Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Прыбраў Калачова, забіваў БАТЭ, размінуўся з Глебам і нашай зборнай: як Ібрагімавіч гуляў супраць беларусаў

Прыбраў Калачова, забіваў БАТЭ, размінуўся з Глебам і нашай зборнай: як Ібрагімавіч гуляў супраць беларусаў

І пры чым тут апошні гол Кутузава.

Аўтар — bytribuna com
6 чэрвеня, 12:36
Прыбраў Калачова, забіваў БАТЭ, размінуўся з Глебам і нашай зборнай: як Ібрагімавіч гуляў супраць беларусаў

Матч "Мілана" супраць "Вероны" ў апошнім туры чэмпіянату Італіі не меў ніякага турнірнага значэння для "расанеры", але ўсё роўна прыцягнуў увагу вялікай колькасці заўзятараў клуба. Пасля фінальнага свістка адбылася цырымонія праводзінаў Златана Ібрагімавіча на заслужаную пенсію - 41-гадовы швед прыняў рашэнне завяршыць кар'еру, нягледзячы на прапановы ад розных клубаў. Футбольны шлях форварда ўражвае: двухразовы чэмпіён Нідэрландаў, пяціразовы чэмпіён Італіі, чатырохразовы чэмпіён Францыі, чэмпіён Іспаніі, пераможца Лігі Еўропы - усяго 32 трафеі, 942 матчы, 557 галоў.

Перасякаўся (а часам і не перасякаўся) Златан і з беларускім футболам: галы ў вароты БАТЭ, барацьба з Калачовым і Мілеўскім, уражанне Сівакова.

Ні разу не гуляў супраць зборных, хаця мог

Ібрагімавіч правёў у футболцы зборнай Швецыі 122 сустрэчы, але ні разу не выходзіў супраць зборнай Беларусі, хаця меў магчымасць зрабіць гэта тройчы. Першы пропуск здарыўся яшчэ ўлетку 2010-га, калі зборныя сустрэліся ў таварыскім матчы (шведы перамаглі 1:0). Златан тады быў засмучаны нявыхадам на ЧС-2010 і ў сэрцах заявіў, што завяршыў міжнародную кар'еру, але праз год усё ж вярнуўся ў зборную.

Таксама Ібра прапусціў матчы супраць беларусаў у кваліфікацыі ЧС-2018, але Швецыя і без яго двойчы разграміла нашых па 4:0. Прычына ўсё тая ж: пасля ЧЕ-2016, дзе скандынавы не выйшлі з групы, форвард аб'явіў, што больш не згуляе за зборную. На гэты раз паўза доўжылася пяць гадоў: Ібрагімавіч вярнуўся ўжо ў сакавіку 2021-га.

Сустрэцца з беларусамі на моладзевым узроўні меўся ў Златана ў далёкім 2004-м, калі каманда Юрыя Пунтуса кваліфікавалася ў фінальны раунд Еўра. Туды ж патрапілі шведы, праўда, лёсаванне развяло калектывы па розных кошыках. Беларусы з братамі Глебамі, Сяргеем Карніленкам, Юрыем Жаўновым і Аляксеем Багам з групы выйсці не здолелі, а вось «сіне-жоўтыя» і без Ібрагімавіча абгулялі ўсіх у групе, але саступілі і ў паўфінале, і ў матчы за трэцяе месца. Ібра на тым турніры не згуляў, таму што рыхтаваўся да старту на дарослым Еўра, дзе ён вызначыўся двума галамі, а зборная дайшла да чвэрцьфіналу, дзе саступіла Нідэрландам.

Двойчы забіваў БАТЭ ў ЛЧ

Але сустрэчаў з беларускімі камандамі Ібрагімавіч усё ж не пазбегнуў. Больш за тое, ён нават прыязджаў у Беларусь. У сезоне-2011/12 яго "Мілан" у Лізе чэмпіёнаў трапіў у адну групу з БАТЭ, і швед у абедзвюх сустрэчах паўдзельнічаў. На «Сан-Сіра» ягоны стрэл пасля няўдалага адскоку ад Арцёма Радзькова на 33-й хвіліне стаў пераможным (адзнака 0:38).

А вось ужо на «Дынама» праз два тыдні на гол Златана барысаўцы адказалі дакладным ударам з пенальці ў выкананні Рэнана Брэсана і забралі ачкі ў гранда - 1:1. Ібра, па сутнасці, гол сабе стварыў сам: у падкаце адабраў мяч у Марка Сіміча, пакаціўшы яго на Рабіньё, а ўжо праз імгненне, застаўшыся ў поўнай адзіноце ўнутры штрафной, адгукнуўся на прастрэл бразільца і без праблем разабраўся з Аляксандрам Гутарам (адзнака 1: 20).

"Мілан" у тым розыгрышы ЛЧ дайшоў да чвэрцьфіналу, дзе саступіў "Барселоне" (0:0, 1:3), а Златан у васьмі матчах вызначыўся пяццю галамі.

Калачоў на ім зарабіў картку, якой радаваўся Маўрынью

Вельмі цікавай аказалася сустрэча на футбольным полі Ібрагімавіча і Цімафея Калачова: у сакавіку 2017-га "Растоў", за які тады выступаў беларус, у 1/8 Лігі Еўропы трапіў на "МЮ", за які тады выступаў швед. Першая гульня ў Расіі скончылася ўнічыю 1:1, Калачоў і Ібрагімавіч зрабілі па асісту, а Цімафей яшчэ і зарабіў жоўтую картку на Златане - праз яе ён прапусціў матч у адказ на «Олд Трафардзе», што ўсцешыла галоўнага трэнера брытанцаў Жазэ Маўрынью.

- Мы [з Калачовым] пагаварылі пасля матчу. Мы паважаем адзін аднаго, і сказалі прыемныя рэчы адзін аднаму. Ён папрасіў прабачэння, а я сказаў яму, што вельмі рады, што ён не згуляе на «Олд Трафардзе», - сказаў партугалец.

У сустрэчы ў адказ англічане аказаліся мацнейшымі (1:0, зноў у Златана асіст) і прайшлі далей, узяўшы па выніку трафей.

Забіваў камандзе будучага трэнера "Шахцёра" з беларусам у складзе

У тым жа розыгрышы ЛЕ, але яшчэ на групавой стадыі, «МЮ» з Ібрай у складзе сустракаўся з луганскай «Зарой», якой кіраваў украінскі спецыяліст Юры Вернідуб (пазней ён працаваў з салігорскім «Шахцёрам»). Таксама ў складзе "Зары" выступаў беларускі абаронца Міхаіл Сівакоў і ўкраінскі краёк Арцём Сухоцкі, які сезон-2020 правёў у мінскім "Дынама".

Абедзве гульні скончыліся перамогай «МЮ» (1:0 у Манчэстэры і 2:0 у Адэсе), а Ібрагімавіч вызначыўся галамі ў кожным з матчаў.

Пазней Сівакоў адзначаў антрапаметрыю шведа:

- З Ібрагімавічам досыць цяжка гуляць, таму што ён вельмі фактурны нападаючы. У жыцці ён, напэўна, яшчэ ў два разы больш здаецца, чым па тэлевізары ці недзе на фота, - сказаў Міхаіл.

Размінуўся з Глебам у «Барсе» і забіваў камандам Кутузава

Аляксандр Глеб і Ібрагімавіч маглі стаць аднаклубнікамі, але размінуліся ў «Барселоне»: Глеб з'ехаў у арэнду ў «Штутгарт» роўна тады, калі Златан змяніў «Інтэр» на «Барсу». Характэрна, што абодва так і не спрацаваліся з Пэпам Гвардыёлай і ўжо пасля аднаго сезона пакінулі клуб.

Глеб і Ібра некалькі разоў выходзілі на поле ў якасці супернікаў. У 2006-м, напрыклад, "Арсенал" Глеба ў чвэрцьфінале ЛЧ абыграў "Ювентус" Ібрагімавіча (2:0, 0:0), а праз чатыры гады "Барса" шведа выбіла з 1/8 фіналу галоўнага еўрапейскага клубнага турніру "Штутгарт" беларуса (1:1, 4:0). Златан вызначыўся голам у першым матчы.

У тым жа розыгрышы ЛЧ-2009/10 "Барселона" з Ібрагімавічам двойчы абгуляла на групавой стадыі кіеўскае "Дынама" (2:0, 2:1), за якое тады выступаў ураджэнец Мінска Арцём Мілеўскі. Абодва ўзялі ўдзел у двух матчах, але калі Ібра заканчваў сустрэчы без мячоў, то Мілеўскі вызначыўся ў кіеўскім матчы. У 2012-м Златан згуляў супраць украінцаў з Мілеўскім у ЛЧ ужо ў складзе «ПСЖ» - і зноў перамога засталася за шведам: 2:0 на «Алімпійскім» у Кіеве з галявой перадачай ад Ібрагімавіча.

Тройчы ў Серыі А каманды Ібрагімавіча супрацьстаялі камандам Віталя Кутузава. Двойчы перамогі былі за шведам, адзін раз - за беларусам. Златан у 2004-м за "Ювэ" адзначыўся голам у матчы супраць "Сампдорыі" Кутузава (3:0), а той у 2010-м забіў за "Бары" ў матчы супраць "Мілана" (2:3) - гэта апошні гол у кар'еры пінчука (адзнака 2:00).

У 2014-м супраць шведскага форварда і яго ПСЖ згуляў хаўбек «Метца» Сяргей Крывец. Сустрэча скончылася на карысць парыжан (3:2), Сяргей зарабіў у той гульні пенальці, а вось Ібрагімавіч выніковымі дзеяннямі не вызначыўся.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты