у каментарах абяцаюць зрабіць усё, каб вярнуць барабан (не чалавека, які звычайна па ім стукае, а новы інструмент, вядома), і працягваць «зрываць галасы» за клуб падпісантаў за рэжым.

Іншыя пасты блога

Усе пасты