Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Новыя скандалы ў «Баварыі»: босаў звольнілі праз гадзіну (!) пасля чэмпіёнства, Кану не дазволілі святкаваць з камандай

Новыя скандалы ў «Баварыі»: босаў звольнілі праз гадзіну (!) пасля чэмпіёнства, Кану не дазволілі святкаваць з камандай

Кіміх адкрыта заявіў незадаволенасць такім таймінгам.

30 траўня, 17:15
Новыя скандалы ў «Баварыі»: босаў звольнілі праз гадзіну (!) пасля чэмпіёнства, Кану не дазволілі святкаваць з камандай

Нягледзячы на ўсю інтрыгу ў Бундэслізе, якую каманды трымалі да апошняга тура, «Баварыя» ў адзінаццаты раз запар стала чэмпіёнам Германіі. Героем мюнхенцаў стаў 20-гадовы Джамал Мусіяла, гол якога ў вароты «Кёльна» на апошніх хвілінах стаў не толькі пераможным у матчы, але і чэмпіёнскім у сезоне.

Зрэшты, ужо на чэмпіёнскіх святкаваннях весела было не ўсім – праз гадзіну (!) пасля фінальнага свістка афіцыйны сайт рэкардмайстра абвясціў пра звальненне кіраўніка праўлення клуба Олівера Кана і спартыўнага дырэктара Хасана Саліхаміджыча.

Звальненне босаў «Баварыі» напрошвалася ўжо даўно. Саліхаміджыч павінен быў сысці яшчэ мінулым летам (выратавалі трансферы), усё канчаткова сапсавала сітуацыя з Нагельсманам

На працягу многіх гадоў «Баварыя» стабільна была і застаецца топам у еўрапейскім футболе – як у эканамічным, так і ў спартыўным планах. Клуб кожны год павялічвае свае прыбыткі, нядаўна адносна беспраблемна перажыў каранавірусную пандэмію і працягвае быць фінансавым гігантам у свеце футбола. У той жа момант каманда ўвесь час змагаецца за ўсе магчымыя трафеі (часам здараюцца няўдачы, але без іх немагчыма), колеры мюнхенцаў абараняюць найлепшыя гульцы, а трэніруюць каманду толькі знакамітыя спецыялісты.

Менавіта такой мы прывыклі бачыць «Баварыю» у XXI стагоддзі.

Праўда, у апошні год ідзе нямала размоў пра зусім неспакойную атмасферу ў клубе. Мінулай вясной Роберт Левандоўскі адкрыта фарсіраваў свой сыход з клуба, а Ніклас Зюле раскрытыкаваў кіраўніцтва і падпісаў кантракт з галоўным канкурэнтам мюнхенцаў «Дортмундам». Саліхаміджыч канфліктаваў з ужо экс-трэнерам Юльянам Нагельсманам і быў блізкі да звальнення яшчэ мінулым летам, аднак удалая на паперы трансферная кампанія дапамагла застацца.

Каля 140 млн, выдаткаваных на новыя набыцці, не прынеслі жаданага выніку. Садыа Манэ, які быццам бы і нядрэнна пачаў сезон, зараз лічаць няўдалым трансферам, Раян Гравенберх таксама праваліўся, Нусаір Мазраўі пакінуў дваякія адчуванні, а Матыс Тэль яшчэ пакуль не зарэкамендаваў сябе належным чынам (клуб набыў 17-гадовага талента амаль без вопыту ў прафесійным футболе ажно за 20 млн еўра). Толькі Матэйс дэ Лігт упісаўся ў каманду і адпавядае як уласнаму ўзроўню, так і грашам (67 млн еўра), за якія яго набылі.

У лютым 2023-га крэслы пад Канам і Саліхаміджычам сур'ёзна пахіснуліся, калі «Баварыя» звольніла трэнера брамнікаў Тоні Тапалавіча. Ён працаваў у камандзе больш за 10 гадоў і меў вельмі высокі аўтарытэт сярод футбалістаў, з якімі сябраваў нават па-за трэніровачнай базай. Зрэшты, у Тапалавіча былі сур'ёзныя непаразуменні з Нагельсманам – таму клуб фактычна стаў на бок трэнера, звольніўшы Тоні. Траўміраваны Ноер гучна абураўся і крытыкаваў клуб у інтэрв'ю, а таксама наогул перастаў мець зносіны з Нагельсманам – Юльян на новы сезон хацеў забраць у яго капітанскую павязку і аддаць яе Ёзуа Кіміху.

Што адбылося праз паўтара месяца, вы ўжо ведаеце: мюнхенцы звольнілі Юльяна Нагельсмана!

Як і ў трансфернай палітыцы «Чэлсі» на працягу сезона 2022/23, у рашэннях кіраўніцтва «Баварыі» няма абсалютна ніякай логікі. Тлумачачы прычыны такога рашэння, Саліхаміджыч у інтэрв'ю Sky Sport скардзіўся на вынікі каманды ў чэмпіянаце Германіі і недастатковае развіццё футбалістаў, але зусім не згадаў пра тое, што ўпершыню за многія гады мюнхенцы вымушаны былі гуляць без цэнтрфорварда, які быў ключавой фігурай.

З Нагельсманам «Баварыя» ўсё яшчэ змагалася за трэбл, але незадоўга пасля прызначэння Томаса Тухеля засталася амаль ні з чым – толькі «падарунак» дортмундскай «Барусіі» у апошнім туры Бундэслігі дазволіў рэкардмайстру святкаваць у чэмпіянаце.

Тухеля хацелі хутчэй прызначыць, каб у будучыні пазбегнуць канкурэнцыі з боку «Тотэнхэма» і «Рэала», але ўжо праз некаторы час у клубе пачалі сумнявацца ў правільнасці выбару на карысць Томаса – палохалі нават не прайграныя трафеі, а выява «недастаткова дамінантнага» футбола, які «Баварыя» дэманстравала пад ягоным кіраўніцтвам.

Скандалам усіх скандалаў стала бойка паміж Манэ і Санэ пасля прыніжэння каманды ў Манчэстэры. Паводле «баварскай ДНК», у распранальні можа адбывацца ўсё, што заўгодна, самае галоўнае – каб пра праблемы ў камандзе або ў клубе не даведаліся ў медыя. Зрэшты, пра распачаты яшчэ на футбольным полі канфлікт мюнхенцаў пісалі ўсе, хто толькі мог, а ў «Баварыі» вельмі строга ставяцца да ўласнай антырэкламы.

Збіраць прэс-канферэнцыю і атакаваць журналістаў у адказ (кіраўніцтва мюнхенцаў ужо так рабіла некалькі гадоў таму) на гэты раз не прыйшлося. Клуб зразумеў, што пасля серыі бесперапынных скандалаў трэба прыняць сур'ёзныя меры і нарэшце прыдушыць хаос, у якім у апошні час загразла «Баварыя». І прэзідэнт Герберт Хайнер і ганаровы прэзідэнт Улі Хенес так і паступілі – вырашылі нарэшце развітацца з Канам і Саліхаміджычам.

Пра сваё звальненне і старшыня праўлення клуба, і спартыўны дырэктар ведалі яшчэ да пачатку вырашальнага матча з «Кёльнам» – ім паведамілі ў пятніцу. Газета BILD выдала інсайд, што Кан псіхануў і «вербальна атакаваў» Хайнера падчас тэлефоннай размовы. Сам Олівер дадзеную інфармацыю абверг, але менавіта гэта называюць галоўнай прычынай, чаму легендарнаму ў мінулым галкіперу мюнхенцаў забаранілі наведваць патэнцыйна чэмпіёнскі матч у Кёльне і знаходзіцца побач з камандай.

Ужо пасля паядынку і атрымання чэмпіёнства ў многіх гульцоў рэкардмайстра быў зусім не чэмпіёнскі настрой. Томас Мюлер сказаў, што даведаўся пра звальненне кіраўніцтва праз хвіліну пасля фінальнага свістка, а Кіміху навіну асабіста сказаў Саліхаміджыч – Ёзуа спачатку нават не паверыў.

Ужо падчас чэмпіёнскага парада Кіміх адкрыта раскрытыкаваў таймінг абвяшчэння рашэння па звальненні: «Незалежна ад таго, што вы пра гэта думаеце, клубу варта было пачакаць 2-3 дні, каб абвясціць пра гэта рашэнне. Калі ты выйграеш тытул, а потым атрымліваеш такія навіны, ты нібы садзішся ў ваганетку амерыканскіх горак».

І, здаецца, амерыканскія горкі – гэта менавіта тое, што чакае мюнхенцаў у летняе міжсезонне.

Звальненне Саліхаміджыча можа панесці за сабой праблемы – ключавыя гульцы вагаюцца датычна падаўжэння кантракту, а патэнцыйныя трансферы зрываюцца

Нягледзячы на беспарадак, у якім апынулася «Баварыя», Саліхаміджыч быў важнай фігурай у кадравым планаванні каманды. У Хасана маглі быць праблемы з футбалістамі і трэнерамі, аднак ён мае нядрэнныя адносіны з многімі агентамі (нават расказваў, што для таго каб пераканаць агента Манэ пагадзіцца на пераход у «Баварыю», яму давялося танцаваць з ім у клубе на Мальёрцы).

Цяпер, пасля яго звальнення, Альфонса Дэвіс, напрыклад, не ўпэўнены, ці варта падаўжаць кантракт з мюнхенцамі, які заканчваецца ў 2025-м. «Зараз у «Баварыі» хаатычныя часы. Я нават не ўпэўнены, з кім трэба пра гэта размаўляць. Магчыма, трэба пачакаць да лета 2024-га і паглядзець, як будуць развівацца падзеі», – заявіў агент канадца Нік Хуасэ.

Аналагічная сітуацыя і з магчымым новым кантрактам для Люкі Эрнандэса. Саліхаміджыч праводзіў паспяховыя перамовы пра пралангацыю, але зараз гулец бліжэй да пераходу ў ПСЖ, чым да таго, каб застацца ў Мюнхене.

Перамовы з прадстаўнікамі Хары Кейна і Дэклана Райса таксама праводзіў Саліхаміджыч. І пакуль незразумела, ці будзе клуб спрабаваць падпісаць гэтых футбалістаў улетку.

Замену Кану ўжо знайшлі. Тухель, хутчэй за ўсё, будзе выконваць ролю «Фергюсана» у «Баварыі»

Новым старшынёй праўлення «Баварыі» стаў Ян-Крысціян Дрэзен– аўтарытэтная асоба, якая на працягу 10 апошніх гадоў узначальвала фінансавы аддзел мюнхенцаў. Дрэзен добра знаёмы з усімі клубнымі працэсамі і ўжо прыступіў да выканання абавязкаў на новай пасадзе.

А вось што да замены Саліхаміджычу, то тут сітуацыя значна цяжэйшая. Перахапіць Макса Эберля (спартдыра «Лейпцыга») ці Маркуса Крэшэ (спартдыра «Айнтрахта») будзе амаль немагчыма, а Міхаэль Рэшке (калісьці быў у «Мюнхене» тэхнічным дырэктарам), які працуе ў агенцкай фірме, да працы ў клубе вяртацца не хоча. У перспектыве «Баварыя» разглядае Ар'ена Робена на пасаду спартыўнага дырэктара, але ўсё гэта пакуль выглядае на ўзроўні ідэі.

Хутчэй за ўсё, за трансферную кампанію будуць калектыўна адказваць Тухель, Хенес, Руменіге і Хайнер. І ў такой іерархіі Томас будзе выконваць олдскульную ролю менеджара ў англійскім футболе, калі спецыяліст адначасова выконваў ролю трэнера і функцыянера (тыпу сэра Алекса Фергюсана ў «МЮ»).

Фота: скрыншот трансляцыі Setanta Sports, Tom Weller/picture alliance/Global Look Press, Stefan Matzke, Johannes Simon/REUTERS, CHRISTOF STACHE/AFP/Global Look Press, Frank Hoermann/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты