Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Мова зноў страціла клубную большасць у вышэйшай лізе: Брэст і Мазыр перайшлі на рускую, галоўны папулярызатар – АБФФ, але ёсць нюансы

Мова зноў страціла клубную большасць у вышэйшай лізе: Брэст і Мазыр перайшлі на рускую, галоўны папулярызатар – АБФФ, але ёсць нюансы

...

Автор — Алесь Коваль
17 марта 2021, 13:06
12
Мова зноў страціла клубную большасць у вышэйшай лізе: Брэст і Мазыр перайшлі на рускую, галоўны папулярызатар – АБФФ, але ёсць нюансы

Адкаціліся назад, хаця бывала і горш.

На старце сезона вышэйшай лігі-2021 у параўнанні з папярэднім годам стала менш не толькі заўзятараў на трыбунах. Даволі непрыкметна адбылася параза беларускай мовы – яна страціла большасць на формах каманд эліты: калі ў мінулым сезоне прозвішчы па-беларуску змяшчаліся на футболках гульцоў 10 клубаў з 16, то ў гэтым годзе такіх засталося 8. І праблема не ў ратацыі паміж лігамі – яна сітуацыю не палепшыла, але і не пагоршыла: «Белшына» і «Смалявічы» пісалі прозвішчы рускай («Гарадзея» выбірала родную мову), «Спадарожнік» і «Смаргонь», у якіх у першай лізе на спiнах былі толькі нумары, таксама зрабілі надпісы па-руску ( «Гомель» жа беларускамоўны).

З незразумелых прычын здарыліся змены не на карысць матчынай мовы ў брэсцкага «Дынама» і «Славіі». У мінулым сезоне на iх футболках было так:

А зараз – так (аднак у Брэсце абяцаюць, што на хатняй форме застанецца беларуская).

Хаця, канешне, трэба памятаць, што ўзровень беларускай мовы ў белфутболе – гэта як курс долара: часам здаецца, што ён крыху знізіўся, а потым успамінаеш, якой была сітуацыя гадоў дзесяць таму. Калі непасрэдна пра «вышку», то там яшчэ ў 2014-м прозвішчы па-беларуску не пісала наогул ні адна з 12 каманд. Потым сітуацыя пачала паляпшацца – не без дапамогі «моўнага інспектара», як ён сам сябе называў, Ігара Случака. Юрыст па адукацыі ў 2009 годзе запусціў кампанію «Справаводства па-беларуску!», метадычна рассылаючы ва ўсе магчымыя арганізацыі запыты і звароты на тэму пашырэння выкарыстання беларускай мовы, а ў пэўны момант шчыльна ўзяўся за белфутбол з блогам на «Трыбуне». І ўжо ў 2015-м Случак радаваўся першаму ў гісторыі «беларускамоўнаму» матчу – мінскага «Дынама» з «Тарпеда-БелАЗ» (усяго ў тым сезоне беларускую выбралі 3 з 14 клубаў – быў яшчэ «Гомель»).

Далей больш: у 2016-м па-беларуску пісалі прозвішчы ўжо 6 клубаў эліты з 16 (плюс брэсцкае «Дынама», «Гарадзея», «Нёман» (тады яшчэ толькі на адным камплекце формы) ды «Крумкачы», што даляцелі да «вышкі», і гэта яшчэ «Гомель» сышоў у Д2), а ў 2017-м іх упершыню стала большасць – ажно 11 (вярнуўся «Гомель», далучыліся «Дняпро», «Слуцк», «Іслач» і БАТЭ).

«Рускамоўнасць» гульнi БАТЭ – «Іслач» з 2016-га цяпер выглядае зусім нязвыкла

Вядома, былі і застаюцца ў «вышцы» клубы, якія даўно адмаўляюцца ад беларускай мовы на форме. Асабліва рэзка адхiляў ўсе прапановы Случака «Граніт» (выляцеў ў 2016-м) – старшыня савета клуба Марына Быстрая на жаданнi актывіста адказвала (часта з парушэннем закона – па-руску) словамі «вы праціўнік усяго дабра, што існуе», і заяўляла, што барацьба юрыста за беларускую «адлюстроўвае ўзровень развіцця «дзіцячы сад ясельная група» (скончылася ўсё толькі двума дадатковымі пратаколамі ў дачыненні да функцыянера). З цяперашняга складу эліты ўпарта размаўляюць на рускай «Энергетык-БДУ», «Мінск», «Віцебск» і чэмпіён краіны «Шахцёр» – прозвішчы іх гульцоў, зразумела, таксама пішуцца ёю.

Мала ў «вышцы» і іншых элементаў мовы. Напрыклад, адназначна па-беларуску назва на эмблемах напісана ўсяго ў двух клубаў (іранічна, што гэта «Мінск» і «Славія» з прозвішчамі на рускай), яшчэ ў двух – БАТЭ і «Слуцка» – яны на абодвух мовах чытаюцца аднолькава. У першым туры не давялося пачуць ніводнага беларускамоўнага дыктара на стадыёнах (хоць на матчы мінскага «Дынама» з «Тарпеда-БелАЗ» дыктараў было нават два). Графіку да матчаў робяць на беларускай таксама нячаста – у першым туры гэтым вызначыліся толькі БАТЭ і «Нёман», якія наогул рэгулярна ўжываюць мову ў сацсетках.

Галоўным папулярызатарам мовы ў такой сітуацыі нечакана застаецца АБФФ – акаўнты вышэйшай лігі вядуць цалкам на беларускай, ёй жа пішуць ўсю графіку трансляцый. Аднак да якасці перакладу з рускай (а шэраг прыкмет сведчаць менавіта пра гэта) маюцца пытанні, і гаворка не толькі пра правал з прозвішчам Дзяніса Образава (яго пераклалі як Выяў) – малыя памылкі здараюцца ў многіх іншых імёнах, а цiтр на старце гульняў абвяшчае «Пачатак матчу», хоць па слоўніку правільна «матча».

Што ж, сітуацыя хаця б лепш, чым у белхакеi. Там у рэгламенце Экстралігі прапісана, што прозвішчы неабходна змяшчаць на рускай мове – адпаведны пункт захоўвае гэты абавязак да 2022 года.

P. S. Відавочна, што «Трыбуна» сама не з’яўляецца прыкладам папулярызацыі беларускай мовы, зразумела, што яе вяртанне ў побыт трэба пачынаць не з прафесійнага спорту, аднак мы палічылі важным і дарэчным распавесці пра тое становішча, якое склалася. Вашыя думкі: чаму ў Брэсце і Мазыры раптам аддалі перавагу рускай?

Другие посты блога

Все посты