Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Мы хвалюемся, што чэмпіянат Беларусі дэградуе, але адразу 4 яго прадстаўнікі ў топ-200 маладых гульцоў свету. Ззаду гульцы «Чэлсі», «Порту», «Аякса»

Мы хвалюемся, што чэмпіянат Беларусі дэградуе, але адразу 4 яго прадстаўнікі ў топ-200 маладых гульцоў свету. Ззаду гульцы «Чэлсі», «Порту», «Аякса»

Згодныя з аналітыкамі?

Аўтар — bytribuna com
28 красавіка 2023, 09:38
Мы хвалюемся, што чэмпіянат Беларусі дэградуе, але адразу 4 яго прадстаўнікі ў топ-200 маладых гульцоў свету. Ззаду гульцы «Чэлсі», «Порту», «Аякса»

У сераду міжнародны цэнтр спартовых даследаванняў CIES Football Observatory апублікаваў свой 419-ы штотыднёвы пост. На гэты раз футбольныя аналітыкі прэзентавалі спіс з 200 самых перспектыўных па іх версіі футбалістаў узростам да 20 гадоў з 75 ліг планеты. Гульцоў падзялілі па дзесяці пазіцыях на полі і на кожную вылучылі 20 чалавек.

Самым перспектыўным маладым футбалістам па версіі CIES Football Observatory з'яўляецца 18-гадовы паўабаронца "Барселоны" Гаві. А вось на больш сціплыя месцы ў топ-200 патрапілі чацвёра прадстаўнікоў чэмпіянату Беларусі. Дзіўна, калі ўлічваць, што нашыя каманды апошнім часам максімум праходзяць адзін раунд у еўракубках. Адкуль тады ўвага?

Расказваем, як складаецца рэйтынг CIES Football Observatory і хто з футбалістаў ЧБ у яго патрапіў.

Як складалі рэйтынг

Свае рэйтынгі даследчыкі грунтуюць на статыстычных звестках за апошні год. Ключавым паказчыкам аналітыкі лічаць experience capital method - метад назапашвання вопыту. Яго распрацавалі ў CIES Football Observatory.

Experience capital method улічвае каэфіцыенты лігі, дзе выступае той ці іншы клуб футбаліста. Каб ранжаваць чэмпіянаты, улічваюцца вынікі міжнародных клубных спаборніцтваў за апошнія пяць гадоў. Вядома, што наймацнейшай лігай даследчыкі лічаць іспанскую. За ёй ідуць Англія, Германія, Італія, Бразілія і Францыя. Знаходжанне клуба ў другім дывізіёне дзеліць каэфіцыент на два.

Затым падобным чынам ранжуюць каманды ў кожнай лізе. За аснову раздачы каэфіцыентаў бяруць вынікі выступлення ва ўнутраным чэмпіянаце за апошні год.

Акрамя experience capital method даследнікі абапіраюцца яшчэ на тры паказчыкі: match level - вынік асобна ўзятага матчу і ўзровень суперніка, minutes played - хвіліны на полі за апошні год, age - узрост. На тле чатырох пералічаных паказчыкаў выводзяць выніковы рэйтынг гульца.

Хто патрапіў з «вышкі»

У топ-20 сярод брамнікаў адразу двое футбалістаў з беларускай вышэйшай лігі. Галкіпер БАТЭ Андрэй Кудравец у рэйтынгу саступае толькі прадстаўніку "Леўскі" Пламену Андрэеву. На фоне астатніх варатароў падпісант за Лукашэнку вылучаецца стабільнай гульнявой практыкай, якую мае ў Барысаве. Шмат у чым дзякуючы гэтаму Кудравец абышоў галкіпера «Чэлсі» Габрыэля Сланіну, які ў свае 18 нагуляў 41 матч у МЛС. Ніжэй за барысаўца знаходзіцца і брамнік маскоўскага «Лакаматыва» Данііл Худзякоў, які правёў практычна ўсе матчы восеньскай часткі сезону ў расейскай прэм'ер-лізе.

Адзначым, што CIES Football Observatory у жніўні 2022-га ўжо публікавала сусветны рэйтынг, таксама прысвечаны маладым футбалістам. Там Кудравец сярод усіх гульцоў 2003 года нараджэння заняў 20-е месца.

Другім прадстаўніком беларускай «вышкі» ў варатарскім топ-20 з'яўляецца Арцём Каратай. 19-гадовы галкіпер "Славіі", правы на якога належаць мінскаму "Дынама", даволі нечакана апынуўся на 17-м месцы. У паслужным спісе Каратая ўсяго тры матчы ў вышэйшай лізе, у якіх ён прапусціў два мячы. Мінулы сезон кіпер правёў у арэндзе ў «Астраўца» ў першай лізе, дзе за дзевяць матчаў прапусціў восем разоў.

У варатарскім рэйтынгу Каратай апярэджвае першага нумара нямецкага "Ян Рэгенсбурга" (Д2) Ёнаса Урбіга і галкіпера маладзёжкі "Порту" Гансалу Рыбейра.

Сярод цэнтральных абаронцаў 15-ю пазіцыю трымае Абдукадзір Хусанаў. Футбаліст у свае 19 ужо другі сезон стабільна выходзіць у старце "Энергетыка-БДУ". Шматлікія перамогі "студэнтаў" у мінулым сезоне дапамаглі ўзбеку набіць нядрэнны рэйтынг па версіі CIES Football Observatory.

Хусанаў абышоў у рэйтынгу абаронцаў стартавага складу куды больш знакамітых клубаў. Ззаду знаходзяцца Ёрнэ Спілерс з «Бруге», Леапольд Кверфельд з «Рапіда», Себасцьян Коша з трнаўскага «Спартака» і Ёрэл Хата, які актыўна рвецца ў лік 11 першых «Аякса».

Хусанаў не ўпершыню фігуруе ў спісах CIES Football Observatory. Мінулым летам ён заняў 44-е месца ў сусветным рэйтынгу сярод футбалістаў 2004 года нараджэння і маладзейшых.

Сярод апорных паўабаронцаў на 15-м месцы знаходзіцца капітан "Мінска" Данііл Душэўскі. 19-гадовы хлопец ужо другі сезон запар стабільна з'яўляецца ў старце "гараджан". Ды і сама каманда 2022-і скончыла на высокім для сябе шостым радку. Гэтыя фактары паспрыялі траплянню ў сусветны топ-20 маладога апорніка.

Вы можаце памятаць гэтага гульца па класным голе ў вароты БАТЭ - яго ўдар на старце гэтага сезона прынёс зусім маладому «Мінску» нічыю.

Душэўскі стаіць у рэйтынгу вышэй за гульцоў моладзевых зборных мацнейшых у футбольным плане краін - датчаніна Вільяма Клема ("Капенгаген"), уругвайца Ігнасіа Сосы ("Фенікс"), ізраільцяніна Эль-Яма Канчэпольскі ("Хапаэль" Тэль-Авіў), украінца Марка Сапугі («Рух» Львоў) і партугальца Дарыу Эсугу («Спортынг»).

Адзначым, што з рэйтынгаў CIES Football Observatory вылецеў нападаючы "Арыса" Арцём Шуманскі. Мінулым летам беларус займаў 37-е месца сярод футбалістаў 2004 года нараджэння і маладзейшых. 18-гадовы форвард апошні раз з'яўляўся на полі ў афіцыйным матчы ў лістападзе 2022-га. Потым гулец перабраўся ў чэмпіянат Кіпра. Тамака перанёс аперацыю на калене, ад якой зусім нядаўна аднавіўся.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты