У чым дэфект Краўчанкі – трэнера, які тройчы запар выйграў Экстралігу, але, здаецца, не стаў для секты Баскава сваім

Слаба верыць напаказ.

18 красавіка, 18:30
2
У чым дэфект Краўчанкі – трэнера, які тройчы запар выйграў Экстралігу, але, здаецца, не стаў для секты Баскава сваім

Пры ўсім скепсісе, які выклікае беларускі хакей праз сваю бесхрыбетнасць і афіляванасць з лукашэнкаўскім рэжымам, у ім здараюцца шыкоўныя чыста спартыўныя сюжэты. Можна захапляцца подзвігамі Ягора Шаранговіча ў НХЛ. Вохкаць ад таго, што вырабляе на юніёрскім узроўні ў Канадзе Ягор Сідараў. І нават у Экстралізе некаторыя падзеі прымушаюць сказаць: ну нічога сабе!

Развязка чэмпіяната-2023/24 – у пэўным сэнсе шык. Каманда з шостага месца выносіць усіх у плэй-оф і забірае галоўны Кубак. Падчас сезона яна нават не заўжды ішла ў васьмёрцы, але калі настаў час гуляць на выбыццё, прадэманстравала рашучасць і бязлітаснасць. Наваляла і «Юнацтву», і «Гомелю», а «Брэст», яшчэ адну сенсацыю турніра, увогуле не заўважыла ў фінале і раскатала насуха.

«Металург» са Жлобіна не першы раз праварочвае такі фокус – з серадняка ператвараецца ў пераможцу (год таму стаў чэмпіёнам пасля пятага месца ў рэгулярцы). Каманда ўвогуле выйграла Экстралігу трэці раз запар. І на гэтым адрэзку з ёй працуе адзін і той жа трэнер. У свой час Дзмітрый Краўчанка прыводзіў да поспеху «Нёман», ну а ў горадзе металургаў займаецца тым, што пацвярджае якасць – і гэта са спартыўнага пункту гледжання ўражвае. Бо ніхто не скажа, што Жлобін мае нейкі выбітны ростар. Так, у ім ёсць былы энхаэлавец – 37-гадовы Сяргей Касціцын. Але толькі гляньце на яго – без чужой дапамогі нават не можа ўзняць трафей над галавой.

Перад гэтым сезонам «Металург» перажываў няпростыя моманты з камплектацыяй. І нават пра Краўчанку луналі чуткі, што ён можа сысці, хаця з чаго б клубу адпускаць такога спецыяліста. Але трэнер застаўся і пасля невыразнай рэгуляркі раскрыў калектыў у тую пару, калі гэта найбольш неабходна (высокiя месцы гладкага сезона наўрад ці каго ўсур’ёз цешаць).

Advertisment

Перамогі ў чэмпіянаце Краўчанка збірае з сезона-2012/13. Робіць гэта без нейкага фантастычнага рэсурсу, які калісьці меў Міхаіл Захараў, дзякуючы чаму назбіраў рэкордную для Беларусі колькасць тытулаў. Краўчанка, здаецца, крыху пра іншае – пра ўменне планаваць і натхняць. З выгляду зусім прасцецкі дзядзька, хітра ўсміхаючыся, разважае перад журналістамі і сумбурна, і афарыстычна – і раз за разам пакідае калег у дурнях.

На сёння, відавочна, Краўчанка – гэта велічыня ў беларускім хакеі. Пэўная канстанта. Магчыма, нават найбольшая адзінка, калі мераць трэнера па дасягненнях. Але пры гэтым прысутнічае ўражанне, што з Краўчанкам нешта не так. Што ёсць у ім нейкі дэфект – у вачах не заўзятараў, а тых, хто прымае на сёння рашэнні ў беларускім хакеі. Быццам чымсьці трэнер-чэмпіён не задавальняе Дзмітрыя Баскава і тых, хто выконвае яго загады.

Ці чулі вы пра тое, каб Краўчанку абмяркоўвалі як кандыдата на пост галоўнага трэнера зборнай Беларусі? А каб разглядалі на пасаду галоўным у мінскае «Дынама»? Нічога такога не было. Раней Краўчанка працаваў асістэнтам і ў зборнай, і «Дынама», але ж пра самастойную працу гаворкі ніколі не вялося. У апошнія сезоны ёсць усе падставы пра гэта пагаварыць, нават нягледзячы на тое, што зборнай з яе графікам трэнер не надта і патрэбны, каб па коле гуляць з Расіяй, Расіяй-2, Расій-25 і якія яшчэ Расіі там ёсць.

Такое стаўленне можна паспрабаваць спісаць на пагарду да мясцовага чэмпіянату. Маўляў, ну што там тыя беларускія кубкі? Але гэта не выглядае поўным вытлумачэннем, бо і Андрэй Скабелка, і Аляксандр Андрыеўскі пачыналі ў Экстралізе, прычым больш сціпла, і ўсё роўна атрымалі шанцы на прасоўванне. Ды што там – Канстанцін Кальцоў у свой час нічога не дамогся ў ЧБ з «Брэстам» і Маладзечнам, а яго разглядалі як замену Дзмітрыю Квартальнаву і ў «Дынама», і ў зборнай. Ну так, усе гэтыя спецыялісты паспелі папрацаваць за мяжой, а Краўчанка ўжо 31 год тырчыць у Беларусі – з тых часоў, як 17-гадовым прыехаў з Навакузнецка.

Вельмі сумнеўна, што прычына ігнору палягае ў п’яных перфомансах трэнера, хаця яны, безумоўна, уражвалі.

Той жа Баскаў сам любіць прыкласціся да бутэлькі, і ўвогуле, як сказала былая жонка Кальцова, для хакеістаў гэта звычайны дасуг, няхай наступствы ў кожнага свае.

Дык што тады не так з Краўчанкам?

Здаецца, ён проста не з іх тусоўкі. А можа, нават не з іх тусовак. Ёсць на ўзроўні КХЛ кам’юніці былых вядомых хакеістаў, якія пагулялі за постсавецкія зборныя і сур’ёзныя клубы. Гэта трэнеры, менеджары, якія ведаюць адзін аднаго і дапамагаюць адзін аднаму з працаўладкаваннем. Краўчанка вялікай кар’еры не зрабіў – у 21 год скончыў праз траўму пляча ў чэмпіянаце Беларусі і пачаў трэнаваць. Яго дакладна не аднясеш да хакейных селебрыці і зорных гульцоў.

А ў Беларусі існуе гурток па інтарэсах з мясцовым каларытам – секта Баскава, вярхоўнага хакейнага жраца па кульце Лукашэнкі. І вось сябры гэтага братэрства свае шанцы атрымліваюць сістэмна і нават у крэдыт, прычым з магчымасцю яго не гасіць. Так, вынікі пасрэдныя, але ж вера – гэта не пра матэрыяльнае. Можна быць слабым спецыялістам, але адданым вернікам – і з ласкі жраца табе гарантаваны на зямлі калі не рай, то стабільны пракорм. Проста зафіксуем, чаго дамагліся сябручкі Баскава ў сезоне-2023/24:

– Яраслаў Чупрыс насмяшыў усю хакейную супольнасць, які ўжо раз праваліўшыся з «Шахцёрам» у Экстралізе. З процьмай грошай і легіянераў з Расіі не даў рады «Брэсту», які ў рэгулярцы быў сёмым і ўвогуле набраў на 33 пункты меней;

– Андрэй Міхалёў – той самы, які па душэўнай дабраце даваў Баскаву 50 тысяч долараў на першую кватэру – не выйшаў у плэй-оф МХЛ з «Дынама-Шыннікам»;

– Арцём Каркоцкі працягвае пацвярджаць статус чалавека з вельмі абмежаванымі разумовымі здольнасцямі (так пра яго многія кажуць) на пасадзе генеральнага дырэктара мінскага «Дынама». То ён збіраецца з камандай пашумець і прайсці першы раўнд плэй-оф, то збіраецца заняць у рэгулярцы месца вышэй за восьмае, то кажа, што і восьмае месца нічога сабе, а вылет у першым раўндзе плэй-оф – норм, і ўвогуле сезон атрымаўся паспяховым.

Як думаеце, хто з іх панясе адказнасць за свае няўдачы? I якой тая адказнасць будзе? Перавод з «Шахцёра» ў «Ліду» або «Магілёў»? А можа, адразу ў якую зборную? Каркоцкага пакуль што ўзнагародзілі дарагім гадзіннікам за поспехі ў лукашэнкаўскай камандзе. А Міхалёва калісьці за тое ж самае зрабілі заслужаным майстрам спорту.

Гаворка тут не пра тое, што Краўчанка – не лукашыст (пра яго палітычныя погляды ўвогуле цяжка нешта сказаць). Проста ён слаба верыць напаказ, нават калі верыць. Недастаткова апантана. І ўвогуле часцей кажа пра неабходнасць развіваць беларускі хакей, а не пра тое, што ў ім усё цудоўна (а мог бы павучыцца ўменню радавацца ў Сяргея Стася). Пра хакейнага жраца таксама публічна маўчыць. Можа, праз гэта год таму федэрацыя i паставіла вышэй за трэнера-чэмпіёна коўча срэбных прызёраў. Вось толькі ў гэтым сезоне Ягор Летаў і яго «Нёман» вылецелі з плэй-оф у першым жа для сябе раўндзе – чакаем трэнерскай намінацыі для брастчаніна Сяргея Пушкова?..

Пачаць верыць ніколі не позна. І Краўчанка яшчэ можа здабыць сабе шанц. Калі, канешне, яму сапраўды хочацца прабівацца наверх у гэтай сістэме.