Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/У кіпрскім клубе апеку над талентам з Беларусі ўзяў скандальны расіянін: адсядзеў, ездзіў са словам ВОР на аўто, за кар'еру атрымаў 30 млн еўра амаль без тытулаў

У кіпрскім клубе апеку над талентам з Беларусі ўзяў скандальны расіянін: адсядзеў, ездзіў са словам ВОР на аўто, за кар'еру атрымаў 30 млн еўра амаль без тытулаў

Узорны таварыш.

Аўтар — bytribuna com
13 студзеня 2023, 15:46
1
У кіпрскім клубе апеку над талентам з Беларусі ўзяў скандальны расіянін: адсядзеў, ездзіў са словам ВОР на аўто, за кар'еру атрымаў 30 млн еўра амаль без тытулаў

Малады беларускі вінгер Арцём Шуманскі перабраўся гэтай зімой з Барысава на Кіпр і ўжо пачынае асвойвацца на востраве. За «Арыс» ён пакуль яшчэ не дэбютаваў (абодва матчы пасля пераходу заставаўся па-за заяўкай), але ўжо паспеў выступіць з творчым нумарам на каманднай вячэры і даць інтэрв'ю аднаму расійскаму спартыўнаму выданню. У ім ён распавёў, што з прапановай на яго выходзілі вялікія клубы РПЛ, але выбар у выніку паў на Лімасол - ключавым фактарам стаў удзел у еўракубках, а расійскія каманды там у бліжэйшы час праз вайну наўрад ці згуляюць.

Таксама 18-гадовы беларус распавёў, што з дзяцінства марыць гуляць у топ-5 еўрапейскіх ліг, а таксама пра тое, хто яму дапамагае адаптавацца на новым месцы. Тут Шуманскі, вядома ж, адзначыў свайго суайчынніка, падпісанта за Лукашэнку і яшчэ аднаго экс-гульца БАТЭ Яўгена Яблонскага, славака Юліуса Сзоке, які чатыры гады гуляў за салігорскі "Шахцёр", а таксама вопытнага форварда Даніэля Сікорскага - ураджэнца Варшавы з аўстрыйскім пашпартам.

Акрамя таго Арцём зазначыў, што пад сваё крыло яго ўзяў яшчэ адзін рускамоўны гулец "Арыса" - Аляксандр Какорын. Паводле слоў маладога беларуса, расіянін "бачыць у ім маладога сябе" і з-за таго, што сам дэбютаваў у раннім узросце (у 17 згуляў першы матч у дарослым футболе), "ведае, як важна падтрымаць, падказаць малодшаму".

Тлумачым, чаму апякунства расійскага форварда - не найлепшае, што магло здарыцца з адным з галоўных талентаў Беларусі на старце кар'еры.

Не ўбярог малодшага брата ад турмы

Гісторыя з рэальным турэмным тэрмінам - першае з чым асацыюецца фігура Аляксандра Какорына для большасці. У кастрычніку 2018 года тады яшчэ форвард «Зеніта» пасля хатняй гульні супраць «Краснадара» разам з паўабаронцам «быкоў» Паўлам Мамаевым выправіўся ў Маскву, каб адзначыць 10-годдзе іх сяброўства. З футбалістамі ў кампаніі быў іх сябар, а таксама малодшы брат Какорына Кірыл, якому на той момант было ўсяго 19.

Усе разам яны пайшлі ў стрыптыз-клуб (з 2014 года Какорын-старэйшы знаходзіцца ў стасунках са спявачкай Дар'яй Валітавай, а з лета 2017-га пара выхоўвае сына Майкла), дзе правялі ноч. А 7-й раніцы ўсе чацвёра адправіліся святкаваць далей у кавярню, па дарозе, ужо ў кампаніі дзяўчат, учыніўшы бойку: збілі грамадзяніна Беларусі Віталя Салаўчука, які працуе асабістым кіроўцам вядучай «Першага канала» Вольгі Ушаковай (у момант нападу ён чакаў яе на вуліцы ў машыне). Па словах кіроўцы, Какорын-старэйшы падчас інцыдэнту пачаў расказваць яму, як правільна жыць. Салаўчук, атрымаўшы строс мазгоў і чэрапна-мазгавую траўму, трапіў у рэанімацыю.

У кавярні праз пару гадзін кампанія ўсчала яшчэ адну бойку: на гэты раз аб'ектам агрэсіі стаў дырэктар дэпартамента аўтамабільнай прамысловасці і чыгуначнага машынабудавання Мінпрамгандлю Расіі Дзяніс Пак. Чыноўнік заклікаў маладых людзей паводзіцца цішэй (да таго часу на гадзінніку было а 9-й раніцы), на што атрымаў порцыю абраз па нацыянальнай прыкмеце, а ў дадатак форвард «Арыса» нанёс яму ўдарам крэслам.

Па выніку ўсе чацвёра былі прыгавораны да паўтара гадоў пазбаўлення волі, але правялі за кратамі крыху менш за год, выйшаўшы на волю ў верасні 2019-га.

Какорын - сінонім слова «панты»

Уведзеныя ў РПЛ ліміты на легіянераў сур'ёзна ўзнялі попыт на футбалістаў з расійскім пашпартам, з-за чаго моцна падраслі заробкі мясцовых гульцоў. Какорын ужо шмат гадоў праз свой Instagram рэтранслюе сваё жыццё, напоўненае вельмі дарагімі аксэсуарамі.

Некалькі кватэр у элітных раёнах Масквы, бясконцая колькасць машын коштам у сотні тысяч долараў (працяглы час ездзіў з рэгістрацыйнымі нумарамі ХАМ і ВОР).

Ювелірныя вырабы, інкруставаныя каштоўнымі металамі.

500 бутэлек шампанскага агульным коштам 250 тысяч еўра ў рэстаране Монтэ-Карла пасля вылету з Еўра-2016.

Скейтборд ад ад калабарацыі Louis Vuitton і Supreme за 60 тысяч долараў.

Былі ў профілі футбаліста фатаграфіі са зброяй у кадры - так ён з'ездзіў на вяселле да экс-гульца мінскага «Дынама» Алана Чочыева ў Паўночную Асецію.

Па некаторых падліках 31-гадовы футбаліст зарабіў за кар'еру каля 30 мільёнаў еўра і гэта без уліку прэміяльных, пад'ёмных і спонсарскіх кантрактаў.

Не змог замацавацца ў топавай лізе, за кар'еру ўзяў толькі адзін чэмпіёнскі тытул

Звычайна такія грошы даюцца гульцу, які дабіўся значных поспехаў і здольны шмат чаму навучыць. Але за амаль 15-гадовую кар'еру ў футбаліста толькі адзін тытул чэмпіёна Расіі. Ён ні разу не станавіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату. Усяго два матчы правёў на ўзроўні групавога этапу ЛЧ (0 галоў за 74 хвіліны) і адзін мяч забіў на топ-турніры ў складзе зборнай (Алжыру на ЧС-2014).

Пра Какорыну як пра галоўны талент расійскага футбола казалі Фабіа Капэла і Раберта Манчыні, дзякуючы іх пратэкцыі ён і трапіў у "Фіярэнціну" ўжо пасля турмы, але там за паўтара года правёў толькі 11 матчаў, не набраўшы рэзультатыўных балаў.

Лепш чым хто кар'еру Аляксандра апісаў галандзец Дзік Адвакат, які ўпершыню выклікаў гульца ў зборную Расіі.

- Талент прамяняць на глупства - так па-руску... Фантастычна таленавіты хлопец. Дольчэ віта перашкаджае маладым... Хуткі і рэзкі, выдатны футбаліст. Усё ўхопліваў з першага разу. Шкада, што асабістае жыццё яго завяло не туды, - казаў Адвакат у траўні 2019-га.

Цікава, куды Какорын завядзе Шуманскага...

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты