Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/😨 Знайшоўся чалавек, які здолеў адмовіць Ібрагімавічу. Вы дакладна здзівіцеся, калі даведаецеся хто гэта

😨 Знайшоўся чалавек, які здолеў адмовіць Ібрагімавічу. Вы дакладна здзівіцеся, калі даведаецеся хто гэта

Златан шакаваў Пірса Моргана.

Аўтар — Alex Zagorski
9 кастрычніка, 04:03
😨 Знайшоўся чалавек, які здолеў адмовіць Ібрагімавічу. Вы дакладна здзівіцеся, калі даведаецеся хто гэта

Новым госцем брытанскага журналіста Пірса Моргана стаў былы шведскі форвард «Барселоны», «Ювентуса» і «Мілана» Златан Ібрагімавіч. Футбаліст, які скончыў кар'еру ўлетку 2023-га, вядомы сваім непрыхаваным эга і эпатажам – нярэдка ён параўноўвае сябе з богам, а ягоныя прамовы часцяком быццам бы ўзятыя з «пацанскіх цытатнікаў».

Ды што расказваць пра рэпутацыю Златана, вы самі ўсё ведаеце. Але як раз з улікам характару Ібрагімавіча ў інтэрв'ю з Морганам знайшлася цікавостка – аказваецца, існуе чалавек, здольны адмовіць шведу і застацца ў жывых. Больш за тое, пасля негатыўнага адказу з ім можна разам гадаваць дзяцей.

Як вы ўжо здагадаліся, гаворка пра дзяўчыну Ібрагімавіча – шведскую актрысу і фотамадэль Хелен Сегер. Са Златанам яны пазнаёміліся больш за 20 гадоў таму ў Мальмё, дзяўчына старэйшая за спартсмена на 11 гадоў.

Прычым першая сустрэча прайшла, мягка кажучы, не вельмі добра:

– Ён няправільна прыпаркаваў свой «Ферары» на стаянцы. Ён зрабіў гэта так, што мой «Мэрсэдэс» не змог выехаць. Даволі груба я сказала яму, каб ён неадкладна прыбраў сваё аўто. І так, ён убачыў нешта, што яму спадабалася ўва мне, – распавядала Сегер.

Цяпер жа яшчэ адну таямніцу пары адкрыў сам Ібрагімавіч:

– Я рабіў ёй прапанову рукі і сэрца, але яна сказала «не». Яна такая моцная... Гэта было некалькі гадоў таму, праз 20 гадоў я сказаў, што яна заслугоўвае, каб выйсці замуж за мяне. Яна адказала: «Мне не трэба выходзіць за цябе, каб быць з табой». Яна моцная, вельмі моцная.

На пытанне Моргана, ці будзе Златан рабіць другую спробу, той адказаў катэгарычна:

– Я не буду спрабаваць ізноў, у яе быў адзін шанс, другога не будзе. Але ў яе ёсць два сына ад мяне, гэта нават больш важна, чым ажаніцца.

Ібрагімавіч і Сегер сустракаюцца з 2002 года. Пара гадуе двух сыноў – Максімільяна (16 гадоў) і Вінсента (14).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты