Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Шпілеўскаму ў «Арысе» дапамагае беларус: з шэфам на полі абыграў Італію, атрымаў ЧБ-дэбют у БАТЭ ад Ганчарэнкі, у Брэсце трэніраваў пераможцаў «Рэала»

Шпілеўскаму ў «Арысе» дапамагае беларус: з шэфам на полі абыграў Італію, атрымаў ЧБ-дэбют у БАТЭ ад Ганчарэнкі, у Брэсце трэніраваў пераможцаў «Рэала»

Аднойчы зламаў нагу з-за купіны.

Аўтар — bytribuna com
1 лютага 2023, 12:00
2
Шпілеўскаму ў «Арысе» дапамагае беларус: з шэфам на полі абыграў Італію, атрымаў ЧБ-дэбют у БАТЭ ад Ганчарэнкі, у Брэсце трэніраваў пераможцаў «Рэала»

Кіпрскі «Арыс» – самая беларуская каманда Еўропы: клубам валодае таямнічы бізнесмен Уладзімір Фёдараў, пасаду дырэктара па маркетынгу займае экс-супрацоўнік незалежных медыя Аляксей Дазорцаў, галоўным трэнерам з'яўляецца Аляксей Шпілеўскі, пад яго кіраўніцтвам выступае Яўген Яблонскі, а нядаўна ў клуб прыйшоў яшчэ і Арцём Шуманскі (праўда, адразу траўмаваўся).

На гэтым беларускае прадстаўніцтва ў Лімасоле не заканчваецца – у штаб Шпілеўскага ўваходзіць яго аднагодка, 35-гадовы Аляксандр Калацэй. Успомнім, як выхаванец мінскага «Дынама» дэбютаваў у дарослым футболе ў складзе БАТЭ, зламаў на трэніроўцы нагу з-за няроўнага газона, а таксама перасякаўся з цяперашнім непасрэдным начальнікам да Кіпра.

Дэбютаваў у БАТЭ пасля школы мінскага «Дынама»

Калацэй з'яўляецца выхаванцам сталічнага «Дынама». Перад сезонам-2004 тагачасны трэнер дубля «бела-блакітных» Сяргей Яромка нават прыцягваў 16-гадовага гульца да трэніровак у складзе рэзервістаў, але згуляць не даў. А неўзабаве Калацэй перайшоў у БАТЭ.

У заяўку на матчы першай каманды футбаліст трапляў яшчэ па ходзе чэмпіянату-2006, а ў сезоне-2007 дэбютаваў у асноўным складзе «жоўта-сініх» – у красавіцкім паядынку ЧБ супраць «Смаргоні» (4:2) Віктар Ганчарэнка, які выконваў абавязкі галоўнага трэнера барысаўчан (Ігар Крывушэнка перанёс інфаркт і знаходзіўся ў бальніцы), выпусціў 19-гадовага форварда, з якім некаторы час працаваў у дублі, на 65-й хвіліне сустрэчы замест Віталя Радзівонава.

Праз два тыдні Ганчарэнка даў Калацэю некалькі хвілін у кубкавым матчы супраць «Мінска» (1:0). Пасля гэтага Аляксандр яшчэ некалькі разоў трапляў у заяўку асновы, але на полі ўжо не з'яўляўся, а ўлетку 2007-га перайшоў у «Віцебск».

Зламаў нагу на трэніроўцы, спатыкнуўшыся на купіне

У «Віцебску» гульца перакваліфікавалі з нападаючага ў паўабаронцу. За тры з паловай гады на поўначы краіны Калацэй правёў усяго толькі 33 матчы ў вышэйшай лізе (больш за палову сустрэч згуляў пры Аляксандры Хацкевічы), адзначыўшыся за гэты час адной галявой перадачай.

Адным з самых памятных эпізодаў за гэты перыяд у клубе стала траўма хаўбека, атрыманая ім на адной з трэніровак. Падчас паскарэння Аляксандр спатыкнуўся на купіне і зваліўся, адчуўшы хруст у назе – аказалася, што гэта пералом асновы пятай плюсневай косткi. Пазней сам гулец расказваў, што гульцы не раз прасілі кіраўніцтва клуба звярнуць увагу на жахлiвы стан трэніровачнага поля, але іх ігнаравалі. Таксама Калацэй, якому спатрэбілася аперацыя, заявіў, што за час аднаўлення ніхто з трэнерскага штаба Юрыя Канаплёва і кіраўнікоў не цікавіўся ў гульца, як яго здароўе.

Акрыяўшы пасля траўмы, у клуб футбаліст ужо не вярнуўся, падпісаўшы кантракт з першалігавай «Хваляй». Больш за калектывы вышэйшай лігі Аляксандр не выступаў – акрамя Пінска былі «Граніт», «Смалявічы» і гомельскі «Лакаматыў». Пасля сезона-2016 Калацэй у 28 гадоў завяршыў кар'еру.

Выклікаўся ў маладзёжную зборную, якая потым узяла бронзу Еўра

Калацэй-гулец прайшоў усю вертыкаль юнацкіх і маладзёжных зборных. У 2009-м паўабаронца атрымаў выклік на матчы маладзёжнай зборнай Георгія Кандрацьева, якая ў 2011-м узяла бронзавыя медалі Еўра. Хаўбек нават прыняў удзел у трох таварыскіх паядынках і запрашаўся ў каманду ў пачатку кваліфікацыі да таго турніру, але затым перастаў трапляць у спісы Кандрацьева з-за адсутнасці гульнявой практыкі ў клубе.

Гуляў са Шпілеўскім у юнацкай зборнай і браў яго бацьку ў агенты

Знаёмства Шпілеўскага і Калацэя адбылося яшчэ ў 2004-м – Аляксей тады гуляў у сістэме «Штутгарта» і быў, як і Аляксандр, выкліканы Пятром Міхеевым у склад зборнай Беларусі U-17 на адбор да Еўра-2005. У той зборнай таксама гулялі будучыя вядомыя па беларускіх мерках футбалісты Ягор Філіпенка, Станіслаў Драгун, Міхаіл Сівакоў, Алег Вераціла і Дзмітрый Рэкіш.

Каманда тады кваліфікавалася ў фінальную частку турніру. І незадоўга да яе агентам Аляксандра стаў бацька Аляксея Мікалай Шпілеўскі. Ён прапанаваў свае паслугі гульцу пасля мінскага Кубка развіцця, які штогод праходзіць у сталічным манежы ў пачатку года – беларуская зборная тады ўзяла сярэбраныя медалі.

На Еўра зборная U-17 заняла ў групе апошняе месца – нечакана абыграла італьянцаў, але буйна саступіла англiчанам і туркам, якія сталі чэмпіёнамі. Калацэй выходзіў у стартавым складзе на кожны з трох паядынкаў, а іх са Шпілеўскім-малодшым трэнер нават адзначыў у пераможным матчы з італьянцамі. Аднак Аляксей пазней расказваў, што на турніры гуляў на ўколах – да таго ў «Штутгарце» надарваў спіну. У выніку праблема аказалася настолькі сур'ёзнай, што кар'еру футбаліста прыйшлося завяршыць.

Трэніраваў у брэсцкім «Дынама» тых, хто абыгрываў «Рэал» і «Атлетыка»

У 2018-м, калі Шпілеўскі нядоўга ўзначальваў брэсцкае «Дынама», Калацей таксама працаваў у сістэме клуба – быў трэнерам каманды U-15. Пад яго кіраўніцтвам дынамаўскія юнакі нямала пашумелі. Напрыклад, у сакавіку 2019-га з'ездзілі ў Іспанію, дзе па чарзе абыгралі каманды «Атлетыка» (4:0) і мадрыдскага «Рэала» (5:3) – праўда, высветлілася, што сапернікі брастчан былі на год маладзейшыя. А праз некалькі месяцаў «Дынама» U-15 стала першым на міжнародным турніры ў Шатландыі, дзе ў саперніках былі «Арсенал», «Ліверпуль», «Селтык», «Глазга Рэйнджэрс» і некалькі іншых каманд вядомых клубаў.

Некалькі футбалістаў той каманды ўжо дэбютавалі ў вышэйшай лізе: нападаючы Цімафей Мартынаў сезон-2022 правёў у «Мінску» (14 матчаў, 0+1), а хаўбек Арцём Турыч – у «Энергетыку-БДУ» (15 матчаў, 1+1).

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты