Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Куды занясло Раналду: клуб з доўгам у 50 мільёнаў яшчэ ў 2021 годзе, трэнер выбіў «Ман Сіці» з ЛЧ

Куды занясло Раналду: клуб з доўгам у 50 мільёнаў яшчэ ў 2021 годзе, трэнер выбіў «Ман Сіці» з ЛЧ

Будзе гуляць у адной лізе з экс-коўчам мінскага «Дынама».

Аўтар — bytribuna com
3 студзеня 2023, 15:24
Куды занясло Раналду: клуб з доўгам у 50 мільёнаў яшчэ ў 2021 годзе, трэнер выбіў «Ман Сіці» з ЛЧ

Пераварылі ўжо факт, што Крышцiяну Раналду сапраўды падпісаў кантракт з «Аль-Насрам» з Саудаўскай Аравіі?

Цяпер, паважаныя сябры і ворагі Крыша, трэба разабрацца, а куды яго ўвогуле занесла.

«Аль-Наср» – клуб са статусам і гісторыяй, але не самы паспяховы

Саудаўскі «Аль-Наср» – адзін з самых паспяховых клубаў у гісторыі краіны: выйгралі 9 чэмпіёнстваў, 6 Кубкаў караля, 3 Кубкі наследнага прынца, таксама выйгравалі Кубак уладальнікаў кубкаў АФК і даходзілі да фіналу азіяцкай ЛЧ. Праблема ў тым, што «Аль-Наср» – нават не самы паспяховы клуб горада: у Эр-Рыядзе, сталіцы Саудаўскай Аравіі, таксама гуляе «Аль-Хіляль» – самы тытулаваны клуб не толькі краіны, але і ўсёй Азіі (18 хатніх чэмпіёнстваў і 4 выйграных ЛЧ).

Больш за тое, у 21 стагоддзі «Аль-Наср» цяжка назваць звышпаспяховым: за гэтыя 22 гады толькі тры чэмпіёнствы і адзін Кубак наследнага прынца, апошні трафей - выйграны чэмпіянат-2018/19. З срэбрам не моцна больш - два медалі ў лізе, чатыры прайграных фіналу Кубка караля, яшчэ два Кубка наследнага прынца.

Поўны правал адбыўся ў сезоне-2020/21 – каманда заняла рэкордна нізкае шостае месца. Летась вярнулі сабе трэцяе месца – але гэтага, відаць, усё яшчэ мала.

Назва клуба з арабскага перакладаецца як «перамога». Так, арыгінальнага тут мала - клубы з падобнымі назвамі ці не ў кожнай арабамоўнай краіне. Зрэшты, варта адзначыць, што клуб з Эр-Рыяду заснаваны яшчэ ў 1955 - раней за іншых. Сіне-жоўтыя колеры ў клуба – не праз салідарнасць з Украінай, а праз любоў да сваёй краіны. Жоўты сімвалізуе пяскі пустыняў Саудаўскай Аравіі, сіні – воды Персідскага заліва і Чырвонага мора, што абмываюць краіну.

Прэзідэнт клуба – былы прэзідэнт Саудаўскай Пра-лігі Мусалі Аль-Муамар. Яго прызначылі ў 2021-м пасля вялізнага фінансавага скандалу. Папярэдняе кіраўніцтва прывяло клуб у цяжкае становішча – прымала рашэнні без згоды рады дырэктараў, затрымлівалі заробкі, парушалі трансферныя правілы ФІФА (у прыватнасці, не плацілі кампенсацыі тым, з кім у аднабаковым парадку разрывалі кантракт). Спадчына – 50 млн даляраў даўгоў і неабходнасць міністэрству спорту ўрывацца і сваім рашэннем мяняць кіраўніцтва.

Трэніруе каманду гэтага сезона экс-коуч «Ромы», «Марселя», «Ліля» Рудзі Гарсія, які сенсацыйна вывеў «Ліён» у паўфінал ЛЧ-2019/20, выбіўшы «Ювентус» і «Ман Сіці». Не факт, што ён будзе працаваць доўга – клуб у апошні час змяняе трэнераў як пальчаткі. Толькі ў 2021 годзе камандай кіравалі чатыры розныя чалавекі, у 2019, 2020 – па два, у 2018 – тры, у 2016 і 2017 - таксама 4. Апошні раз «Аль-Наср» правёў каляндарны год без змены трэнера ў 2013 годзе.

Раналду стаў восьмым легіянерам у заяўцы «Аль-Насра» – больш фізічна заявіць нельга. Яго самыя зорныя партнёры – варатар Давід Аспіна, паўабаронца Луіс Густава і нападаючы Венсан Абубакар. Сярод аднаклубнікаў-легіянераў – атакуючы паўабаронца Піці Марцінес, нападаючы Таліска (экс-«Бенфіка»), левы абаронца Гіслен Конан і цэнтральны абаронца Альвара Гансалес (экс-«Вільярэал» і «Марсель»).

Каманда пасля 10 тураў ідзе на другiм месцы, маючы 23 ачкі і адстаючы ад першага «Аль-Шабаба» на два. Зрэшты, у трэцяга «Аль-Іціхада» – 21 ачко і матч у запасе.

Ды і які там наогул чэмпіянат

У саудаўскай прафесійнай лізе гуляюць 16 каманд у два кругі – страшэнна знаёмы беларусам фармат. У гэтым сезоне ў ЛЧ трапяць толькі пераможца лігі і Кубка караля – праз змену фармату кантынентальнага Кубка квоту Саудаўскай Аравіі (3 месцы ў групе + 1 месца ў плэй-оф кваліфікацыі) прыйшлося дзяліць на два розыгрышы турніру.

Варта таксама адзначыць жорсткі рэгламент па легіянерах: на ўсю заяўку на турнір (!) іх можа быць не больш за 8, і не больш за 7 – на полі. Сярод вядомых футбалістаў у лізе (таму што там дастаткова шмат «выпадковых» бразільцаў) – Фэліпэ Кайседа («Абха»), Робін Квайсан («Аль-Ітыфак»), Уладзімір Стойкавіч («Аль-Файха»), Лусіяна В'ета і Адыён Ігала («Аль-Хіляль»), Элдэр Кошта («Аль-Іціхад»), Эвер Банега, Аарон Бупенда, Гжэгаж Крыхавяк і Санці Міна («Аль-Шабаб»), Оскар Дуартэ і Мунір Махамедзі («Аль-Вехда»).

Зазначым, што галоўным трэнерам у клубе «Аль-Файха» – былы коуч мінскага «Дынама» Вук Рашавіч. Яшчэ ў 2021-м яму дапамагаў там трэнер варатароў Васіль Хамутоўскі.

Ёсць у лізе ўкраінскі след. У арэндзе з запарожскага «Металіста» за «Аль-Халідж» гуляе Браян Рыяскос, за «Дамак» выступае экс-фарвард «Львова» (2018–2019 гады) Бруну Дуартэ, а Жэрсан Радрыгеш атрымаў свой чарговы другі шанец у «Аль-Вехдзі» – у арэндзе з кіеўскага «Дынама».

Іншыя пасты блога

Усе пасты