Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Пра помнік Пудышаву, сыход на пенсію і жудасныя ўражанні ад белфутбола. Чым сёння жыве Байдачны

Пра помнік Пудышаву, сыход на пенсію і жудасныя ўражанні ад белфутбола. Чым сёння жыве Байдачны

«Як можна назваць футболам тое, што ўбачыў? Ніяк».

Аўтар — bytribuna com
23 жніўня, 03:00
2
Пра помнік Пудышаву, сыход на пенсію і жудасныя ўражанні ад белфутбола. Чым сёння жыве Байдачны

Беларускі трэнер Анатоль Байдачны сёння ў навіны трапляе рэдка. З апошняга – 70-гадовы спецыяліст вельмі абураўся, калі блогеры падзяліліся нібыта інсайдам пра тое, што ён можа ўзначаліць беларускую каманду ў медыялізе. Байдачны запатрабаваў абвяржэння, а заадно заявіў, што футбола ў Беларусі больш не існуе, таму няма пра што і казаць. А раней ён трэнаваў і мінскае «Дынама», і зборную Беларусі, і шмат працаваў у Расіі. Чаму ж вырашыў сысці ў цень? Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – мір!» даведаўся пра сённяшняе жыццё Байдачнага.

«Як можна назваць футболам тое, што ўбачыў? Ніяк»

Хоць Байдачны і на пенсіі, знайсці вольны час для невялікай гутаркі атрымалася не з першага разу. Трэнер то ў дарозе, то сустракаецца з сябрамі. Але ўсё ж на некалькі пытанняў ён адказаў.

- З медыйнага поля я ніколі не знікаў, проста часцей зʼяўляюся ў расійскай прасторы. А як у мяне справы ў цэлым? Усё добра – адпачываю, сустракаюся з сябрамі, вандрую.

- А дзе вандруеце?

- Вось у канцы траўня і пачатку чэрвеня зʼяжджалі з жонкай на 10 дзён на Волгу, падарожнічалі на караблі. Вельмі прыгожа, выдатныя гарады паглядзелі. Увогуле, атрымліваю асалоду ад жыцця на пенсіі.

- Беларускі футбол наведваеце?

- Быў у гэтым сезоне на адным матчы чэмпіянату. А я калі хаджу, дык толькі на мінскае «Дынама». Нядаўна наведаў гульню са «Славіяй», калі скончылі 2:2 (матч прайшоў на «Дынама» 13 жніўня – заўв.).

- І як уражанні?

- Жудасныя. Як можна назваць футболам тое, што ўбачыў? Ніяк.

- Аднак жаданне пайсці на матч у вас усё роўна ўзнікла.

- А я проста хацеў у першую чаргу сустрэцца з сябрамі, з тымі, з кім гуляў, працаваў. Для мяне паход на футбол – перш за ўсё сустрэчы і зносіны.

Нядаўна мы яшчэ сустракаліся на адкрыцці помніка Юрыю Пудышаву (29 жніўня споўніцца два гады з дня смерці чэмпіёна СССР-1982 – заўв.). Самае цікавае, што на цырымоніі не было нікога ад федэрацыі, ад [кіраўніцтва] «Дынама» і БАТЭ. Нікога! А чалавек – капітан каманды, чэмпіён, паказваў добры футбол. А ў выніку ніхто не прыйшоў...

- Хто быў?

– Усе мы, ветэраны: Эдуард Малафееў, Пётр Качура, Юрый Курбыка, Сяргей Бароўскі.

- Як паставіліся да таго, што ніхто ад АБФФ, «Дынама» і БАТЭ не прыехаў?

- Раней мяне такія рэчы хвалявалі, а цяпер ужо няма эмоцый. Усё цудоўна разумею. Чаму так робяць? Ды напляваць усім на людзей, на гісторыю футбола. Для многіх асабістыя інтарэсы нашмат вышэйшыя за такія рэчы. Хаця, вядома, крыўдна.

- Па чыёй ініцыятыве паставілі помнік Пудышаву?

- Наколькі ведаю, грошы збіралі «Дынама» і федэрацыя футбола. Але, паверце, там такі помнік... Я свайму бацьку даражэй паставіў.

- То бок федэрацыя і «Дынама» фінансава дапамаглі, але на адкрыццё ніхто не прыехаў?

- Так, менавіта.

- Вы самі не хочаце вярнуцца да актыўнай трэнерскай дзейнасці?

- Не. Як кажуць, здароўе даражэйшае. А калі паўнавартасна трэнаваць, гэта ж трэба прыходзіць у каманду, аддавацца працы, укладаць усю сваю энергію, сілы і жаданне. Праводзіць двух-трохразовыя трэнаванні, і не па 45 хвілін, як цяпер. Для таго, каб дабіцца выніку, трэба працаваць шмат і правільна. А гэта патрабуе вялікіх высілкаў ад трэнера. Я не магу проста сабраць каманду і пачаць працу, а потым перадаверыць справы. У мяне звычка ўсё рабіць самому. Таму вяртацца да актыўнай трэнерскай дзейнасці не хачу.

- Калі гэтае жаданне знікла канчаткова?

- Ужо даўно, калі зрабіў аперацыю на сэрцы. У 2013 годзе, па сутнасці, і вырашыў спыніцца. Здароўе важнейшае. Хаця ў 2021 годзе яшчэ ездзіў у Арменію, трэнаваў «Арарат», таму што прасілі сябры.

- Цяпер не паступае прапаноў пабыць хаця б трэнерам-кансультантам у якой-небудзь камандзе?

- Не, лепш уже пабуду заўзятарам. Цяпер у беларускім футболе, на жаль, працуюць такія людзі, якія зацікаўленыя не столькі ў развіцці віду спорту, колькі ў развіцці асабістых інтарэсаў – пачынаючы ад кіраўнікоў і заканчваючы многімі трэнерамі. Таму цудоўна разумею, што мяне не запросяць.

Так, усё, часу ўжо няма, скончым гутарку. Усім удачы і поспехаў!

P.S. Як расказваюць нашыя крыніцы, трэнер сапраўды атрымлівае асалоду ад жыцця на пенсіі. За карʼеру ў спорце ён назапасіў на нябедную старасць і можа сабе дазволіць проста адпачываць. Пры гэтым пэўны пасіўны даход у Байдачнага ўсё роўна ёсць. Спецыяліст з 2007 года зʼяўляецца адным з асноўных заснавальнікаў бровара Bierbank, які працуе ў Мінску. Яго ў свой час адкрыў сын трэнера Анатоль Байдачны-малодшы. Цяпер, паводле нашых звестак, ён жыве з сямʼёй у Еўропе, але ўсё роўна кантралюе ўсе стратэгічныя пытанні развіцця піўнога бізнесу. А Байдачны-старэйшы па-ранейшаму зʼяўляецца адным з заснавальнікаў кампаніі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты