Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Разбіраемся, каму пасля Гран Пры Саудаўскай Аравіі аддаць прыз за лепшую ролю другога плану

Разбіраемся, каму пасля Гран Пры Саудаўскай Аравіі аддаць прыз за лепшую ролю другога плану

10 сакавіка, 14:22
Разбіраемся, каму пасля Гран Пры Саудаўскай Аравіі аддаць прыз за лепшую ролю другога плану

Фота: formula1.com

Паколькі з уладальнікамі ўласна Гран Пры ўсё было зразумела з самага пачатку, і ў гэтым сэнсе Макс Ферстапен і Red Bull ізноў не падвялі, варта паспрабаваць знайсці кагосьці сярод астатняга пелатону Формулы 1, хто таксама заслугоўвае ўвагі. Ну не адны ж скандалы абмяркоўваць!

Хаця абмяркоўваць прыходзіцца, і перад другім этапам чэмпіянату свету некаторыя разгарэліся з новай сілай. Гаворка тут найперш пра меркаваныя непрыстойныя паводзіны главы Red Bull Крысціана Хорнэра, а таксама пра кансультанта ўсёй аўстрыйскай кампаніі па аўтаспорту Хельмута Марка. Апошні, нібыта, і перадаў журналістам інфармацыю пра ўнутрыкаманднае расследванне.

Загучалі размовы пра магчымае звальненне Марка, і бос Mercedes Тота Вольф, якому разборкі ў стане канкурэнтаў яўна на руку, паспяшаўся заявіць, што гатовы прыняць суайчынніка ў сваім калектыве. Верагодна, у такім выпадку ён бы з радасцю прыняў і Макса Ферстапена, які ў сваю чаргу заявіў, што сам можа пакінуць каманду з Мілтан-Кінса, калі яна адмовіцца ад супрацоўніцтва з Хельмутам.

Ужо ў Джыдзе, зрэшты, сам Марка аспрэчыў усе плёткі і заявіў, што застаецца ў Red Bull. Аднак нешта мне падказвае, што барацьба за ўладу ў камандзе гэтым не скончыцца. І тут, канечне, нядрэнна было б зразумець карані гэтай, скажам шчыра, непрыгожай гісторыі.

Ёсць меркаванне, што ўплывам Хорнэра быў незадаволены Йос Ферстапен, але навошта яму капаць яму сыну, у якога добра абсалютна ўсё? Макс трохразовы і дзейны чэмпіён свету, ён на поўнай хуткасці на лепшай ў пелатоне машыне ляціць да чацвёртага тытулу, ды яшчэ і шалёныя грошы за гэта атрымлівае. І навошта тады малодшаму Ферстапену з незразумелымі перспектывамі пераходзіць у Mercedes у наступным годзе на месца Льюіса Хэмілтана, які ў сваю чаргу пераходзіць у Ferrari?

Не дадае прыгажосці сітуацыі і адсутнасць празрыстасці, што, зрэшты, з’яўляецца адметнай рысай усёй Формулы 1. У Red Bull не жадаюць выносіць смецце з хаты, баючыся, відаць, што ўсе пабачаць, колькі таго смецця. Калі Хорнэр ні ў чым не вінаваты, то чаму б не паведаміць грамадству аб сутнасці справы і прывесці доказы, якія Крысціана выратавалі? Або нешта непрыстойнае з яго боку ўсё ж такі было?

За ўсім гэтым, дарэчы, уважліва назірае Ford, які ў 2026 годзе мае стаць новым пастаўшчыком сілавых установак Red Bull. Мае, але не факт, што стане, бо імідж для амерыканцаў – зусім не нішто. І калі бойка павукоў у рэдбулаўскім слоіку працягнецца, Блакітны Авал можа паспрабаваць знайсці і іншых партнёраў. І напэўна ў кампаніі Porsche, якая планавала прыйсці ў Формулу 1, выкупіўшы палову акцый Red Bull, цяпер радасна хрысцяцца, што ўгода не адбылася.

Дык а што ж там з Гран Пры Саудаўскай Аравіі? Тлусты спойлер адразу: Ферстапен яго выйграў. Гэтым разам, праўда, без Вялікага Шлему і нават без лепшага кругу ў гонцы, які разам з бонусным балам дастаўся пілоту Ferrari Шарлю Леклеру. Манэгаск напярэдадні кваліфікаваўся другім, аднак на старце ўчарашняй гонкі яму не ўдалася атакаваць Макса, як ён гэта зрабіў на старце Гран Пры Бахрэйна тыднем раней. Замест гэтага яму прыйшлося адбівацца ад напарніка Ферстапена Серхіа Перэса, і спачатку гэта ў Шарля атрымалася. Але на чацвёртым кругу ён усё роўна саступіў мексіканцу, які зноў забяспечыў камандзе дубль, і так трэцім і фінішаваў, хоць на апошні круг і праехаў хутчэй за ўсіх у гонцы.

Але гэта было чакана, у адрозненні ад сёмага месца часовага напарніка Шарля Олівера Бэрмана. Малады брытанец, які выступае ў Формуле 2, у Джыдзе замяняў Карласа Сайнса – іспанцу спатрэбілася аперацыя праз апендыцыт. На шчасце, усё прайшло добра, і за гонкай Карлас назіраў з боксаў каманды, а не з бальніцы.

І, напэўна, Карлас заўзеў за свайго зменшчыка, які для пачаткоўца нядрэнна правёў кваліфікацыю, паказаўы адзінаццаты вынік, дый на наступны дзень статыстам не быў – і атакаваў, і абараняўся, і з шынамі працаваў пісьменна. Таму Олівер цалкам заслужыў не толькі высокае для яго месца на фінішы, але і званне Гоншчыка дня. Паспрачацца за якое паспрабаваў быў і пілот McLaren Ланда Норыс.

Брытанец быў адным з тых, хто застаўся на трасе пасля таго, як пілот Aston Martin Лэнс Строл, пашкодзіўшы падвеску сваёй машыны і страціўшы кіраванне, разбіў яе ў дваццаць другім павароце на сёмым кругу. Пасля гэтага на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, і многія пілоты чакана накіраваліся ў боксы, тады як Ланда затрымаўся на трасе і стаў лідарам гонкі.

Ён спрабаваў максімальна зацягнуць адрэзак на камплекце шын Medium, на якім ён стартаваў, і яму гэта ўдалася – на ўжываны Soft ён перайшоў толькі на трыццаць сёмым кругу. Аднак плёну гэта не дало, і хутка пасля рэстарту Ланда пачаў губляць пазіцыі, фінішаваўшы толькі восьмым. Вось яго напарнік Оскар Піастры хітрыць не спрабаваў, і быў узнагароджаны – стартаваўшы пятым, фінішаваў аўстраліец на чацвёртым месцы, апярэдзіўшы двухразовага чэмпіёна з Aston Martin Фернанда Алонса.

Аднак за яскравы дэбют прыз за ролю другога плану я ўсё ж такі аддаў бы Бэрману. Канечне, і машына ў Олівера была зусім не горшая ў пелатоне, а, магчыма, нават другая пасля Red Bull RB20, але дэбютаваць так, як ён, і на лепшай тэхніцы атрымлівалася далёка не ва ўсіх.

Што ж да Ферстапена, то ён пасля дзвюх запар перамог упэўнена, з 51-м ачком, лідзіруе ў чэмпіянаце. Перэс пакрысе замацоўваецца на другой пазіцыі, у яго 36 балаў. На трэці радок узняўся Леклер, які мае 28 ачкоў. У Кубку канструктараў Red Bull лідзіруе, маючы ўжо 87 балаў супраць 49-ці ў Ferrari, якая застаецца другой. А на трэцюю пазіцыю паднялася каманда McLaren, у якой 28 балаў.

Зараз удзельнікаў Формулы 1 чакае перапынак у два тыдні. Барацьба працягнецца 22-24 сакавіка ў аўстралійскім Мельбурне. Да таго часу, аднак, адбудзецца і шмат іншых – і цікавых! – гонак. Дый Вялікі Цырк дакладна працягне дастаўляць нам навіны, раю сачыць за імі праз наш сяброўскі Тэлеграм-канал Formuła Pieramohi | F1 і наш уласны Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты