Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Клуб Шкурына ўжо не лідар Д2 Ізраіля (быў адрыў у 5 ачкоў), а сам беларус папрасіў прабачэння ў заўзятара – але не за гульню

Клуб Шкурына ўжо не лідар Д2 Ізраіля (быў адрыў у 5 ачкоў), а сам беларус папрасіў прабачэння ў заўзятара – але не за гульню

Яшчэ, магчыма, адправіцца ў школу.

Аўтар — bytribuna com
28 снежня 2022, 09:00
3
Клуб Шкурына ўжо не лідар Д2 Ізраіля (быў адрыў у 5 ачкоў), а сам беларус папрасіў прабачэння ў заўзятара – але не за гульню

Ілля Шкурын сезон-2022/23 праводзіць у «Макабі» Пэтах-Тыква з ізраільскага Д2. На новым месцы, у адрозненне ад таго ж польскага «Ракава», атрымліваецца добра: на рахунку беларускага форварда ў 10 стартавых матчах лігі сем галоў плюс яшчэ адзін у Кубку Ізраіля.

Але перад паўзай на час ЧС, якую браў ізраільскі мінор, Шкурын патрапіў у непрыемную гісторыю. Пасля матчу супраць «Агудат Спорт» з Ашдода, у якім Ілля аформіў чарговы мяч, гулец атрымаў чырвоную картку за негульнявы эпізод – калі заўзятары «Макабі» замест падтрымкі сталі папракаць у паразе каманды (1:2) галкіпера Дані Амоса, варатар уступіў у сварку з актыўным «абвінаваўцам», а беларус, не зразумеўшы наезду на партнёра, таксама пачаў на падвышаных танах спрачацца з іншым фанатам (паведамлялася нават пра тое, што ўсё перарасло ў бойку, але гэтая інфармацыя аказалася ілжывай).

«Макабі» неўзабаве выступіў з афіцыйнай заявай, у якой папрасіў прабачэння перад фанатамі, а таксама паведаміў, што справы Шкурына і Амоса будуць разгледжаныя на паседжанні клубнага дысцыплінарнага камітэта. У выніку футбалістам прызначылі штраф на дваіх у 3000 шэкеляў (прыкладна 900 долараў) на карысць фан-арганізацыі клуба, а самому Іллю пастанавілі пры асабістай сустрэчы прынесці прабачэнні гледачу, з якім адбыўся канфлікт.

Па лініі лігі дадатковых пакаранняў беларус не панёс – з-за атрыманай чырвонай карткі прапусціў адзін матч, у якім «Макабі» другі раз запар прайграў (да таго была адна параза за 12 тураў). Але менш чым праз тыдзень каманда Шкурына ўжо з ім у складзе абгуляла ў матчы Кубка Ізраіля аднаго з лідараў элітнага дывізіёна, «Хапаэль» з Іерусаліма (1:0), і выйшла ў 1/8 фіналу. Але наладзіць справы ў чэмпіянаце «Макабі» гэта не дапамагло – былі яшчэ дзве паразы (другая – ад каманды з 15-га месца) з агульным лікам 0:5. Пасля гэтага клуб Шкурына страціў першае месца, якое да чорнай паласы ўтрымліваў з адрывам у пяць ачкоў, – зараз каманда толькі дзеліць другі радок з двума сапернікамі.

Пасля пройгрышу на мінулых выходных прыйшоў час сустрэчы Шкурына з іншым удзельнікам канфлікту. У якасці выбачэння, акрамя слоў, гулец ад імя клуба перадаў гледачу фірмовую футболку. Наўрад цi абыйдзецца без Шкурына і іншае мерапрыемства – гульцы клуба павінны яшчэ наведацца да дзяцей у школу, дзе працуе той заўзятар, з якім першапачаткова стаў спрачацца Амос. Магчыма, такі «тымбілдынг» дапаможа «Макабі» паправіць становішча ў чэмпіянаце, а Іллю – спыніць сваю трохматчавую серыю без галоў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты