Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Гэтага беларуса «Дынама» хочуць топы КХЛ: з трох спроб зразумеў, што зараз яго час, напружваў СКА ў плэй-оф, прайграў Лукашэнку, які прыціснуў да борта

Гэтага беларуса «Дынама» хочуць топы КХЛ: з трох спроб зразумеў, што зараз яго час, напружваў СКА ў плэй-оф, прайграў Лукашэнку, які прыціснуў да борта

Дапамагае расiйскі ліміт на легіянераў.

Аўтар — bytribuna com
23 красавіка 2023, 09:57
Гэтага беларуса «Дынама» хочуць топы КХЛ: з трох спроб зразумеў, што зараз яго час, напружваў СКА ў плэй-оф, прайграў Лукашэнку, які прыціснуў да борта

Нападаючы мінскага «Дынама» Уладзімір Алістраў трапіў у сферу інтарэсаў адразу двух топ-клубаў КХЛ – СКА і «Авангарда», якія дайшлі да паўфіналу Кубка Гагарына. Пагадненне 22-гадовага беларускага хакеіста з «зубрамі» заканчваецца 30 красавіка, пасля чаго ён стане абмежавана свабодным агентам. Каб атрымаць правы на хакеіста, расійскім клубам трэба будзе або заплаціць «Дынама» кампенсацыю, або зрабіць гульцу такую прапанову па кантракце, якую мінскі клуб не зможа паўтарыць (калі на працягу тыдня «Дынама» прапануе такую ж суму, гулец застанецца).

Чым так добры Алістраў, што прыцягнуў грандаў? Самы банальны адказ – уразіў гульнёй у першым раундзе плэй-оф КХЛ супраць пецярбуржцаў. За шэсць матчаў серыі беларускі хакеіст набраў 3+1, стаўшы найлепшым снайперам «Дынама» ў Кубку Гагарына. Пры гэтым усе галы Алістрава выйшлі няпростымі – нават шайба ў пустыя атрымалася пасля адбору, а яшчэ адна наогул прыйшлася на гульню ў меншасці.

Варта адзначыць і тое, што ад сезона да сезона расце статыстыка Алістрава ў КХЛ. Форвард дэбютаваў у лізе ў сезоне-2020/21, калі вярнуўся з-за акіяна пасля двух гадоў выступленняў у WHL, і набраў усяго 4 (1+3) ачкі ў 41 матчы. У наступным сезоне Алістраву ўдалося ўтрая павялічыць выніковасць – 12 (7+5) балаў у 48 паядынках. З'ехаць у больш сур'ёзны клуб Уладзімір мог ужо тады, аднак прыняў кваліфікацыйную прапанову «Дынама» і застаўся ў Мiнску на год. Тады галоўны трэнер каманды Крэйг Вудкрафт сур'ёзна разлічваў на Алістрава і сказаў падапечнаму, што надыходзіць яго час у «Дынама», таму трэба імкнуцца праявіць сябе з найлепшага боку.

«Я працягваў казаць гэта яму на працягу ўсёй перадсезонкі: прыйшоў час зрабіць крок наперад, паказаць сябе ўсім. А нядаўна сустрэў яго і спытаў: «Алі, які зараз час?» Ён мне адказаў: «3:15». Я перапытаў: «Які зараз час?» Ён адказаў: «26 жніўня». Я яшчэ раз перапытаў: «Які зараз час?» І нарэшце ён адказаў: «А! Цяпер – мой час!» – дзяліўся Вудкрафт.

Коўч актыўна ставіў хакеіста ў высокія звёны і брыгады большасці, што станоўча адбілася на рэзультатыўнасці. Яна вырасла амаль у тры разы – 33 (15+18) балы за 73 матчы сезона.

Хакеіста, рост якога ў раёне 190 см, па габарытах можна назваць вялікім цэнтрам. Гэта вынік узмоцненай работы ў трэнажорнай зале ў апошнія гады, дзякуючы якой Уладзімір аброс мышцамі. Некалькі гадоў таму параметры былі куды сціплейшымi, што перашкодзіла выйсці на драфт НХЛ, хоць калісьці скаўты каціравалі Алістрава вышэй за цяперашняга гульца «Вашынгтона» Аляксея Протаса.

«Разумеў, што шмат гульцоў, якія не трапілі са мной на драфт, што гэта звычайная практыка, не я адзін такі. Моцна я не знерваваўся, зразумеў, што трэба больш трэніравацца, працаваць», – распавядаў Алістраў.

Прыкметна, што беларускі хакеіст на парадак палепшыў свае абарончыя навыкі. У форварда добрая чуйка на адбор шайбы – ён найлепшы ў «Дынама» па дадзеным паказчыку. За мінулую рэгулярку Уладзімір здзейсніў 38 адбораў, а гэта сёмае-восьмае месца па лізе.

Пры гэтым узрослая моц нападаючага ніяк не паўплывала на іншыя кампаненты гульні. Алістраў захаваў сваю высокую хуткасць і манеўранасць. Таксама не пацярпела яго ўменне добра абыходзіцца з шайбай. Дзякуючы працы ў зале яшчэ мацнейшым стаў кідок хакеіста, а гэта станоўчым чынам паўплывала на рэзультатыўнасць, бо Алістраў любіць кідаць. Часцей за яго ў «Дынама» гэта рабіў толькі Раян Спунер – 213 кідкоў супраць 190 у беларускага хакеіста.

Ну і, канешне, падвышае каціроўкі Алістрава ўзмацненне жорсткасці ліміту на легіянераў для расійскіх клубаў КХЛ. Міністэрства спорту іх краіны ў снежні 2022-га аб'явіла, што дапушчальны максімум з сезона 2023/24 скароціцца з пяці да трох гульцоў. Пры гэтым беларускія хакеісты ў Расіі зараз легіянерамі не лічацца, таму попыт на іх застаецца высокім. Той жа СКА, паводле рознай інфармацыі, цікавіцца яшчэ і Віталём Пінчуком, і Сяргеем Сапегам.

У выпадку сыходу з «Дынама» апошнім матчам за каманду для Алістрава (як і для Сапегi) стане пакорны пройгрыш у канцы сакавіка пры пустых трыбунах камандзе Лукашэнкі. Тады ў адным з эпізодаў дыктатар прыціснуў Алістрава да борта.

А пасля гульні хакеіст паляпаў Лукашэнку па плячы.

Таксама Лукашэнка атрымаў ад хакеістаў «Дынама» імянное джэрсі клуба з мноствам аўтографаў – хутчэй за ўсё, Алістрава ў тым ліку.

Іншыя пасты блога

Усе пасты