Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2022: трэці этап

Дакар-2022: трэці этап

Спецучастак трэцяга этапу ралі Дакар, які пачаўся і фінішаваў у Аль-Кайсумаху, складаў усяго 255 кіламетраў. Здавалася б, што на іх можа здарыцца? А вось здарылася, і нават з некаторымі фаварытамі!

5 января 2022, 17:34
Дакар-2022: трэці этап

Фота: dakar.com

Спецучастак трэцяга этапу ралі Дакар, які пачаўся і фінішаваў у Аль-Кайсумаху, складаў усяго 255 кіламетраў. Здавалася б, што на іх можа здарыцца? А вось здарылася, і нават з некаторымі фаварытамі!

Штосьці істотнае ўчора адыграць было складана, а вось дапусціць фатальную памылку і страціць усё – проста. Таму матацыклісты, напрыклад, ехалі адносна акуратна, не імкнучыся выйграць ралі-марафон у самым яго пачатку. Так што глабальна ў двухколавай катэгорыі мала што памянялася. Гоншчык GasGas Сэм Сандэрлэнд застаўся лідарам генеральнай класіфікацыі, яго агульны час складае 11 гадзін 13 хвілін 40 секунд.

Учора брытанец паказаў толькі сямнаццаты вынік, але пры гэтым толькі сем з паловай хвілін саступіў лепшаму, аўтарам якога стаў партугалец Жоакім Радрыгеш з завадской каманды Hero MotoSports Team Rally. Ён пераадолеў спецучастак за 2 гадзіны 34 хвіліны 41 секунду і прысвяціў сваю маленькую перамогу свайму суайчынніку і некалі партнёру па камандзе Паўла Гансалвешу, які загінуў на Дакары ў той жа Саудаўскай Аравіі, дзе ён праходзіць зараз, у 2020 годзе. Дарэчы, выбачаюся за памылку, што дапусціў у аглядзе першага дня – гэта ўжо трэці Дакар у Азіі, а не другі.

Другім вынікам учора адзначыўся пераможца гонак 2016 і 2019 гадоў Тобі Прайс. Аўстраліец з завадскога калектыву Red Bull KTM Factory Racing саступіў Радрыгешу 1 хвіліну 3 секунды, але ў агульным заліку ён пакуль што толькі чатырнаццаты, і адстае ад Сандэрлэнда болей чым на 26 хвілін. Акурат перад ім у абсалюце ідзе амерыканец Мэйсан Клэйн з каманды BAS Dakar KTM Racing Team. Ён таксама саступае лідару болей 26 хвілін, а ўчора фінішаваў трэцім, і быў павольнейшым за Радрыгеша на 1 хвіліну 14 секунд.

Француз Адрыен ван Бэверэн, які абараняе колеры Monster Energy Yamaha Rally Team, саступіў партугальцу 4 хвіліны 43 секунды, паказаўшы дзявяты вынік. Аднак у абсалютным заліку ўжо ад Сандэрлэнда ён адстае на мікраскапічныя чатыры секунды, з’яўляючыся, натуральна, галоўным пераследнікам брытанца. Аўстрыец Маціас Валькнэр з завадскога калектыву KTM акурат за ім размясціўся і ва ўчарашнім пратаколе, і ў генеральнай класіфікацыі. Радрыгешу ён саступіў амаль пяці хвілін, а ад Сандэрлэнда адстае роўна на паўтары.

А вось ад Лайсвідаса Канчыуса ўдача ўчора адвярнулася. Цяпер ужо былы лідар катэгорыі квадрацыклаў спачатку захрас у пясках, а потым сутыкнуўся з механічнымі праблемамі, выбыўшы з ліку прэтэндэнтаў на перамогу. Галоўным з такіх цяпер ёсць амерыканец Пабла Капэці, які і ўчора перамог, пераадолеўшы доп за 3 гадзіны 12 хвілін 48 секунд, і агульны залік узначаліў. Яго час складае 14 гадзін 10 хвілін 56 секунд, а француз Александр Жыру (на загалоўным фота) адстае ад яго на 15 хвілін 29 секунд, займаючы другую пазіцыю. Другім ён быў і ўчора, саступіўшы Капэці 2 хвіліны 4 секунды.

Мінулагодні пераможца Мануэль Андухар у аўторак фінішаваў з трэцім вынікам, і быў павольнейшы за Капэці на 4 хвіліны 14 секунд, але ў агульным заліку ён па-ранейшаму моцна адстае ад Пабла – болей чым на паўгадзіны, займаючы чацвёртую пазіцыю. Замыкае ж першую тройку расіянін Аляксандр Максімаў, які выступае на квадрацыкле Yamaha YFM 700R. Яго адставанне ад Капэці складае 29 хвілін 12 секунд, а магло б быць на 17 хвілін меней, бо менавіта ў такім памеры Аляксандр ужо мае штраф на сваім рахунку. Учора ён фінішаваў пятым, саступіўшы ўсё таму ж Капэці амаль сем хвілін.

У катэгорыі легкавых пазадарожнікаў аўторак стаў днём Audi і новаўтворанага класу T1-Ulimate, куды будуць трапляць такія тэхнічна выдасканаленыя машыны, як гібрыдны Audi RS Q e-tron. Перамог на трэцім этапе экіпаж Карласа Сайнса-старэйшага і Лукаса Круза, якія пераадолелі спецучастак за 2 гадзіны 26 хвілін 51 секунду. У агульным заліку, праўда, яны толькі дваццаць шостыя, і саступаюць лідару болей за дзве гадзіны, аднак другі запар поспех – ужо тэндэнцыя.

Пры гэтым хвалы вартыя і партёнскія экіпажы іспанцаў. Стэфан Петэрансэль с Эдуардам Буланжэ саступілі ім учора 1 хвіліну 41 секунду, замкнуўшы першую тройку і яшчэ вышэй падняўшыся з нізу турнірнай табліцы пасля катастрофы на першым этапе – французы цяпер семдзесят першыя з васьмідзесяці сямі экіпажаў, у дваццаці трох з паловай гадзінах ад лідараў.

Маціас Экстром з Эмілем Бергквістам жа ўчора замкнулі першую пяцёрку, саступіўшы Сайнсу і Крузу без адной секунды тры хвіліны, а ў генеральнай класіфікацыі менавіта яны цяпер лепшыя прадстаўнікі Audi – займаюць дзевятнаццатую пазіцыю, адстаючы ад лідараў амаль на дзве гадзіны. Здаецца, у нямецкай каманды ўсё ідзе ў адпаведнасці з планам, і ўжо з наступнага года яе экіпажы могуць стаць паўнавартаснымі прэтэндэнтамі на перамогу.

Пакуль жа шанцуе завадской Таёце і Насэру Аль-Аціе з Мацьё Бамэлем. Прычым менавіта шанцуе. Па-першае, толькі цудам экіпаж катарца пазбег дыскваліфікацыі. Пасля папярэдняга этапу выявілася, што на яго пікапе HiLux электронны рэгістратар FIA не быў злучаны з сістэмай збору дадзеных. І цяпер любое, нават самае дробнае парушэнне правілаў будзе каштаваць Насэру ўдзелу ў спаборніцтве – дыскваліфікацыю ён у выніку атрымаў, але ўмоўную.

Ну а па-другое, трэці этап надзвычай складана прайшоў для яго галоўнага канкурэнта Себасцьена Лёба. Француз з каманды Bahrain Raid Xtreme спачатку злавіў два праколы, а потым іх з Фабіанам Луркенам прататып Prodrive BRX Hunter застаўся без задняга прываду. Вынік – трыццаць восьмы час і 33 з паловай хвіліны адставання ад пераможцаў. Сам Сэб прызнаўся, што калі і заслугоўвае медаля, то не за перамогу на другім этапе, а за ўчарашні подзвіг, бо ён не толькі дабраўся да фінішу самастойна, але і ўтрымаўся на другой пазіцыі агульнага заліку.

Канечне, Аль-Ація мае ўжо камфортную перавагу, апярэджваючы француза на 37 гадзін 40 хвілін (яго агульны час – 9 гадзін 33 хвіліны 22 секунды). Аднак, улічваючы ўвагу да яго з боку суддзяў, перамога не гарантаваная і яму. Учора Насэр паказаў восьмы вынік, саступіўшы Сайнсу 5 хвілін 10 секунд.

Дарэчы, праблемы з законам, так бы мовіць, мае і яго паўднёваафрыканскі партнёр па камандзе Жыньель дэ Вільерс. Пераможца Дакара-2009 у складзе Volkswagen на гонцы гэтага году двойчы паўдзельнічаў у інцыдэнтах з удзелам матацыклістаў, за што пакуль што атрымаў толькі штраф у пяць хвілін і пакуль замыкае першую пяцёрку агульнага заліку. Але, магчыма, услед рушаць і новыя санкцыі.

Увагі варты і яшчэ адзін прадстаўнік Toyota Gazoo Racing – таксама паўднёваафрыканец Хэнк Латэган, але ўжо за другі вынік на ўчарашнім этапе. Ад першай тройкі, праўда, ён са сваім штурманам і суайчыннікам Брэтам Камінгсам, мякка кажучы, далёка – на трыццаць восьмай пазіцыі і амаль у трох з паловай гадзінах ад Аль-Аціі. Замыкаюць жа яе па-ранейшаму прадстаўнікі Overdrive Toyota Лусіа Альварэс і Арманд Манлеон, якія адстаюць ад лідараў на 42 хвіліны 6 секунд, а ўчарашнім пераможцам саступілі 6 хвілін 23 секунды, фінішаваўшы дзявятымі.

Пакінем за Сэтам Кінтэра і Дэнісам Цэнцам права выбраць, арэлямі ёсць для іх цяперашні Дакар ці амерыканскімі горкамі (Сэт, зрэшты, сам амерыканец, і яму атракцыёны такога тыпу прывычней называць якраз рускімі горкамі). Былы лідар катэгорыі лёгкіх прататыпаў на другім этапе выбыў з кола прэтэндэнтаў на перамогу. Як выявілася пазней, на яго OT3 02 па чарзе выйшлі з ладу спачатку пярэдні, а потым і задні дыферэнцыялы, праз што экіпаж сышоў з дыстанцыі і вярнуўся ў гонку з велізарным штрафам.

А ўчора ўзяў і перамог! Баявую дыстанцыю Кінтэра і Цэнц пераадолелі за 2 гадзіны 52 хвіліны 23 секунды, на 5 хвілін 16 секунд апярэдзіўшы лідараў агульнага заліку – Франсіска Лопеса і Хуана-Пабла Латраха, якія фінішавалі другімі. Партнёры чылійскага дуэту па камандзе EKS South Racing Себасцьян Эрыксан і Вутэр Росгаар замкнулі першую тройку, саступіўшы пераможцам 7 хвілін 3 секунды, а ў генеральнай класіфікацыі яны другія, і на 9 секунд 9 хвілін адстаюць ад Лопеса з Латрахам, агульны час якіх – 11 гадзін 27 хвілін 54 секунды.

27 хвілін 5 секунд ім саступаюць расіяне Павел Лебедзеў і Кірыл Шубін, якія застаюцца на трэцяй пазіцыі абсалюту. Учарашні спецучастак яны скончылі з чацвёртым вынікам, 8 хвілін 33 секунды саступіўшы пераможцам. Болей чым на гадзіну павольнейшым за іх быў змешаны расійска-беларускі экіпаж Марыі Апарынай і Андрэя Рудніцкага, які заняў трыццаць трэцяе месца. У абсалюце яны па-ранейшаму трыццацтыя, амаль у гадзіне ад лідараў. Аднак па-ранейшаму жа ў гонцы, сабе і нам на радасць. Жадаем ім толькі пазітыўных прыгод!

У катэгорыі SSV учора быў польскі дзень – нашы суседзі акупіравалі ўсю першую тройку па выніках этапу! Пратакол этапу ізноў узначаліў Гочал, але не Міхал, як днём раней, а яго брат Марэк, які выступае ў пары са штурманам Лукашам Ласкавецем. Экіпаж пераадолеў спецучастак за 2 гадзіны 58 хвілін 46 секунд, апярэдзіўшы якраз Міхала Гочала з Жымонам Гаспадарчыкам – сваіх партнёраў па камандзе Cobant-Energylandia Rally Team – на 2 хвіліны 50 секунд.

Экіпаж Марэка, зрэшты, на многае не прэтэндуе, займаючы сёмую пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі і саступаючы яе лідарам болей за гадзіну, аднак гол прэстыжу забіты. Экіпаж Міхала да першай тройкі абсалюту бліжэйшы – на чацвёртай пазіцыі і амаль у шаснаццаці хвілінах ад лідараў.

А вось Арон Дамжала і Мацэй Мартон, якія перамаглі на першым этапе, а ўчора саступілі суайчыннікам, што перамаглі, 3 хвіліны 8 секунд, фінішаваўшы трэцімі, у лік фаварытаў ужо не ўваходзяць. Пераварот, які адбыўся з імі днём раней, каштаваў ім сорак хвілін, таму ў генеральнай класіфікацыі яны знаходзяцца на шостай пазіцыі, болей чым 39 хвілін саступаючы яе лідарам – Осціну Джонсу і Густава Гужэльміну. Тыя ўчора фінішавалі з пятым вынікам, саступіўшы пераможцам этапу 4 хвіліны 48 секунд, а іх агульны час пасля трох этапаў складае 11 гадзін 53 хвіліны 53 секунды.

Бразільскі дуэт Радрыга Лупі дэ Алівэйра і Майкеля Жуста саступае ім 5 хвілін 23 секунды, захоўваючы другую пазіцыю абсалюту. Да фінішу ўчарашняга спецучастку яны прыйшлі з пятым вынікам, саступіўшы пераможцам 6 хвілін 43 секунды. Іспанцы Жэрар Фарэс і Дыега Артэга былі павольнейшымі за Гочала і Ласкаўца на дзесяць з паловай хвілін і сталі восьмымі па выніках этапу, а ў генеральнай класіфікацыі яны па-ранейшаму замыкаюць першую тройку, адстаючы ад лідараў на 14 хвілін 4 секунды.

У катэгорыі грузавікоў, як бы ні хацелася камусьці плакаць, трэці этап зноў застаўся за КамАЗам. Дзмітрый Сотнікаў, Ільгіз Ахметзянаў і Руслан Ахмадзееў лідзіруюць у абсалюце з агульным часам 10 гадзін 42 хвіліны 32 секунды дзякуючы ў тым ліку ўчарашняй перамозе. Баявыя кіламетры яны пераадолелі за 2 гадзіны 43 хвіліны 25 секунд, на 1 хвіліну 10 секунд апярэдзіўшы сваіх партнёраў Андрэя Каргінава, Андрэя Макеева і Івана Малькова, якія фінішавалі другімі.

Аднак хаця б на асобным этапе стройны расійскі шэраг крыху разваліўся. Аўтарамі трэцяга выніку ўчора сталі нідэрландцы Янус ван Кастэрэн і Марсэль Снійдэрс з палякам Дарэкам Родэвальдам з каманды Petronas team de Rooy IVECO. Экіпажу Сотнікава яны саступілі пры гэтым 3 хвіліны 8 секунд, а ў генеральнай класіфікацыі адстаюць ад яго амаль на 49 хвілін, ідучы шостымі.

Першая ж чацвёрка там так і складаецца цалкам з камазаўцаў. Другую пазіцыю, саступаючы Сотнікаву 11 хвілін 45 секунд, займае экіпаж Эдуарда Нікалаева, Яўгенія Якаўлева і Ўладзіміра Рыбакова, якія на трэці этапе фінішавалі сёмымі, адстаўшы ад Дзмітрыя болей чым на дзевяць з паловай хвілін. Экіпаж Каргінава трэці, у 19 хвілінах 44 секундах ад Сотнікава, а Антон Шыбалаў, Дзмітрый Нікіцін і Іван Татарынаў саступаюць яму 27 хвілін 5 секунд, займаючы чацвёртую пазіцыю. Чацвёртымі яны былі і ўчора, Сотнікаў быў хутчэйшы за іх на 4 хвіліны 22 секунды.

Лепшымі з астатніх усё так жа застаюцца Алеш Лапрайс, Петр Пакора і Яраслаў Вальтр, якія замыкаюць першую пяцёрку абсалюту. Але ад лідара яны адстаюць ужо даволі моцна – на 47 хвілін 8 секунд. За адзін толькі трэці этап яны прайгралі экіпажу Сотнікава амаль шаснаццаць хвілін, фінішаваўшы адзінаццатымі. І толькі разуменне, што такое ралі Дакар, не дазваляе ўжо зараз прысудзіць расіянам чарговую перамогу ў грузавым заліку.

Зараз удзельнікі Дакара завяршаюць 707-кіламетровы марш-кідок з Аль-Кайсумаха ў сталіцу Саудаўскай Аравіі Эр-Рыяд, які ўключае ў сябе 465-кіламетровы спецучастак. Вакол Эр-Рыяду затым мусяць адбыцца два кальцавых этапы, там жа гоншчыкі і каманды застануцца на адпачынак у суботу. А «Гоначная псіхапатыя», адпавядаючы сваёй назве, працягне сачыць за падзеямі адной з найважнейшых гонак на планеце.

Другие посты блога

Все посты