Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Трэнер Сенегала страціў 11 сваякоў у страшнай марской катастрофе. Але ўсё роўна выйшаў на матч АПЛ

Трэнер Сенегала страціў 11 сваякоў у страшнай марской катастрофе. Але ўсё роўна выйшаў на матч АПЛ

На тым пароме ў 2002-м загінула больш людзей, чым на «Тытаніку».

14 студзеня, 12:43
Трэнер Сенегала страціў 11 сваякоў у страшнай марской катастрофе. Але ўсё роўна выйшаў на матч АПЛ

26 верасня 2002 года тады яшчэ паўабаронца «Бірмінгема» Аліу Сісэ, які зараз узначальвае зборную Сенегала і рыхтуецца згуляць з ёй на Кубку Афрыкі-2023, убачыў па тэлевізары навіну, што ля берагоў Гамбіі затануў сенегальскі паром Le Joola. Гэтая назва была добра вядома Аліу, паколькі ён неаднаразова быў адным з пасажыраў гэтага судна, калі вяртаўся дадому з Еўропы. На наступны дзень яму трэба было выйсці ў аснове на паядынак супраць «Ньюкасла», таму футбаліст вырашыў засяродзіцца на найбліжэйшым матчы.

Тады Сісэ яшчэ не ведаў, што на тым пароме сярод 1863 пасажыраў было 11 яго сваякоў.

Судна перавярнулася з-за шторму і вялікага крэну. Гэта другая па колькасці загінуўшых неваенная марская катастрофа

Увечары таго дня паром Le Joola выйшаў з Зігіншора, каб адправіцца ў сталіцу Сенегала Дакару. Людзі, якім удалося выжыць, расказвалі, што яшчэ ў момант адчальвання ад берага судна ўжо мела крэн на левы борт. Па дарозе Le Joola здзейсніў невялікі прыпынак на востраве Карабан, падчас якога колькасць пасажыраў павялічылася яшчэ на 185 чалавек. Так і сфармаваўся канчатковы лік у 1863 пасажыры.

І тут важная дэталь: першапачаткова судна было разлічана ўсяго на 580 чалавек, у тым ліку экіпаж. У выніку атрымалася, што ў акіян Le Joola выйшаў з больш чым трохразовай перагрузкай толькі за кошт пасажыраў. Да гэтага яшчэ і дадаліся тэхнічныя праблемы – з-за дрэннага абслугоўвання паром часта ішоў на рамонт, а апошні такі быў усяго за некалькі тыдняў да катастрофы.

А 10-й гадзіны вечара экіпаж выйшаў на сувязь з цэнтрам марской бяспекі ў Дакары, каб паведаміць, што судна знаходзіцца ў добрых умовах для плавання. Аднак праз 30 хвілін пачаўся шторм, а вецер дасягаў 65 км/г. Яшчэ праз некалькі хвілін, калі паром ужо быў ля берагоў Гамбіі, у яго адмовілі рухавікі.

Некіравальнае судна разгарнула правым бортам да хваль, што яшчэ больш павялічыла крэн на левы бок. А тут яшчэ і спалоханыя пасажыры пабеглі ў іншы бок судна. Варта адзначыць, што большасць людзей размяшчаліся на верхніх палубах з-за спякоты, што адбілася на ўстойлівасці. Дайшло да таго, што ў ілюмінатары парома пачала зацякаць вада. Сітуацыя пагоршылася, калі на аўтамабільнай палубе сарваліся з мацавання вялікагрузныя аўтамабілі. Вядома, усе яны пакаціліся на той самы левы борт, што толькі пагоршыла сітуацыю ўжо за лічаныя секунды. Не вытрымаўшы такога перакосу, у 22:55 паром перакуліўся.

Нягледзячы на гэта, канчаткова пад ваду судна пайшло каля 15:00 наступнага дня. Унутры перакінутага парома ўвесь гэты час заставаліся людзі, якія знаходзіліся ў паветраных кішэнях. Яны загінулі, чакаючы выратавання. Пасажыры, якія выжылі, распавядалі, што ўвесь гэты час чулі крыкі людзей усярэдзіне судна, якіх так і не атрымалася выратаваць, у адрозненне ад часткі з тых, хто пасля катастрофы апынуўся ў вадзе.

А што наконт выратавальных каманд? Урад іх арганізаваў, але яны дабраліся да месца трагедыі толькі раніцай. Няпраўдай будзе сказаць, што хутчэй зрабіць гэта было немагчыма, бо мясцовыя рыбакі прыплылі ратаваць яшчэ на некалькі гадзін раней.

З амаль дзвюх тысяч чалавек у жывых засталося ўсяго 64.

З-за дрэнна скаардынаванай выратавальнай аперацыі быў звольнены прэм'ер-міністр Сенегала Маме Мадыёр Бо, а таксама шэраг іншых чыноўнікаў. Аднак многіх потым проста прызначылі на іншыя пасады, строга нікога не пакаралі. Урад Сенегала выплаціў сем'ям загінуўшых па 22 тысячы долараў.

Трагедыя парома Le Joola з'яўляецца другой па колькасці загінуўшых сярод неваенных марскіх катастроф (больш жыццяў забрала толькі сутыкненне філіпінскага парома «Донья Пас» з танкерам «Вектар» у 1987 годзе, калі загінула каля 4000 чалавек). У гэтым сумным рэйтынгу катастрофа сенегальскага судна абышла нават легендарны Тытанік, ахвярамі якога сталі 1517 чалавек.

Бацькі хавалі ад Сісэ навіну пра гібель сваякоў. Ён усё ж такі даведаўся, але нікому ў клубе не паведаміў – і выйшаў на матч АПЛ

Аліу Сісэ адыграў усе 90 хвілін супраць «Ньюкасла», але яго «Бірмінгем» саступіў «сарокам» 0:2. Наперадзе тыдзень трэніровак – а затым выязны матч з «Вэст Хэмам». Але ў галаве ён усё яшчэ трымаў навіну пра катастрофу.

«Бацькі не хацелі мне казаць, бо я рыхтаваўся да важнага матча. Але пры такіх абставінах футбол не мае вялікага значэння. Я даведаўся пра трагедыю ад сябра з Англіі.

Першая рэакцыя – здзіўленне, потым была паніка. Да Сенегала вельмі складана датэлефанавацца, але ўсё ж такі атрымалася. Сябры паведамілі, што на борце былі мае родныя», – згадваў Сісэ.

Сястра, цёткі, дзядзькі, пляменнікі і стрыечныя браты. Некалькі дзён усе яны лічыліся зніклымі без вестак.

«Самым цяжкім было чаканне. Спробы знайсці каго-небудзь, хто меў бы патрэбную інфармацыю. У нейкі момант людзі пачалі казаць, што гэта няпраўда, што лодка прыбыла ў пункт прызначэння. У такія моманты ты выдыхаеш, а праз 30 хвілін табе кажуць: «Не, не, не, гэта няпраўда, лодка ўсё яшчэ не прыбыла», – дзяліўся ўспамінамі Аліу.

Да таго дня 2002 год быў для Сісэ багатым на эмоцыі ў футбольным плане. У лютым ён са зборнай Сенегала дайшоў да фіналу Кубка Афрыкі, дзе ў серыі пенальці яны саступілі Камеруну, а Аліу быў адным з тых, хто не рэалізаваў свой удар. Больш станоўчыя эмоцыі ён перажыў улетку, калі Сенегал сенсацыйна дайшоў аж да чвэрцьфіналу ЧС-2002. Ва ўпартай барацьбе яны саступілі зборнай Турцыі, але ўсё роўна ўвайшлі ў гісторыю, а Сісэ быў капітанам той каманды. Сваёй гульнёй ён прыцягнуў увагу «Бірмінгема», які ў той момант выступаў у Прэм'ер-лізе. Англійскі клуб заплаціў за яго 2,25 млн еўра «ПСЖ», а Аліу з першых матчаў стаў гульцом асноўнага складу сваёй новай каманды.

Увесь тыдзень пасля крушэння Сісэ нікому ў камандзе не казаў, што ў ягонай сям'і здарылася трагедыя. Ён прыходзіў на трэніроўку, усміхаўся, рабіў усё, як і ў звычайныя дні. Аліу быў настроены згуляць супраць «Вэст Хэма», нягледзячы ні на што.

«Я ўсё трымаў у сабе. Гэта быў вельмі складаны і цяжкі дзень, але мая сям'я мела патрэбу ў тым, каб я быў моцным для іх. Ім патрэбна была мая прысутнасць. Я не мог быць слабым», – казаў Сісэ.

Былы партнёр Аліу ў «Бірмінгеме» Майкл Джонсан летась пракаментаваў той эпізод з жыцця Сісэ: «Большасць людзей, у прыватнасці я, вырашылі б вярнуцца дадому і ўзяць тайм-аўт. Але Аліу хацеў гуляць. Гэта сведчыць пра сілу і характар гэтага чалавека».

У паядынку з «малатабойцамі» Сісэ атрымаў жоўтую картку ўжо на 12-й хвіліне, але адыграў поўны матч, чым дапамог «Бірмінгему» заваяваць тры важныя ачкі (2:1). І толькі пасля гульні ён усё ж такі звярнуўся да кіраўніцтва і трэнерскага штаба, распавёўшы пра сітуацыю і папрасіўшы двухтыднёвы адпачынак.

Аліу арганізаваў дабрачынны матч са зборнай Нігерыі, атрыманыя сродкі пайшлі сем'ям загінуўшых. А заўзятары «Бірмінгема» арганізавалі перформанс, упрыгожыўшы цэлую трыбуну ў колеры сцяга Сенегала, каб падтрымаць свайго футбаліста.

«Гэтая трагедыя не толькі асабістая, але і калектыўная. Вы павінны памятаць, што на судне былі прадстаўнікі ўсіх сацыяльных пластоў сенегальскага грамадства. У кожнага жыхара горада Зігіншора ёсць адзін, два, дзесяць членаў сям'і, якія засталіся на затанулым судне», – казаў Сісэ.

Тая трагедыя сапраўды загартавала Аліу. Зараз ён узначальвае зборную Сенегала (з 2015 года), яго паважаюць футбалісты – менавіта за характар. Яшчэ б дадаць павагі з боку мясцовай федэрацыі футбола. Перад ЧС у Катары стала вядома, што заробак Сісэ ў нацыянальнай камандзе складае ўсяго 30 тысяч долараў. Нягледзячы на гэта, у канцы снежня 2023-га з'явілася інфармацыя, што Аліу і яго трэнерскі штаб ужо паўгода не атрымліваюць грошы ад кіраўніцтва.

«Я не хачу казаць пра гэта, паколькі засяроджаны на падрыхтоўцы да абароны тытула чэмпіёна Афрыкі», – каментуе непрыемную сітуацыю Сісэ. І неяк не ўзнікае сумневаў, што ён сапраўды засяроджаны менавіта на поспеху зборнай Сенегала, а не на грашовых пытаннях.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты