Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Бразевіч не быў прыярытэтам для «Дынама», але ж стаў галоўным. Вось як так выйшла і колькі ў Брэсце плацяць гульцам

Бразевіч не быў прыярытэтам для «Дынама», але ж стаў галоўным. Вось як так выйшла і колькі ў Брэсце плацяць гульцам

Сярод кандыдатаў быў і расіянін, які працаваў з мінскім «Дынама».

Аўтар — bytribuna com
6 лютага, 18:30
Бразевіч не быў прыярытэтам для «Дынама», але ж стаў галоўным. Вось як так выйшла і колькі ў Брэсце плацяць гульцам

Практычна месяц брэсцкае «Дынама» рыхтуецца да сезона-2024 пад кіраўніцтвам Аляксандра Бразевіча, які летась вывеў дзяржынскі «Арсенал» у вышэйшую лігу. «Трыбуна» ужо расказвала пра тое, як у клубе праходзіць падпісная кампанія.

Зараз жа раскажам пра тое, як Бразевіч зʼявіўся ў «Дынама», хто быў яго канкурэнтам і якія грошы прапануюць футбалістам.

Бразевіч быў далёка не першым у спісе кандыдатаў

Аб прызначэнні 50-гадовага спецыяліста на пасаду галоўнага трэнера «Дынама» абʼявіла 6 студзеня. Пазней быў сфармаваны штаб, куды памочнікамі ўвайшлі Ігар Тарлоўскі (працаваў з Бразевічам у «Арсенале»), Аляксандр Дзямешка (брэсцкі старажыл) і Уладзімір Селькін (трэнер брамнікаў заходзіць на сёмы сезон у «Дынама»).

Бразевіч пасля прызначэння не хаваў шчасця ад таго, што апынуўся ў «самым футбольным горадзе краіны». А між тым, як аказалася, спецыяліст быў далёка не прыярытэтнай мэтай для кіраўніцтва клуба. Як гавораць нашыя крыніцы, у Брэсце яшчэ напрыканцы 2023 года пачаліся актыўныя пошукі рулявога на новы сезон. Быў складзены шорт-ліст з дзесяці спецыялістаў, і Бразевіч у ім займаў адну з апошніх пазіцый.

У канцы мінулага года брэсцкі клуб кантактаваў з расіянінам Алегам Васіленкам, які ў 2010-2011 гадах узначальваў мінскае «Дынама». На момант перамоваў трэнер ужо некалькі тыдняў знаходзіўся без працы пасля звальнення з «Аланіі». 19 студзеня 2024-га стала вядома, што Васіленка ўзначаліў грузінскі «Тэлаві».

Была прадметная размова з Аляксандрам Сяднёвым, аднак коўч не захацеў зʼязджаць з казахстанскага «Ардабасы».

Цікавіліся дынамаўцы і Арцёмам Радзьковым. Аднак тут умяшаўся цалкам неспартыўны фактар. Як вядома, Радзькоў зʼяўляецца «непажаданым» для чыноўнікаў рэжымнага міністэрства па спорце. З гэтай прычыны кандыдатура найлепшага трэнера чэмпіянату Беларусі-2022 для Брэста адпала. Цяпер, паводле нашых звестак, Радзькоў займаецца самаадукацыяй: адправіўся ў Турцыю, дзе праводзяць зборы клубы і з Расіі, і з Беларусі, каб назіраць за спарынгамі, камунікаваць з трэнерамі і атрымліваць новыя веды.

Вяло «Дынама» перамовы і з 43-гадовым Сяргеем Амельянчуком. На той момант спецыяліст быў адным з памочнікаў у «Энергетыку-БДУ». 16 студзеня 2024-га ён пакінуў сталічны клуб, аднак з Брэстам супрацоўнічаць не пачаў.

Акрамя таго, «Дынама» абазначала зацікаўленасць яшчэ некалькімі замежнымі трэнерамі, але ні з кім дамовіцца не здолела. Так чарга і дайшла да Бразевіча.

На той момант у публічным полі будучыня Бразевіча была моцна звязаная з «Арсеналам». У сярэдзіне лістапада кіраўнік дзяржынскага клуба Аляксей Меляшкевіч заявіў, што з трэнерам дасягнутая папярэдняя дамоўленасць аб працягу супрацы. Вось толькі рэальнасць аказалася крыху іншай.

Па звестках нашых суразмоўцаў, Бразевіч пасля сезона-2023 даў ясна зразумець Меляшкевічу, што заставацца ў Дзяржынску не мае намеру. Прычын для гэтага ён меў некалькі: агульныя фінансавыя праблемы, якія суправаджалі клуб цягам сезона, даўгі па зарплаце (зрэшты, паводле нашых звестак, з Бразевічам «Арсенал» усё ж разлічыўся цалкам), а таксама цьмяныя перспектывы клуба датычна ўдзелу ў Д1.

З іншага боку, у клубе за Бразевіча таксама не трымаліся і асабліва не ўгаворвалі. Трэнер вырашыў сысці ў спадзеве атрымаць больш стабільнае месца працы, а «Арсенал» працягнуў пошукі фундатараў. Як вядома, сёння ў дзяржынцаў пачалася супраца з маскоўскім «Лакаматывам», які пагадзіўся дапамагаць фінансава.

Нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, кажуць, што нават калі б Бразевіч не сышоў з «Арсенала» раней, то з высокай верагоднасцю пакінуў бы клуб пасля пачатку калабарацыі з расіянамі. Тыя адной з умоваў па аказанні дапамогі ставілі прызначэнне галоўным трэнерам Дзяржынска спецыяліста са структуры «Лакаматыва». Ім, як вядома, аказаўся 40-гадовы Вячаслаў Вашкевіч.

Калі раздаўся званок з Брэста, Бразевіч якраз знаходзіўся ў чаканні прапаноў, а іх, як кажуць нашыя крыніцы, бракавала. У выніку перамовы з «Дынама» доўгімі не было. Усё вырашылася прыкладна за суткі.

Фінансы лепшыя, чым у Гродне, пра прэміяльныя пакуль не сказалі

Пад кіраўніцтвам Бразевіча каманда правяла пакуль два спарынгі: саступіла «Славіі» 2:5 і перамагла «Хвалю» 5:1. Вызначаліся ў гэтых матчах і навічкі, якіх клуб актыўна падпісвае гэтай зімой.

Па нашых звестках, фінансавыя ўмовы ў «Дынама» прапануюцца на ўзроўні серадняка вышэйшай лігі. Большасці маладых у Брэсце будуць плаціць паўтары-дзве тысячы рублёў, хаця ёсць і выключэнні. А вось вопытныя Сяргей Кісляк, Эдгар Аляхновіч і Міхаіл Гардзяйчук (усе працягнулі кантракты) атрымліваюць заробкі, якія перавышаюць абноўленыя ліміты. Дамовы з ветэранамі працягваліся да чарговага паніжэння столі заробкаў, і яны заскочылі на цягнік з ранейшымі лічбамі. Нагадаем, што не для зборнікаў, якімі і зʼяўляюцца брэсцкія лідары, яны знаходзіліся на адзнацы 6800 рублёў «бруднымі». Сярэднія ж лічбы па калектыве – 3-4 тысячы рублёў.

Як адзначаюць нашыя суразмоўцы з беларускага футбола, у фінансавым плане справы ў Брэсце выглядаюць куды больш надзейна, чым нават у леташняга срэбнага прызёра ЧБ «Нёмана». Гэта датычыцца як узроўню заробкаў (у Гродне ёсць стаўкі і менш як на тысячу рублёў), так і бюджэту агулам.

Што да прэміяльных, то пакуль гэтае пытанне ў «Дынама» не ўздымалася. За месяц, што мінуў ад моманту выхаду з адпачынку, сустрэч з кіраўніцтвам не было. Толькі бліжэй да пачатку сезона плануецца агульны сход з удзелам кіраўнікоў клуба, дзе якраз і будуць акрэсленыя дадатковыя фінансавыя стымулы для футбалістаў, а таксама задачы на сезон. Як гавораць нашыя крыніцы, пакуль у клубе ходзяць размовы пра тое, што мэты на сезон-2024 будуць прыземленымі – развіваць маладых, замацавацца ў верхняй палове табліцы. Пра нейкія вялікія амбіцыі, як гэта было год таму пры Ігару Крывушэнку, у Брэсце не кажуць.

А хто збірае склад?

Па нашых звестках, па дакументах адзіным супрацоўнікам скаўцкага аддзела «Дынама» на сёння зʼяўляецца Раман Васілюк – легендарнага форварда вярнулі ў клубную структуру ў лістападзе-2023.

Але па факце, як адзначаюць суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, трансферамі Васілюк не займаецца. Усе пошукі патэнцыйных навічкоў і перамовы з імі ляжаць на плячах дырэктара клуба Аляксандра Неўдаха, галоўнага трэнера Аляксандра Бразевіча і яго памочнікаў. Плюс сваіх кліентаў прапануюць агенты. Па нашых звестках, цяпер на праглядзе ў «Дынама» знаходзяцца як мінімум сямёра афрыканцаў, якіх прывёз агент кенійца Джасфата Лапагі (форвард выступае ў Брэсце са жніўня 2023-га).

Таксама на прагляд прыбыў 19-гадовы форвард Ілья Цішураў. У мінулым сезоне ён набіў 44 мячы за «Цэнтр футбола» ў Д3, пасля чаго рыхтаваўся з праектам рэжымнага бізнесмена Аляксандра Зайцава да чэмпіянату ў Д2 і забіў парачку мячоў на турніры «Белазавец». Але ў сувязі з тым, што «Цэнтр футбола» ўжо не мае намеру ўдзельнічаць у чэмпіянаце праз канфлікт са старшынём АБФФ, Цішураў заняўся пошукам новага месца працы.

Фота: dynamo-brest.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты