Tribuna/Біятлон/Блогі/Сола перамагла ў Расii, але ледзь не плакала без рэжымнага гiмна – ратаваў самаабвешчаны «бацька бiятлона» (беларуска яго прызнае)

Сола перамагла ў Расii, але ледзь не плакала без рэжымнага гiмна – ратаваў самаабвешчаны «бацька бiятлона» (беларуска яго прызнае)

Вынiк – шчырая ўсмешка.

Аўтар — Pam-pam
26 сакавіка, 17:00
Сола перамагла ў Расii, але ледзь не плакала без рэжымнага гiмна – ратаваў самаабвешчаны «бацька бiятлона» (беларуска яго прызнае)

26 сакавіка на чэмпіянаце Расіі беларуская біятланістка Ганна Сола перамагла ў гонцы пераследвання: стартавала з шостай пазіцыі, дапусціла два промахі на рубяжах і пераадолела 10 км дыстанцыі за 33 хвіліны 21,8 секунды. Яшчэ адна беларуска, Дзінара Смольская, завяршыла дыстанцыю 15-й.

Пасля сваёй перамогі беларуска заявіла, што яна шчаслівая і гатовая пачуць гімн Беларусі:

«Атрымалася падняцца на першую прыступку п'едэстала. Я шчаслівая, што будзе граць гімн Беларусі. Гэтага хоча любы [беларускі] спартсмен».

Але пачуць на поўную моц не атрымалася. Арганізатары спаборніцтваў вырашылі пакінуць беларуску не толькі без медаля (прадстаўнікі нашай краіны пакуль спаборнічаюць у чэмпіянаце Расіі па-за залікам), але і без гімна. Такое рашэнне засмуціла спорстменку, якая лічыць, што забаненыя краіны мусяць аб'яднацца, а не наадварот:

«Вельмі крыўдна. Часам да слёз. Падаецца, што мы павінны абʼядноўвацца, калі нас то туды не дапускаюць, то сюды. Хочам – дамо медалі, хочам – не. Такога не павінна быць, – сказала Сола пасля цырымоніі.

Падтрымка да беларускі прыйшла ў асобе каментатара-пуцініста Дзмітрыя Губерніева, якi не так даўно абвясцiў сябе «бацькам бiятлона». Сола з гэтым пагаджалася i дадавала: «Што б мы без Дзмітрыя рабілі, толькі скажа – і ўсе праблемы вырашаюцца».

Цяпер расiянiн проста падчас інтэрв’ю з Солай паднёс да мікрафона свой тэлефон і ўключыў на ім музыку рэжымнага гімна. Сола ад гэтага не магла стрымаць усмешку, а потым абняла Губерніева і сказала яму «вялікі дзякуй». Канал каментатара «Матч ТВ» выклаў эпізод, у якім трапна назваў кампазіцыю «гимн Белоруссии».

Губернiеў затым раскрытыкаваў арганізатараў у сваім тэлеграм-канале:

«Сёння добры спартыўны дзень! «Матч ТБ» парадаваў Ганну Солу, гімн Рэспублікі Беларусь прагучаў у жывым эфіры…

Калегі малайцы, а вось усе арганізатары ЧР па біятлоне, на жаль, забаяліся ўключыць на стадыёне гімн сяброўскай краіны… Я ўсіх асабіста прасіў, [кіраўніка Саюза біятланістаў Расіі Вiктара] Майгурава таксама… Але не… Тыпу рэгламент….

Мне асабіста сорамна і няёмка… Мы вялікая і моцная краіна, Беларусь наш сябар і саюзнік, але медалі не ўручаем, гімн не ўключаем… Гэтую сітуацыю трэба мяняць!».

Губерніеў не першы раз крытыкуе прадстаўнікоў сваёй краіны за стаўленне да беларускіх біятланістаў. Летась у снежні ён абурыўся тым, што беларусы не атрымліваюць прызавыя за перамогі на Кубку Расіі. Каментатар назваў гэтае рашэнне «вельмі дзіўным і нелагічным». А ўжо ў лютым палічыў «сорамам і ганьбай» позні допуск прадстаўнікоў нашай краіны на Спартакіяду.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты