Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Піке запусціў сваю футбольную лігу: Агуэра ў касцюме блазна, Раналдзіньё ў ружовым лімузіне, Маўрынью знішчае Ікера

Піке запусціў сваю футбольную лігу: Агуэра ў касцюме блазна, Раналдзіньё ў ружовым лімузіне, Маўрынью знішчае Ікера

Жэрар знайшоў сабе ідэальнае месца.

13 сакавіка 2023, 13:58
Піке запусціў сваю футбольную лігу: Агуэра ў касцюме блазна, Раналдзіньё ў ружовым лімузіне, Маўрынью знішчае Ікера

Цяжка вызначыць той момант, калі Жэрар Піке з топавага абаронцы паступова ператварыўся ў прадмет для жартаў і мемаў, але за апошні год іспанец перажыў нямала: публічны разрыў з Шакірай, раптоўнае заканчэнне футбольнай кар'еры ў сезоне і скандалы з новай дзяўчынай. Аднак не варта шкадаваць вядомага аматара парэзаць сетку пасля пераможных фіналаў, бо як мінімум адна яго ідэя стала дастаткова паспяховай.

У пачатку 2023 года Піке разам з папулярнымі іспанскімі стрымерамі запусціў футбольны турнір, які без лішняй сціпласці назваў «Каралеўская ліга». За трансляцыямі можна назіраць на Twich, Ютубе і ў Цік-току. Аўдыторыя ўвесь час расце, таму ў лігу ўжо прыходзяць сур'ёзныя спонсары, такія як MacDonald`s, Adidas і Spotify.

Турнір, які прэзідэнт Ла Лігі Хаўер Тэбас назваў «цыркам», можна лічыць цалкам паспяховым праектам – штотыдзень ён збірае мільённую аўдыторыю, як падчас матчаў, так і падчас абмеркаванняў на постшоу і стрымах.

Таймы па 20 хвілін, у камандах па сем гульцоў, а ў трэнераў ёсць «сакрэтныя карткі»

Фармат турніру і правілы цалкам зразумелыя. У ім бяруць удзел 12 каманд, якія спачатку гуляюць рэгулярны чэмпіянат, а пасля 8 каманд выходзяць у плэй-оф, дзе вызначаюць чатырох шчасліўчыкаў, якія згуляюць «фінал чатырох» на «Камп Ноў». Гульні праходзяць у адным з ангараў у порце Барселоны, таму турнір візуальна нагадвае нешта сярэдняе паміж знакамітай «Клеткай» з рэкламы Nike і чарговым эпізодам з серыяла «Чорнае люстэрка». Раз на тыдзень адбываецца гульнявы дзень, дзе гуляюць шэсць матчаў. Да і пасля паядынкаў у прамым эфіры праходзіць шоу з Жэрарам Піке, у якім абмяркоўваюць самыя гарачыя эпізоды.

Кожная каманда мае свайго «прэзідэнта» – гэта можа быць нейкі вядомы стрымер або зорка футбола, якая на драфце выбірае футбалістаў перад пачаткам сезона. У камандзе ёсць 10 выбраных на драфце гульцоў і два слоты для зорак і прафесійных футбалістаў. 11-ы гулец замацаваны за камандай увесь час, а 12-ы можа змяняцца хоць кожную гульню.

Каманды гуляюць два таймы па 20 хвілін у фармаце 7 на 7. Матч пачынаецца з таго, што абедзве каманды бягуць за мячом са сваёй паловы поля. Выглядае гэта хоць і дзіўна, але досыць эфектна.

Нічыіх быць не можа, таму ў выпадку роўнага ліку каманды прабіваюць нешта падобнае да хакейных булітаў.

Але тлумачыць правілы «Каралеўскай лігі» – вельмі няўдзячная справа, бо яны мяняюцца літаральна кожны тыдзень. Змяненні ў правілы могуць уносіць заўзятары, галасуючы ў твітэры, а таксама сам Піке. Тут і пачынаецца самае вясёлае: у трэнераў каманд шэсць картак пад назвай «сакрэтная зброя», якія яны могуць выкарыстоўваць падчас матча. Сярод іх, напрыклад, выдаленне аднаго з гульцоў-сапернікаў на дзве хвіліны або залічэнне аднаго гола за два. Калі вам і гэтага мала, то ў Жэрара Піке ёсць свае «карткі лігі», якімі ён можа забраць пэўную колькасць гульцоў каманды на дзве апошнія хвіліны тайма або абвясціць матч «з вока на вока», калі ў кожнай камандзе застаецца толькі па адным гульцу

У пагоні за інтрыгай арганізатарам часам удаецца перахітрыць саміх сябе. Падчас аднаго з матчаў суддзі не да канца зразумелі правілы гульні «з вока на вока» (гулец не фіксаваў мяч, калі пачынаў атаку), таму Піке прыняў рашэнне перайграць дзве хвіліны. Пасля гэтага Жэрар атрымаў хвалю крытыкі за тое, што ўмяшаўся ў рашэнне суддзяў і нават выдаліўся з чата арганізатараў турніру.

Падчас матчу ў суддзяў і трэнераў працуюць мікрафоны, таксама ў эфір ідуць перадматчавыя і пасляматчавыя ўстаноўкі – усё для поўнага паглыблення ў атмасферу сустрэчы. Падчас саміх паядынкаў поле акружаюць вялізныя экраны, праз якія прэзідэнты могуць размаўляць з камандай. Выглядае максімальна футурыстычна.

Зоркі дадаюць інтрыгі: Агуэра ў касцюме блазна, Раналдзіньё не хоча бегаць, а Маўрынью знішчае Касільяса

Адна з галоўных фішак «Каралеўскай лігі» – прыцягненне былых зорак. Вядома, не ўсе яны паказваюць яскравую гульню, у большасці сваёй прыходзяць толькі на адзін матч, але некаторыя гісторыі выглядаюць сапраўды вельмі крута. Серхіа Агуэра стаў прэзідэнтам каманды з загадкавай назвай Kunisports (нагадаем на ўсялякі выпадак, што «Кун» – гэта даўняя мянушка аргенцінца).

На матч сваёй каманды Серхіа прыйшоў у вобразе Джокера, адказаўшы такім чынам на словы Тэбаса пра тое, што ліга з'яўляецца самым сапраўдным цыркам. Найлепшы бамбардзір у гісторыі «Сіці» зняў цыркавы касцюм, зраўняў лік у матчы і не рэалізаваў вырашальны буліт.

Другім чалавекам у праекце пасля Піке можна лічыць стрымера Ібаі Льянаса, які з'яўляецца прэзідэнтам каманды «Парчынас» (porcinos – свінні). Менавіта ён часцей узаемадзейнічае з легендарнымі футбалістамі. У «Парчынасе» на адзін матч удалося зацягнуць самога Чычарыта, улічваючы вялізны мексіканскі рынак, гэта было вельмі добрае рашэнне, аднак мексіканец быў некалькі ў шоку. Хаўер Эрнандэс разлічваў на вясёлую прагулку, але калі зразумеў, што, нягледзячы на шоу, хлопцы на полі сякуцца на вынік, вырашыў паберагчы сябе, бо ў яго ёсць дзейны кантракт з «Гэлаксі», а атрымаць траўму на штучным манежы ў каталонскім порце было б вельмі сур'ёзнай памылкай.

У канцы лютага за «Парчынас» згуляў сам Раналдзіньё. Яго з'яўленне было абстаўлена досыць пафасна. У відэароліку Ібаі скардзіцца Піке на тое, што ў яго не хапае гульцоў для наступнага матча, седзячы ў рэстаране. Раптам за суседнім столікам аказваецца сам Раналдзіньё, які гатовы згуляць.

На матч Роні прывезлі на спецыяльным брэндзіраваным лімузіне ружовага колеру, а каля ўваходу на арэну яго сустракалі бразільскія музыкі з барабанамі.

Футбаліст з'явіўся на полі, але ў свае 42 гады быў яўна не ў форме, а матч завяршыўся 0:0. Пасля гэтага каманды павінны былі вызначыць пераможцу ў серыі пенальці, але калі арбітр растлумачыў Роні, што тут трэба выконваць буліт, ён хутка адмовіўся: «Я не збіраюся бегчы, няхай іншыя бягуць».

Каманда XBuyer вылучылася па-свойму – там з'явіўся таемны гулец «Энігма 69», які выступаў у масцы байца па рэслінгу і форме , якая поўнасцю закрывае цела. Адразу ж пачаліся здагадкі пра тое, хто гэта можа быць. Выказваліся нават абсалютна фантастычныя тэорыі, што гэта пераапрануты Крышціяну Раналду або дзейны гулец Ла Лігі, які баіцца атрымаць штраф у сваёй камандзе, таму хавае асобу. Самай жывучай аказалася тэорыя, што гэта пяціразовы ўладальнік ЛЧ Іска, які да гэтага часу знаходзіцца без каманды. Тым больш што ў прэсе былі пастаянныя размовы пра тое, што Піке асабіста прапаноўваў яму далучыцца да лігі.

Але рэальнасць аказалася куды больш банальнай, пад маскай хаваўся экс-гулец «Кадзіса» Нана Меса, які з мінулага лета не можа знайсці сабе каманду. Сакрэт раскрылі пільныя заўзятары, якія ў адным з эпізодаў разгледзелі татуіроўку на шыі гульца.

Найбольш эпічна ў «Каралеўскую лігу» уварваўся Ікер Касільяс. Яго імя трымалася ў таямніцы, а з'яўленне легенды «сметанковых» атрымалася грандыёзным: ён заляцеў у студыю на крылах.

Каманда Ібаі Льянаса павінна была сустрэцца супраць каманды Ікера ўжо ў наступным туры, а сам Ібаі мог выкарыстоўваць карту «пенальці ад прэзідэнта» (у гэты момант дзесьці напружыўся Суркіс).

Баск Льянас з'яўляецца даўнім фанатам «Рэала», таму адмаўляўся біць пенальці Касільясу, пакуль у трансляцыі не з'явіўся відэазварот легенд іспанскага футбола, якія прасілі блогера забіць Ікеру. Сеск, Іньеста, Вілья, Альба, Вісэнтэ Дэль Боске і іншыя зоркі звярталіся да хлопца, але вішанькай на торце быў спіч Жазэ Маўрынью: «Я пасадзіў Ікера на лаву запасных, таму ведаю, што ён не такі ўжо і добры. Проста выйдзі і зрабі гэта». Словы партугальца ў літаральным сэнсе звалілі з ног былога галкіпера, які лежачы на падлозе разам з Піке не мог паверыць у тое, што адбываецца.

Праз тыдзень Льянас усё ж выкарыстаў магчымасць прабіцця пенальці пры ліку 2:2. Удар па цэнтры Касільяс не здолеў адбіць, а эмоцыі пасля гала лепш убачыць на свае вочы (асцярожна з гукам).

Пасля гэтага Ікер атрымаў шанец таксама прабіць пенальці, але яго ўдар галкіпер саперніка пацягнуў.

***

Акрамя таго, у камандах «Каралеўскай лігі» паспелі засвяціцца і іншыя зоркі некалькі меншага калібру: Хаў’єр Савіёла, Хонатан Сарыяна, Рауль Тамуда, Рубен да ла Рэд, Жаан Капдэвіла, а былы форвард «Рая» Альберта Буэна – найлепшы бамбардзір і асістэнт лігі. У пачатку сакавіка Піке паведаміў, што ў лізе хутка можа з'явіцца ўладальнік «Залатога мяча» і адзін усім вядомы француз.

Ідэю турніру падтрымаў Жаан Лапорта, які звярнуў увагу на тое, што футбол страчвае маладую аўдыторыю, таму выдумка Піке зусім не цырк, а перспектыўная справа. Хаві таксама падтрымаў былога партнёра, сказаўшы, што ўсё, за што бярэцца Піке, заканчваецца поспехам.

Пераможца першага сезона вызначыцца 26 сакавіка на Камп Ноў. На шоу ўжо прадалі больш за 50 тысяч білетаў, а сам Піке плануе скокнуць на поле стадыёна з парашутам. Жэрар ужо рыхтуе падобную жаночую лігу, а ў маі будзе стартаваць летні сезон мужчынскіх спаборніцтваў.

Здаецца, ён знайшоў ролю, у якой яму максімальна камфортна.

Фота: nssmag, Marca

Іншыя пасты блога

Усе пасты